Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паганяйла: улада выкарыстоўвае відэаназіраньне дзеля кампрамату на апанэнтаў


Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка дазволіў сілавым структурам і падразьдзяленьням па надзвычайных сытуацыях падлучацца да сыстэмы відэаназіраньня, каб атрымліваць відэасыгнал ў рэжыме рэальнага часу.

Адмысловы прэзыдэнцкі ўказ «Аб пытаньнях стварэньня і ўжываньня сыстэмы відэаназіраньня ў інтарэсах забесьпячэньня грамадзкага парадку» пачаў дзейнічаць 29 лістапада.

Раней для такога падлучэньня сілавікоў да сыстэмы відэаназіраньня была патрэбная адмысловая санкцыя.

Ва ўказе гаворыцца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў могуць падлучацца да сыстэмы відэаназіраньня «для выкананьня задач прафіляктыкі, выяўленьня (раскрыцьця) і спыненьня злачынстваў, іншых правапарушэньняў, а таксама папярэджаньня і ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў».

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначае, што, з аднаго боку, «грамадзкая бясьпека і грамадзкі парадак часам наступаюць на горла песьні пра правы чалавека, і мы з гэтым павінныя зьмірыцца дзеля агульнай бясьпекі».

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

«Аднак, калі мы маем справу зь недэмакратычнай уладай і неправавой дзяржавай, якая не абапіраецца на закон, а перасьледуе свае эгаістычныя мэты: барацьба зь іншадумствам і пратэстамі, сходамі — такая ўлада нярэдка выкарыстоўвае відэаназіраньне, каб умешвацца ў прыватнае жыцьцё і шукаць кампрамат супраць апанэнтаў. Розьніца толькі ў тым, зь якімі мэтамі выкарыстоўваць гэтыя новаўвядзеньні», — адзначае Паганяйла.

«У шмат якіх краінах ёсьць згода дзяржавы і грамадзтва выкарыстоўваць тэхналёгіі відэаназіраньня для аховы грамадзкага парадку. Прыкладам, у Лёндане „праглядаюцца“ ўсе вуліцы, падыходы да ўсіх грамадзкіх будынкаў утыканыя відэакамэрамі. Паліцыя і адпаведныя службы маюць магчымасьць назіраць у рэжыме рэальнага часу і, калі трэба, умешвацца. А ў нас здымкі грамадзкага актывіста, які вяртаецца з гасьцей, дзе крыху не разьлічыў свае сілы і заўважна „перагрузіўся“, тэарэтычна могуць быць выкарыстаныя, каб ачарніць гэтага чалавека», — адзначае праваабаронца Гары Паганяйла.
XS
SM
MD
LG