Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 1 сьнежня: «Смак Беларушчыны» ў Менску, малітва за случакоў у Вільні


Брама Базылянскіх муроў у Вільні

Брама Базылянскіх муроў у Вільні

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Беларуская імша адбудзецца ў нядзелю 1 сьнежня а 12:00 у Сьвятатраецкай царкве ў Базылянскіх мурох у Вільні (Aušros Vartų gatvė, 9). Будуць маліцца аб Беларусі, а таксама ўзгадаюць герояў і ахвяр Слуцкага паўстаньня.

У галерэі «Ў» пройдзе прэзэнтацыя кнігі гісторыка і літаратуразнаўца Генадзя Кісялёва «Смак Беларушчыны». У прэзэнтацыі возьмуць удзел Уладзімер Арлоў, Адам Мальдзіс, Арсен Ліс, Міхась Тычына, Кастусь Цвірка, Язэп Янушкевіч. Пачатак а 18.00.

У кінатэатры «Перамога» пачнецца дзесяцідзённы фэстываль фільмаў «Чалавечая годнасьць, роўнасьць і справядлівасьць», арганізаваны супольна Прадстаўніцтвам ААН і Прадстаўніцтвам Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі. У праграме фэстывалю – мастацкія фільмы, прадстаўленыя амбасадамі Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Украіны, Кубы. ЗША, Італіі, якія адлюстроўваюць самыя розныя аспэкты правоў чалавека. Пачатак сэансаў а 19.00.

У Палацы спорту ў Менску пройдзе матч Эўрапейскай лігі чэмпіёнаў па гандболе паміж «Дынама» (Менск) і «Пары-сэн-Жэрмэн» (Францыя). Пачатак у 17.00.

У Харватыі праходзіць рэфэрэндум адносна забароны аднаполых шлюбаў.

1 сьнежня – Усясьветны дзень барацьбы са СНІДам.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1913 – устаноўлена першая лінія канвэернай зборкі на заводзе кампаніі «Ford Motor Company».

1920 – ва Ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні створаны Беларускі студэнцкі саюз.

1943 – скончылася Тэгеранская канфэрэнцыя, у якой узялі ўдзел лідэры трох дзяржаў: Франклін Рузьвэльт (ЗША), Уінстан Чэрчыль (Вялікабрытанія) і Іосіф Сталін (СССР). На канфэрэнцыі, сярод іншага, была прынятыя рашэньні па адкрыцьці другога фронту ў Францыі і ўступленьні СССР у вайну зь Японіяй пасьля разгрому нацысцкай Нямеччыны. Была таксама прынятая прапанова Чэрчыля пра тое, што прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволеныя за кошт Нямеччыны, а мяжа Польшчы на ўсходзе павінна ісьці па лініі Керзана.

1991 – прэзідэнцкія выбары ва Ўкраіне і Ўсеўкраінскі рэфэрэндум аб незалежнасьці.

У гэты дзень нарадзіліся:

1792 – Мікалай Лабачэўскі, расейскі матэматык, стваральнік геамэтрыі Лабачэўскага.

1867 – Ігнацы Масьціцкі, польскі хімік, прэзыдэнт Польшчы (1926–1939).

1935 – Вудзі Ален, амэрыканскі рэжысэр, актор, сцэнарыст, пісьменьнік.

У гэты дзень памерлі:

1973 – Давід Бэн-Гурыён, першы прэм’ер-міністар Ізраілю.

1989 – Мікалай Патолічаў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, у 1950-1956 – першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі.

ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:

«Багацьце адрозьніваецца ад беднасьці толькі з фінансавага пункту гледжаньня».

«Пасьціцца – вялікая памылка. Асабліва на пусты страўнік».

«Посьпех шлюбу ня столькі ў тым, каб знайсьці ідэальнага партнэра, колькі ў тым, каб самому быць ідэальным партнэрам».

Вудзі Ален

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG