Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што робяць у Вільні Лябедзька і Калякін


Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін

Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін сустрэліся карэспандэнту Радыё Свабода ў кулюарах Віленскага саміту.

Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што ў Вільні прадстаўнікам палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ўдалося данесьці да эўрапейскіх палітыкаў супольнае беларускае пасланьне:

«Тут, у Вільні, у нас гэтае пасланьне ёсьць: вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў і свабодныя выбары».

«Трэба быць рэалістам. Эўрапейскія палітыкі не пачынаюць свой дзень з думак пра Беларусь і не засынаюць з такімі думкамі», — апісвае свае ўражаньні ад саміту Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін правялі ў Вільні ўжо зь дзясятак розных сустрэчаў. Заўтра, па словах лідэра АГП, заплянаваная найважнейшая сустрэча, але з кім — палітык пакуль ня кажа.

Анатоль Лябедзька: «Для нас важна, каб Беларусь была не ў разьдзеле „рознае“, а ў асноўнай павестцы дня».

Такую ж пазыцыю, што да ўдзелу ў Віленскім саміце, мае і Сяргей Калякін: «Пакуль мы даем рады гэтай задачы».

«Я не эўрааптыміст, — заяўляе Калякін. — У мяне не было адчуваньня, што з удзелам у Саміце мы моцна прасунемся наперад».

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, калі Беларусь зможа ўсур’ёз абмяркоўваць пытаньне эўраінтэграцыі, Калякін кажа:

«Гэта пытаньне выбару беларускага народу і ўраду, які ён абярэ. Гэта будзе зразумела, калі адбудуцца свабодныя выбары. Сёньня за Беларусь адказвае адзін чалавек, і ягоная пазыцыя вядомая. Але гэта ня значыць, што ня трэба разьвіваць інтэграцыйныя стасункі Беларусі зь Эўразьвязам».

«Беларускае пытаньне вырашаецца ня ў Вільні, не ў Брусэлі ці Страсбургу і не ў Вашынгтоне, — падсумоўвае Лябедзька. — Яно вырашаецца ў Менску».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG