Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сёньня «адкруцяць галовы» ўраду?


Міхаіл Мясьніковіч

Міхаіл Мясьніковіч

Тры галоўныя дакумэнты, якія вызначаюць сацыяльнае і эканамічнае жыцьцё Беларусі на 2014 год, сёньня плянуюць разгледзець на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Гэта — праекты рэспубліканскага бюджэту, асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі і прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.

Роўна тыдзень таму гэтыя дакумэнты кіраўнікі беларускага ўраду ўжо прадстаўлялі сябрам Нацыянальнага сходу Беларусі. Тады яны агучылі наступныя лічбы: рост ВУП складзе 3,3%, інфляцыя вырасьце ня больш, чым на 11%, а рэальны заробак, з улікам інфляцыі, павялічыцца на 4,6%.

Рубяжы, якія плянуе адолець у наступным годзе ўрад, міжнародныя экспэрты ацэньваюць як «занадта аптымістычныя». Так, Усясьветны банк называе горшыя паказьнікі. Напрыклад, рост ВУП складзе 1,5%, інфляцыя ўздымецца на 15,2%.

Некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што на сёньняшняй нарадзе кіраўнік дзяржавы можа адправіць у адстаўку прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча. Аляксандар Лукашэнка апошнім часам вельмі моцна публічна крытыкаваў урад. Так, два тыдні таму ён на ўсю краіну паабяцаў «адкруціць галовы» ураду за невыкананьне праграмы будаўніцтва лягістычных цэнтраў. Да гэтага дадалася і крытыка ўрадоўцаў за зрыў праграм мадэрнізацыі шэрагу галінаў эканомікі.
XS
SM
MD
LG