Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж эўрапейскімі ідэаламі і расейскімі грашыма


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Віленскі саміт павінен быў прадэманстраваць посьпех праграмы «Ўсходняе партнэрства». Аднак драматычная зьмена пазыцыі Ўкраіны паставіла ЭЗ у няёмкую сытуацыю. Зразумела, Расея ўключыла ўсе магчымыя рычагі, каб павярнуць Кіеў на Ўсход. Але чаму ў Масквы іх аказалася больш, чым у Брусэля?

Калі распалася камуністычная сыстэма, разваліўся СССР і савецкі блёк, дык адзіным узорам, на які арыентаваліся ў сваіх рэформах посткамуністычныя краіны, быў Захад. Бо ніякай іншай мадэлі сацыяльнага ўладкаваньня, якая б дэманстравала сваю відавочную перавагу, проста не было.

Эўрапейскі Зьвяз і НАТА расчынілі свае дзьверы для былых сацыялістычных краінаў. Але ў абмен на глыбокія эканамічныя і палітычныя рэформы. І яны былі там праведзеныя. Бо быў моцны стымул: стаць часткай самага багатага і ўладкаванага сьвету, атрымаць значную фінансавую падтрымку зь вялізнага бюджэту ЭЗ, мець магчымасьць для грамадзянаў ехаць на заробкі ў Заходнюю Эўропу і інш.

Пасьля пашырэньня ЭЗ прапанаваў новым суседзям на ўсходзе нейкі падобны варыянт супрацоўніцтва. У 2003 годе Эўразьвяз выступіў з ініцыятывай «Шырокая Эўропа — Новае Добрасуседзтва». А ў 2009 г. узьнікла праграма «Ўсходняе партнэрства». Там быў закладзены той жа прынцып, што і падчас рэалізацыі палітыкі пашырэньня ЭЗ, сфармуляваны ў формуле «большае за большае». То бок, чым больш глыбокія эканамічныя і палітычныя рэформы ў кірунку эўрапейскіх стандартаў праводзяць постсавецкія краіны, тым большую падтрымку атрымліваюць яны з боку Эўразьвязу.

Канцэпцыя прыгожая. І, здавалася б, краіны-удзельніцы «Ўсходняга партнэрства» актыўна ўключыліся ў яе рэалізацыю. Але напярэдадні Віленскага саміту пачалі адбывацца неспадзяванкі. Спачатку Армэнія, якая зьбіралася падпісаць з ЭЗ дамову аб асацыяцыі, раптам аб’явіла, што ўступае ў Мытны саюз зь Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Гэта адбылося ў выніку перамоваў армянскага і расейскага прэзыдэнтаў. І дамова з Эўразьвязам адразу адпала, бо існаваць у двух саюзах з рознымі гандлёвымі рэжымамі немагчыма. Потым Украіна нечакана, пасьля візыту прэзыдэнта Януковіча ў Маскву, памяняла сваю пазыцыю. Азэрбайджан заявіў, што і не зьбіраецца падпісваць ніякіх падобных дакумэнтаў. Пра Беларусь і казаць няма чаго.

Усё гэта сьведчыць, што той прынцып, які эфэктыўна спрацаваў адносна краінаў Цэнтральнай Эўропы і Балтыі, не працуе ў адносінах да Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Армэніі і Азэрбайджану. Чаму? Па некалькіх прычынах.

Найперш, эўрапейскі «пернік» для гэтых краінаў аказаўся маленькім. Ім не прапаноўваюць паўнавартаснае ўступленьне ў ЭЗ, а толькі заахвочваюць рознымі схемамі супрацоўніцтва. А гэта, як кажуць у адным паўднёвым горадзе, дзьве вялікія розьніцы.

Калі няма такога «перніка», дык яго адсутнасьць трэба было б кампэнсаваць грашыма. Здавалася б, больш багатая Эўропа ў гэтым пляне зможа выйграць канкурэнцыю з Расеяй за кантроль над згаданым рэгіёнам.

