Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без Лукашэнкі


Лідэры 28 краінаў Эўразьвязу і 5 краінаў-удзельнікаў «Усходняга партнэрства» сабраліся ў Вільні на трэці саміт праграмы. Толькі Беларусь прадстаўленая на ўзроўні міністра замежных спраў.

Беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка ўваходзіць у «чорны сьпіс» чыноўнікаў, якім забаронена выдаваць эўрапейскія візы. Незадоўга да саміту санкцыі Эўразьвязу былі зьнятыя зь міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, які і ўзначальвае афіцыйную беларускую дэлегацыю на саміце ў Вільні.

Напярэдадні ўвечары ў Палацы вялікіх князёў літоўскіх ў Вільні адбыліся нефармальныя перамовы лідэраў краінаў Эўразьвязу і ўдзельнікаў «Усходняга партнэрства». На гэтай сустрэчы прысутнічаў Уладзімер Макей. Але ў цэнтры ўвагі быў Віктар Януковіч, прэзыдэнт Украіны, якая тыдзень таму адмовілася ад падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам з-за жорсткага эканамічнага ціску Расеі.

Падчас гутарак за келіхам шампанскага са словамі: «Мы чакалі больш ад гэтай падзеі», — да Віктара Януковіча зьвярнулася канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

«Эканамічная сытуацыя ва Ўкраіне вельмі цяжкая», — адказаў Януковіч і распавёў пра эканамічны ціск Крамля і няроўныя ўмовы для Ўкраіны зь «вельмі моцнай Расеяй».

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ў інтэрвію Euronews, адказваючы на пытаньне, ці можна лічыць цяперашнюю сытуацыю дыпляматычнай перамогай прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна стрымана адказала: «Пра трэція бакі ў нас зараз размова ня йдзе».

«Чаму мы павінны быць расчараваныя, народ Украіны мае быць расчараваны», — адказала Даля Грыбаўскайце на пытаньне пра Ўкраіну 29 лістапада падчас ранішняга брыфінгу.

Такім чынам падпісаньня дамовы аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўразьвязам ня будзе, затое парафіяваныя аналягічныя дамовы з Грузіяй і Малдовай. Грамадзяне апошняй з 2015 году атрымаюць магчымасьць бязьвізавых паездак у ЭЗ. Азэрбайджан зьбіраецца падпісаць дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму. Пра нейкія дакумэнты, якія былі падпісаныя беларускім бокам на гэтым саміце, невядома.

У рамках саміту ў Вільні сёньня пройдзе пленарнае пасяджэньне кіраўнікоў дзяржаў, падпісаньне дакумэнтаў і выніковы брыфінг.

Тым часам на міжпарлямэнцкіх сустрэчах у рамках «Усходняга партнэрства», якія праходзяць гэтымі днямі ў Сойме Літвы, Беларусь прадстаўляюць лідэры апазыцыйных партый і рухаў: Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў.

Сёньня далей адбываюцца форумы грамадзянскай супольнасьці ў рамках саміту, круглыя сталы і дыскусіі, у якіх бярэ ўдзел вялікая беларуская дэлегацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG