Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні навукова-мэтадычнай рады пры Міністэрстве культуры Ігар Чарняўскі паведаміў Радыё Свабода, што пашырэньне дарогі «Заслаўе-Калодзішчы» ў раёне ўрочышча Курапаты адбываецца без узгадненьня зь Міністэрствам культуры.

«Мы цяпер удакладняем кілямэтраж, дзе вядуцца работы, таму што была інфармацыя пра ўчастак дарогі каля пасёлку Сонечны, але трэба ўдакладніць канкрэтна. Будзем далей глядзець, як гэта ўрэгуляваць. І тут нават справа ня ў тым, што работы ідуць без узгадненьня з навукова-мэтадычнай радай. Рада ўзгадняе праектную дакумэнтацыю, якая можа прывесьці да зьмены гісторыка-культурнай каштоўнасьці, а тут пачаліся ўжо канкрэтныя работы ў зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці без узгадненьня і без атрыманьня дазволу Міністэрства культуры», — паведаміў Ігар Чарняўскі.

Паводле Чарняўскага, любыя працы на тэрыторыі адміністратыўных адзінак ня могуць ажыцьцяўляцца без дазволу кіраўніцтва гэтых адміністратыўных адзінак. Менскі райвыканкам павінен быў прыняць рашэньне на распрацоўку праектнай дакумэнтацыі, а затым на выкананьне работ паводле гэтай дакумэнтацыі. Гэтага зроблена не было.

«Тым больш, што Курапаты — гэта такі аб’ект, які ва ўсіх на слыху», — адзначыў спадар Чарняўскі.

Актывіст КХП-БНФ Алесь Макаў паведаміў Радыё Свабода, што 300 мэтраў пашыранай дарогі «Заслаўе-Калодзішчы» каля Курапатаў гатовыя да ўкладкі асфальту:

«Работы праводзіць дарожна-будаўнічае ўпраўленьне з Маладэчна. Зараз адбываецца адсыпка гравію. Дарогу пашыраюць у бок Курапатаў. Спачатку была інфармацыя, што пашырэньне будзе ў адваротны ад урочышча бок, але зараз высьветлілася, што насупраць праходзіць нейкі сілавы кабэль, таму пашыраюць у бок Курапатаў. Зараз ужо на працягу больш як 300 мэтраў укладзены і разраўняны гравій. Асфальт пакуль ня клалі, але 300 мэтраў падрыхтавана для ўкладкі асфальту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG