Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 лістапада ў Вільні пачаўся трэці саміт «Усходняга Партнэрства» Эўразьвязу.

Першая сустрэча прэзыдэнтаў адбылася ў нядаўна адноўленым палацы Вялікага князя ў Вільні. Асноўныя перамовы прэзыдэнтаў чакаюцца заўтра. Беларусь на іх будзе прадстаўляць Міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

А тым часам у Вільні праходзіць Форум грамадзянскага партнэрства Эўразьвязу і іншыя сустрэчы палітыкаў ды грамадзкіх лідэраў рэгіёну «Ўсходняга партнэрства».

Горад выглядае вельмі па-сьвяточнаму: усюды сьцягі Эўразьвязу, зьявілася ўжо ялінка на плошчы ля Катэдральнага касьцёла. Адну вуліцу там перакрылі, ёсьць паліцыя, але не зашмат. Не параўнаць з тым, як было нядаўна ў Менску, калі праводзіўся саміт СНД.

Дарэчы, новага палаца да саміту тут не будавалі. Сёньня сабралі прэзыдэнтаў у адноўленым Вялікакняскім палацы — гэта тое, чым літоўцы па-праве ганарацца.

А заўтра ўсе асноўныя мерапрыемствы саміту пройдуць у выставачным цэнтры «Літэкспа». У саміце і падзеях, якія яго суправаджаюць, бяруць удзел і прадстаўнікі беларускіх уладаў.

Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў сёньня удзельнічаў у эканамічнай канфэрэнцыі ў рамках «Усходняга партнэрства». Ён адзначыў, што менавіта бізнэс-вымярэньне павінна быць фундамэнтам «Усходняга партнэрства», а не выкананьне правіл і нормаў паводзін, якія ёсьць у Эўразьвязе.

Ніякіх заяваў з боку міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, які ўзначальвае афіцыйную дэлегацыю Беларусі, пакуль няма.

Нечакана для многіх у круглым стале экспэртаў «Беларусь і ЭЗ: Ці ёсьць шанцы выйсьці з замкнёнага кола?» выступіў афіцыйны беларускі палітоляг Сяргей Кізіма, загадчык катэдры міжнародных адносін Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце.

Сяргей Кізіма заявіў, што ў Беларусі «няма праблемы правоў чалавека і палітычных вязьняў, а ёсьць праблема дыскрымінацыі Рэспублікі Беларусь, таму што Брусэль і Вашынгтон увялі супраць Беларусі эканамічныя санкцыі за яе прарасейскую палітычную арыентацыю».

Апрача іншага Сяргей Кізіма заявіў, што ў Беларусі шмат пазытыву, які ня бачаць на Захадзе:

«У Нью-Ёрку 20 працэнтаў дзяцей не маюць рэгулярнага харчаваньня. Беларусь жа знаходзіцца сярод 5–10 краін у сьвеце, дзе дзеці найлепш забясьпечаныя харчаваньнем».

А на сустрэчы кіраўнікоў камітэтаў па міжнародных справах парлямэнтаў 28 краін Эўразьвязу і пяці «Ўсходняга партнэрства» Беларусь прадстаўлялі не дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а апазыцыйныя палітыкі.

Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін

Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін

Адзін зь сябраў гэтай дэлегацыі Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе, што ў Вільні прадстаўнікам палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ўдалося данесьці да эўрапейскіх палітыкаў супольнае беларускае пасланьне: «Вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў і свабодныя выбары».

Анатоль Лябедзька кажа, што апазыцыя робіць усё, каб Беларусь была на саміце не ў разьдзеле «рознае», а ў асноўным парадку дня. Хаця апазыцыйныя палітыкі прызнаюць, што «беларускае пытаньне вырашаецца ня ў Вільні, не ў Брусэлі і не ў Вашынгтоне, яно вырашаецца ў Менску».

Тым ня меней словы ў падтрымку беларускіх палітвязьняў у Вільні пачулі.

Пятрас Аўштравічус

Пятрас Аўштравічус

Віцэ-сьпікер Сойму Літвы Пятрас Аўштравічус сёньня асабіста падпісаў паштоўку беларусаму палітвязьню Алесю Бяляцкаму:

«Я адчуваю долю сваёй віны. Тое, што адбылося ў Вільні, калі гэтая інфармацыя была перададзеная беларускім органам, якія выкарысталі яе як палітычны аргумэнт супраць Алеся. Я ведаю, як яму там нялёгка».

Віціс Юрконіс

Віціс Юрконіс

Кантакты з грамадзянскай супольнасьцю постсавецкіх краін павінны стаць найважнейшым прыярытэтам праграмы УП Эўразьвязу, перакананы Віціс Юрконіс, кіраўнік праектаў Freedom House, палітоляг зь Віленскага ўнівэрсытэту:

«Вельмі перабольшылі спадзевы наконт Украіны. Але ня трэба казаць, што раз яна не падпісвае пагадненьне, то ўжо і канец праграмы „Ўсходняе партнэрства“. Гэта толькі-толькі пачатак. І той жа Эўрамайдан, які зараз там адбываецца, сьведчыць, што людзі разумеюць — іхная будучыня ў Эўразьвязе».

Ганна Герасімава

Ганна Герасімава

У рамках саміту прадстаўлены і надзвычай цікавы кірмаш беларускіх ідэй і праектаў «ВўROOM». Тут увесь час нешта адбываецца: прэзэнтацыі праектаў беларускіх грамадзкіх арганізацый і партыяў, круглыя сталы, прыходзяць палітыкі, журналісты з розных краін. Шмат дыскусій у кулюарах.

Ганна Герасімава, адна з арганізатарак праекту: «Гэта вельмі незвычайная форма і арыгінальная ідэя. Мы можам паказаць насамрэч, што ў нас ня толькі дыктатура. Не дыктатарам адзіным жывая Беларусь. І „ВўROOM“ добра адлюстроўвае, што адбываецца ў розных частках грамадзянскай супольнасьці».

Кірмаш беларускіх ідэй і праектаў «ВўROOM» працягнецца заўтра, як і сустрэчы прэзыдэнтаў і палітыкаў. Прэзыдэнты зьбяруцца а 9-й, тады ж адбудзецца пленарная сэсія саміту, падпісаньне дакумэнтаў і прэсавая канфэрэнцыя.

Да абеду афіцыйная частка саміту для прэзыдэнтаў павінна скончыцца, а грамадзянская супольнасьць прадоўжыць сваю праграму.
XS
SM
MD
LG