Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты: цяпер і дванаццаць гадоў таму


Каля Курапатаў распачаліся будаўнічыя працы: пашыраюць дарогу Заслаўе — Калодзішчы, якая ў выніку закране ахоўныя зоны ўрочышча. Абаронцы Курапатаў параўноўваюць новае дарожнае будаўніцтва з пашырэньнем аб’язной дарогі ў 2001 годзе. Ці магчымая зараз масавая акцыя ў абарону Курапатаў?

Дванаццаць гадоў таму ў Курапатах паўстаў намётавы лягер, дзе цягам некалькіх месяцаў днявалі і начавалі дзясяткі людзей, каб не дапусьціць руйнаваньня курапацкіх магілаў. Адным з тых абаронцаў быў былы палітвязень Цімох Дранчук:

Цімох Дранчук

Цімох Дранчук

Артур Фінькевіч

Артур Фінькевіч

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

«У мяне — як у тым узросьце, так і зараз — проста ня ўкладвалася ў галаве, што гэтае месца можна зруйнаваць, пабудаваць дарогу ці яшчэ нешта. І таму мы змагаліся за гэтае месца і яго абаранялі. А што адбываецца цяпер, дык падзеі крыху апранутыя ў дыпляматычную форму (я маю на ўвазе і „Бульбаш-хол“, і новую дарогу), бо ўлады таксама вучацца на сваіх памылках. Але адбываецца тое ж, што і дванаццаць гадоў таму. А чаму зараз няма намётаў, дык па той жа прычыне, па якой няма і такіх плошчаў, як дзесяць гадоў таму, няма такіх акцый, калі тысячы выходзілі на вуліцы. На жаль, прыйшоў іншы час, калі людзі значна менш вераць у пэрспэктывы перамогі і значна больш баяцца рэпрэсіяў».

Бараніць Курапаты ў тыя гады прыходзіла ня толькі моладзь, але таксама людзі самага рознага веку. Гэта засьведчыў яшчэ адзін абаронца Курапатаў, былы палітвязень Артур Фінькевіч:

«Асабліва ў першыя дні там па 100-200 чалавек знаходзілася; начавалі па некалькі дзясяткаў чалавек. Там была моладзь з розных палітычных партыяў і рухаў, і ня толькі моладзь. Прыходзілі мясцовыя жыхары, проста неабыякавыя людзі, якія прыносілі гарачую ежу, гарачыя напоі і гэтак нас падтрымлівалі, выказвалі салідарнасьць. Бо людзі ведалі, што гэта знакавае месца ў гісторыі Беларусі. На той момант сытуацыя была крыху іншая, калі яе параўноўваць зь цяперашнім часам. І ў колькасным складзе дэмакратычныя сілы былі больш моцныя, і агулам сытуацыя, мне падаецца, была іншай. Беларусь не была настолькі закрытай, якой яна ёсьць цяпер. Цяпер павялічыўся страх — людзі сталі больш баяцца. Ці магчымая цяпер абарона Курапатаў? У тым фармаце, пэўна, наўрад ці, цяпер складана нешта падобнае ўявіць».

Яшчэ адзін абаронца Курапатаў, былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч перакананы, што абарона Курапатаў можа адбыцца і зараз:

«Намі, маладымі актывістамі, перадусім рухала абурэньне, што ў гэтай дзяржавы няма нічога сьвятога. Калі ставяць будынкі і кладуць дарогі на месцы пахаваньняў — дык гэта невытлумачальна ніякімі палітычнымі ці якімі іншымі стратэгіямі. Таму мы тады і ночылі там, і стаялі суткамі, гатовыя нават жыцьцём ахвяраваць, бо стаялі, калі нават бульдозэры ішлі. Гэта натхняла нас на перамогу пасьля тых, ніякіх, так званых прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Я мяркую, што ёсьць патэнцыял, каб і зараз гэтая абарона працягвалася».
Пашырэньне кальцавой дарогі цераз Курапаты, 2001 год

Пашырэньне кальцавой дарогі цераз Курапаты, 2001 год

Абарона Курапатаў, 2001 год

Абарона Курапатаў, 2001 год

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG