Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальная экскурсія па мясьцінах Караткевіча разам з Радыё Свабода


1 сьнежня «Лятучы ўнівэрсытэт» пры падтрымцы Радыё Свабода запрашае ў навуковую вандроўку пад назвай «І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро», прысьвечаную памяці Ўладзімера Караткевіча.

Вядучыя вандроўкі — доктар сакральнай тэалёгіі і доктар філязофіі Ірына Дубянецкая, а таксама гісторык мастацтва і культуроляг Сяргей Харэўскі. Маршрут: Менск-Смаляны-Ворша-Барань-Менск.

Вандроўнікі наведаюць: у Смалянах — колішнюю ўніяцкую Спаса-Праабражэнскую царкву, руіны замку Сангушкаў «Белы Ковель», дамініканскі касьцёл Панны Марыі, магілу Тамаша Зана на старасьвецкіх каталіцкіх могілках; у Воршы — кляштары трынітарыяў, езуітаў, францішканаў і дамініканаў, касьцёл Сьвятога Язэпа; музэй Уладзімера Караткевіча і дом, дзе Караткевіч жыў, Усьпенскі манастыр, царкву Сьвятога Ільлі, царкву Сьвятога Леаніда, Куцеінскі манастыр 1620 года, Траецкую царкву.

Паездка прыпадае на 9 дзён ад моманту жахлівага забойства праваслаўнага сьвятара, настаяцеля Царквы Праабражэньня Гасподняга айца Аляксандра Марозава, якога ў ноч на 22 лістапада забілі ва ўласнай хаце двое мужчынаў, якіх сьвятар упусьціў на начлег.

Здарэньне адбылося ў Смалянах Аршанскага раёна. Айцец Аляксандр быў апекуном царквы, пабудаванай у XVIII стагодзьдзі; царквы, якая пры ім набыла належны выгляд. Таксама ён браў удзел у правядзеньні мастацкага пленэру ў Смалянах, дапамагаў валянтэрам, якія дасьледавалі гісторыю вёскі і былога каталіцкага кляштара дамініканаў.

Арганізатарка вандроўкі Сьвятлана Бергер падкрэсьліла, што ўдзельнікі паездкі спрычыняцца да ўшанаваньня памяці забітага днямі сьвятара:

«Айцец Аляксандр — насамрэч цудоўны чалавек. Ён узнавіў Царкву Праабражэньня Гасподняга, каля якой і быў пахаваны. Менавіта айцец Аляксандр, калі зьнесьлі парэшткі дамініканскага манастыру, падымаў грамадзкасьць, прыцягваў увагу да гэтай праблемы, але, на жаль, у яго нічога не атрымалася. Апроч наведваньня цікавых гістарычных мясьцінаў, мы ў вандроўцы плянуем трапіць у Царкву Праабражэньня Гасподняга і пакласьці кветкі на яго магілу».

Даведкі па тэлефоне: + 375 29 180 28 38, Сьвятлана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG