Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тры парады, як супрацьстаяць хаосу жыцьця


Няма чаго хаваць — калі пасьля лета надыходзіць восень, наш настрой выразна пагоршваецца. Магчыма, ад таго, што мы правялі лета непрадуктыўна і бяздумна, або ад таго, што і восеньню нам ня вельмі хочацца стаць прадуктыўнымі і ўдумлівымі.

Што рабіць, каб пад канец году не дазволіць, каб намі авалодала апатыя, незадавальненьне і пачуцьцё безнадзейнасьці? Вось парады з амэрыканскага сайту The Huffington Post.

1. Няма на гэтым сьвеце нічога дасканалага



Адна з прычын, дзеля якой мы паддаемся стрэсу і пачуцьцю апатыі, хаваецца ў нашым спадзяваньні, што ўсё ў гэтым сьвеце павінна адбывацца акуратным і арганізаваным чынам. Калі так не адбываецца, мы расстройваемся і пачынаем шукаць вінаватых.

Рэальнасьць аднак такая, што дасканаласьць сьвету — гэта ілюзія. Мы жывем у сьвеце, у якім адбываецца шмат невытлумачальнага і непрадказальнага, у сьвеце, у якім няма ідэальнай працы, ідэальнай кар’еры і ідэальных адносін. Хаос жыцьця не ашчаджае нікога.

Таму ня варта чакаць, каб усё было ідэальна. Трэба прымаць рэчы такімі, якімі яны ёсьць. Усьвядоміўшы сабе, што няма нічога дасканалага, мы можам адчуць сябе больш свабодна і пазбавіцца ад адчуваньня віны за ўсё тое, што ў жыцьці не ідэальнае і не дасканалае.


2. Мы ня можам кантраляваць хаос. Але мы можам кантраляваць сябе.



Наша няздольнасьць справіцца з непрадказальнасьцю жыцьця да значнай меры зьвязаная з нашым няправільным разуменьнем кантролю. Нас расстройвае хаос жыцьця, бо мы адчуваем сябе бездапаможнымі з-за таго, што страцілі кантроль над рэчамі і падзеямі.

Насамрэч мы можам эфэктыўна кантраляваць толькі свае паводзіны. Калі мы гэта сабе ўсьвядомім, мы перастанем намагацца кантраляваць сфэры жыцьця, якія не падлягаюць нашаму кантролю, і накіруем такія намаганьні на сытуацыі, якія датычаць наўпрост нас і ў якіх мы можам дасягнуць станоўчых вынікаў самакантролю.

3. Дзеяньне выклікае станоўчыя эмоцыі



Такое мноства інфармацыі, якая паступае да нас са СМІ, ад нашых сяброў і калегаў, можа вельмі лёгка перагрузіць нас і паралізаваць нашу волю да дзеяньня. Мы наогул аддаём перавагу аналізу сытуацыі, спадзеючыся, што больш інфармацыі дапаможа нам прыняць больш правільнае рашэньне. Аднак шлях наперад не абавязкова пракладае большая колькасьць інфармацыі, а якраз больш дзеяньняў.

Ад дзеяньня, нават калі яно невялікае сваім абсягам, мы атрымліваем пачуцьцё ўпэўненасьці і кантролю, якое часта губляецца на працягу напружанага дня. Бачачы адразу плён сваіх дзеяньняў, мы атрымліваем зарад пазытыўнай энэргіі, каб працягваць рухацца наперад.
XS
SM
MD
LG