Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы вырашылі зарабляць на бяздомных катах


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Тых, хто выходзіў на гарадзкі кірмаш зь некамэрцыйнай прапановай «аддам кацянят у добрыя рукі», аршанская падатковая інспэкцыя абвясьціла «прыватнымі прадпрымальнікамі».

Адміністрацыя кірмашу патрабуе дакумэнты пра сплату падаткаў, інакш — выстаўляе за плот, дзе раздаваць кацянятаў і шчанюкоў забараняюць ужо міліцыянты...

Спадарыня Сьвятлана замяняе сабой у Воршы цэлую структуру — прытулак для беспрытульных жывёлаў, якога тут няма і ніколі не было. Але праблема — ёсьць, і жанчына ня можа прайсьці міма, калі бачыць на вуліцы беспрытульнае кацяня. Хворых — падлечвае, а ў выходныя ідзе на кірмаш і спрабуе ўладкаваць іх «у добрыя рукі». Пагаджаецца нават пастаяць на кірмашы з чужымі кацянятамі — толькі з умовай, што гаспадар прывязе іх зранку і забярэ ўвечары, калі ніхто ня возьме...

Традыцыйна кацянят і шчанюкоў прадаюць ці аддаюць задарма на самым ускрайку кірмашу. Але цяпер падатковая інспэкцыя вырашыла лічыць гэты занятак прадпрымальніцтвам і браць падатак. Калі за поўны месяц — 290 тысяч рублёў, плюс яшчэ выдаткі на вэтэрынарныя даведкі, якія лічацца сапраўднымі ўсяго 5 дзён і каштуюць 18 тысяч 500 рублёў кожная...

Спадарыня Сьвятлана спрабавала прасіць заступніцтва ў мясцовых уладаў, але не атрымалася:

«Раней мы стаялі, дарылі кацянятаў. Нехта некалі дасьць „пяцёрку“ ці „дзясятку“. Мы не адмаўляліся, бо лечым іх за свой кошт, утрымліваем... Гэта выратаваныя кацяняты. Мая котка стэрылізаваная, я сваіх не разводжу і не прадаю! А цяпер на кірмашы новыя парадкі: патрабуюць падаткі, апрача платы за месца. Я пісала мэру Воршы, каб дазволіў дарыць кацянятаў раз на тыдзень. Ды дзе там! Не, нельга, у нас не заалягічны кірмаш і гэтак далей! А без падаткаў — усіх за плот. І за плотам ганялі. Прыйдзе міліцыянт — і што ты будзеш рабіць? Я ж грамадзянка Рэспублікі Беларусь, ні адкуль не прыехала, што ж вы мяне ганяеце з гэтым каточкам бяздомным?»
А без падаткаў — усіх за плот. І за плотам ганялі. Прыйдзе міліцыянт — і што ты будзеш рабіць?

Сьвятлана параўноўвае падаткі: за здачу кватэры «на суткі» трэба плаціць 400 тысяч штомесяц, рэпэтытар плаціць 150 тысяч, а за кацянё — амаль 300. Зэканоміць атрымліваецца хіба за кошт таго, што хадзіць на кірмаш толькі ў выходныя: тады з пэнсіянэраў бяруць за чатыры дні 69 тысяч, а з усіх іншых — 87...

І няма гарантыі, што за дзень для беспрытульнай жывёліны знойдуцца новыя гаспадары, працягвае Сьвятлана:

«Калі прадаваць, дык падаткі трэба плаціць такія, якія ты ніколі не акупіш! Ці трэба шукаць нейкага пародзістага ката, каб хапіла на кармёжку і ўсе даведкі. Я разумею, калі пародзістых выводзяць і прадаюць, — тады і 290 тысяч плаціць можна! А што з нашымі простымі кацянятамі? Мы напісалі ў Міністэрства па падатках і зборах, што яны няслушна вызначылі для ўсіх аднолькавы падатак. Бо гэта — неразумна!»

Жанчыны, якія па выходных мерзнуць на кірмашы, ратуючы беспрытульных жывёлаў, ня супраць плаціць нейкі падатак нават з тых пяці-дзесяці тысяч, якія ў беларусаў прынята даваць сымбалічна, «каб вялося». Але каб памер гэтых падаткаў адпавядаў прыбыткам і выдаткам, дадае спадарыня Ларыса, другая гаспадыня кардоннай каробкі з надпісам «аддам у добрыя рукі»:

«Не, за выходныя ніхто ня ўзяў кацянят, значыцца, ты зноў плаціш 18 500 за даведку ад вэтэрынара. Да ўсяго, на кірмашы ў нас ёсьць месцы, дзе гандлююць старымі замкамі ды іншымі жалязякамі мужыкі. Дык яны плацяць 100 тысяч у год за месца, і пад дахам! А тут стаіш і ў дождж, і ў сьнег... Раней бабулька прыйшла, заплаціла за месца 6500, ката ўладкавала і пайшла. А цяпер яны кідаюць каробкі з кацянятамі-шчанятамі проста тут! Ці вось учора каля „Эўраопта“ каробку з двума кацянятамі знайшлі...».

Крылатая фраза героя фільма Гайдая «Апэрацыя „Ы“»: «Я на кошках больш зараблю!» — стала лёзунгам для тых, хто вырашыў за кошт беспрытульных жывёлаў папоўніць гарадзкі бюджэт. Але ў выніку колькасьць бадзяжных катоў і сабак павялічваецца. А заканчваецца ўсё трагічна — чарговым адстрэлам бяздомных жывёлін, які вядуць работнікі спэцаўтабазы.
XS
SM
MD
LG