Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская прадпрымальніца: «Нам не даюць працаваць!»


У Гомелі многія індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рэчавых рынках, пакуль не заплацілі неабходныя падаткі, каб працаваць у сьнежні.

Няпэўнасьць з увядзеньнем абавязковых сэртыфікатаў на прамысловыя вырабы вымушаюць прадпрымальнікаў да абачлівасьці й спараджаюць страйкавыя настроі. Гандляры гатовыя ў сьнежні наагул ня выйсьці на працу.

Каго б з прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку ні спытаў наконт працы ў сьнежні, кожны адказвае прыкладна так, як і спадарыня Антаніна:

«Ня ведаем, што рабіць. Пакуль падаткі ня плацім. Хочам крыху пачакаць ці наагул адмовіцца ад гэтай працы, бо ўжо немагчыма. Калі мы купляем тавары, нам ніхто ня можа даць гэтыя дакумэнты. Расея, наколькі вядома, яшчэ не прыняла закон на гэты конт, Казахстан таксама не прыняў. А мы ж купляем тавар альбо ў Расеі, альбо ў Казахстане. Нам не даюць ні тавара-транспартных накладных, ні сэртыфікатаў. І мы ня можам тут паказаць іх на свой тавар. Я зьвязвалася з расейскімі прадпрыемствамі — нават учора тэлефанавала, — дык нават у расейскіх прадпрыемстваў няма сэртыфікатаў, якія патрабуюць у нас».

Суразмоўніца кажа, што ўлады нібыта наўмысна выпіхваюць дробных прадпрымальнікаў, сярод якіх багата маладых жанчын, на вуліцу:

«Нас выкідваюць! Паглядзіце, якія маладыя — чым ім дзяцей карміць? Гэта іх адзіная крыніца даходу. Мы ўсе ў гаротным стане. Не патрэбныя мы нашай дзяржаве».

Прадпрымальніца Людміла апавяла, што нядаўна іх правярала санстанцыя: патрабавала мець да кожнага найменьня тавару цэтлікі з назвай тавару й ягонымі памерамі.

Што будуць патрабаваць у сьнежні — тлумачэньняў не давалі. Таму й ня стала прадпрымальніца рыхтавацца да працы ў сьнежні:

«Я не плаціла падатак. Чакаю, што будзе зь першага сьнежня. Якія будуць у дачыненьні да нас санкцыі? І што будуць наагул патрабаваць? Ніхто не дае ніякіх тлумачэньняў. Спытала ў падаткоўцаў, а тыя: „У нас няма ніякай інфармацыі, апрача той, што трэба плаціць падатак уключна з падаткам на даданую вартасьць“. Пра астатняе — маўчаць. У нас тут была праверка санстанцыі — і яны на нашыя пытаньні нічога не адказалі. Я асабіста бяру тавары ў Маскве, у гандлёвым цэнтры „Любліно“, — дык у іх няма ніякіх дакумэнтаў».

Спадарыня Тацяна, якая таксама працуе на Цэнтральным рынку, лічыць, што зараз лепей наагул не працаваць. І крытыкуе прапанову некаторых чыноўнікаў аб’ядноўвацца ў гурты і ехаць гуртам у тую ж Маскву, каб набываць тавары ў трох вядомых фірмаў, якія нібыта маюць сэртыфікаваныя вырабы:
Мы што, адным таварам павінны гандляваць? Гэта таксама бессэнсоўна. Няма ніякай лёгікі. Мы ня плацім падаткі й плаціць ня будзем. І працаваць ня будзем

«Мы што, адным таварам павінны гандляваць? Гэта таксама бессэнсоўна. Няма ніякай лёгікі. Мы ня плацім падаткі й плаціць ня будзем. І працаваць ня будзем — гэта адназначна. За сьнежань ня будзем плаціць — і ня плацім. Толькі нулявыя дэклярацыі пададзім — і ўсё. Нам не даюць працаваць».

Абкладаючы прадпрымальнікаў усё новымі патрабаваньнямі, уладныя структуры падштурхоўваюць іх да страйкаў і нават да фізычнага супраціву.

Нядаўна на згаданым Цэнтральным рынку адбыўся такі інцыдэнт. Прадпрымальнікі прагналі прадстаўнікоў Прамыслова-гандлёвай палаты й мясцовага Цэнтру стандартызацыі — тыя ўжо ў лістападзе прыйшлі патрабаваць ад прадпрымальнікаў і сэртыфікаты, і тавара-транспартныя дакумэнты:

«Было такое. Калі яны да нашых людзей падышлі, прадпрымальнікі іх проста выціснулі. Выціснулі правяраючых з Прамыслова-гандлёвай палаты — не далі ў крыўду людзей. Мы іх выгналі».

Напружаная сытуацыя складваецца і ў гандлёвым цэнтры «Сакрэт». Тут, апрача сэртыфікатаў на тавары, якія патрабуюць дзяржаўныя структуры, уласьнік — менская фірма «НП-Сэрвіc» — увесь час падвышае арэнду. Прадпрымальнікі вымушаныя згортваць свой бізнэс альбо шукаць сабе месца на тых жа рынках ці нават па-за межамі краіны.
XS
SM
MD
LG