Аднак праблема ў тым, што ЭЗ ня хоча траціць на праект «Усходняе партнэрства» вялікія рэсурсы. Мінулым годам усім шасьці краінам-партнэрам было выдзелена 600 млн. эўра. (Для параўнаньня: толькі адна Беларусь атрымала ў 2012 г. ад Расеі каля 10 млрд. даляраў). Бо ў ЭЗ эканамічны крызіс, даводзіцца траціць вялізныя грошы для выратаваньня сябраў Эўразьвязу: Грэцыі і інш. У Эўрапейскага Зьвязу няма такіх імпэрскіх амбіцый, як у Расеі, дзеля якіх варта ахвяраваць рэсурсамі. У краінах ЭЗ, у адрозьненьні ад РФ, бюджэт кантралюецца грамадзтвам праз парлямэнт. Таму выбаршчыкі, напрыклад, Партугаліі ці Ірляндыі не зразумеюць, чаму іх грошы трацяцца на нейкія геапалітычныя праекты ў далёкіх ад іх краінах.

Такім чынам, ЭЗ хацеў эўрапеізаваць і дэмакратызаваць краіны-удзельніцы «Усходняга партнэрства» толькі за кошт прыцягальнасьці сваёй сацыяльнай мадэлі. Паводле прынцыпу «мы даем, адрозна ад Расеі, ня рыбу, а вуду». Яны лічылі, што прыцягальнасьць эўрапейскага ўладкаваньня і ўзроўню дабрабыту ў пэрспэктыве апынецца больш важкай, чым цяперашнія хуткаплынныя расейскія фінансавыя субсыдыі.

Але так не атрымліваецца. На тле эканамічнага крызісу ў Эўропе прывабнасьць эўрапейскай сацыяльнай мадэлі аказалася не такой і спакусьлівай. Грамадзтвы гэтага рэгіёну мэнтальна аказаліся менш гатовымі да рынку і дэмакратыі.

Зразумела, чаму ня хочуць эўрапеізавацца ўлады гэтых краінаў. Без дэмакратыі кіраваць прасьцей. Ня трэба затлумляцца рознымі правамі чалавека, выбарамі, цярпімасьцю да апазыцыі і іншай дэмакратычнай атрыбутыкай. Таму ў гэтым рэгіёне відавочны трэнд на ўмацаваньне аўтарытарных мэтадаў уладараньня.

Але і грамадзтва таксама ня надта імкнецца ў гэтым кірунку. Бо шмат хто разумее, што Эўропа — гэта ня толькі шыкоўныя вітрыны супэрмаркетаў, высокія заробкі і сацыяльная абарона. Таксама гэта і іншы лад жыцьця зь іншымі патрабаваньнямі, высокай мабільнасьцю, адказнасьцю за сябе і інш. Гэтая мадэль вымагае ад чалавека, які прызвычаіўся жыць у ціхім правінцыйным мірку, прыстасоўвацца да патрабаваньняў глябалізацыі. То бок, трэба прыняць ня толькі эканамічныя і палітычныя рэформы, але і перабудаваць лад жыцьця. А гэта псыхалягічна дыскамфортна.

Кіеўскі Майдан сьведчыць, што ў эўрапейскага шляху шмат прыхільнікаў. Але ці хопіць у яго моцы разьвярнуць сваю краіну?

Шмат палітыкаў і экспэртаў з краінаў-удзельніц «Усходняга партнэрства» прапануюць ЭЗ простае выйсьце. Яны заклікаюць вынесьці за дужкі праблему правоў чалавека, а на першы плян высунуць геапалітычны чыньнік. Маўляў, спачатку выцягнем гэтыя краіны з геапалітычнага поля Расеі, а ўжо потым можна будзе пагаварыць і пра палітзьняволеных, свабодныя выбары і інш.

Пэўная карэкціроўка праекту «Ўсходняе партнэрства» сапраўды патрэбная. Ці гатовы на гэта ЭЗ у сваім сёньняшнім стане?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG