Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З «Поля цудаў» выкінуць паўтысячы гандляроў


Адміністрацыя гандлёвага дому «Ждановічы» прадпісала гандлярам так званага «Поля цудаў», дзе «зь зямлі» прадаюцца пераважна старыя і сэкандавыя рэчы, ад наступнага тыдня вызваліць тэрыторыю «для ўпарадкаваньня».

На думку тых, хто падпадае пад «скарачэньне», сапраўднай прычынай зьяўляецца змаганьне за зямлю — непасрэдна да «блышынага рынку» наблізілася маштабная будоўля. Калі рашэньне набудзе моц, у адзін момант беспрацоўнымі стануць паўтысячы чалавек.

Гаспадары «Ждановічаў» ад 2 сьнежня на няпэўны тэрмін спыняюць дзейнасьць «блышынага рынку». Сэктар ужываных тавараў ліквідуецца на падставе ўнутранага рашэньня «прывесьці ўмовы гандлю ў адпаведнасьць з заканадаўствам». Шматлікія гандляры не хаваюць, што для іх такая навіна стала шокам:

«Сапраўднай прычыны ніхто ня ведае. Але нам, па вялікім рахунку, якая розьніца, што за прычына? Мы проста хочам працаваць! Гэта азначае, што нам замест гэтага кавалка павінны даць нейкі іншы, правільна? Мы не гандлюем на прыпынках, мы не гандлюем там, дзе нельга. Мы плацім падаткі, мы аплочваем месцы. Дарэчы, месцы ў нас не абсталяваныя, і мы нічога звышнатуральнага не патрабуем. Проста дайце нам магчымасьць зарабіць, вось і ўсё. Мы самі сябе забясьпечваем заробкам, і няхай ад нас адчэпяцца. Як падатковая некуды ідзе, дык толькі да нас, на „Поле“. Хоць на ралетах людзі за сымбалічны мільён рублёў працуюць без дакумэнтаў, без анічога. І пры гэтым маюць не адзін кіёск, а па шэсьць і больш: за адзін шапік плацяць арэнду, а за ўсе іншыя — як пад склад».

Фармальна гандлярам прапанавана пашукаць вольныя месцы на стацыянарных сэктарах рынку. Аднак тыя кажуць, што адным махам уладкаваць некалькі сотняў чалавек проста немагчыма. Апроч таго, бальшыня апытаных ня верыць, што «Поле цудаў» зачыняецца на добраўпарадкаваньне — хутчэй за ўсё, камусьці запатрабаваўся ласы кавалак зямлі:
Няма ў нас, падаецца, ужо ніякіх пэрспэктываў

«Што тут гаварыць? Няма ў нас, падаецца, ужо ніякіх пэрспэктываў. Пакінулі бяз працы — якая яшчэ можа быць у нас рэакцыя? Хацелі нібыта з гэтага тыдня зачыніць, але далі яшчэ тыдзень на роздум. Але як за тыдзень што вырашыць — ня ведаю. Увогуле нам пра гэта сказалі толькі ўчора, павесілі аб’яву. Фактычна ад учорашняга дня мы пастаўленыя перад фактам, што ад 2 сьнежня нас не павінна тут быць, вось і ўсё».

Карэспандэнт: «Кажуць, што на зямлю прэтэндуюць забудоўшчыкі?»

«Хто нам што расказвае? Я ж кажу: нас проста паставілі перад фактам. Перад кантралёрамі ніхто справаздачу не трымае, а нам зь якой радасьці будуць нешта расказваць? Нам сказалі, і ўсё: вы свабодныя, выяжджайце, вывозьце рэчы. Альтэрнатывы няма, якая яшчэ альтэрнатыва? У нас ёсьць 500 тысяч даляраў, каб паехаць у Кітай, як яны кажуць, па тавар? Каб у нас было паўмільёна даляраў, мы б тут не стаялі, правільна?»

Суразмоўцы ня могуць знайсьці абгрунтаванага тлумачэньня спробе выселіць іх з «Поля цудаў», але пераконваюць, што ў наступны аўторак усё роўна прыйдуць на працу:

«Чым гэта матывавана — ня ведаю, але ведаю, што людзі проста хочуць зарабіць. Паколькі заробкі маленькія, дык народ любым шляхам намагаецца зарабіць на кавалак хлеба. То бок, шукаюць сабе самі заробак. Калі наша дзяржава не дае нам зарабляць: вакансіяў няма, на працу не бяруць — значыць, мы самі шукаем сабе занятак. Тут шмат хто ўсё жыцьцё на заводах адпрацаваў, і што ўрэшце маюць? Прыкладам, я пасьля гальванікі, угробіўшы столькі здароўя на шкоднай вытворчасьці, маю на сёньняшні дзень пэнсію ў 1 мільён 700 тысяч рублёў. Навучыце мяне за гэтыя грошы жыць, я зусім ня супраць! Бо ў нашы гады — каму па 60 і болей — нікуды не бяруць. Дарэчы, тут стаяць бабулі, якім і за 80. Зразумела, стары тавар другі раз ня хочацца прадаваць, таму што стар’ё за 5 рублёў нікому ня трэба, таму пераходзім на новы. Вось і ўсё».
Маю на сёньняшні дзень пэнсію ў 1 мільён 700 тысяч рублёў. Навучыце мяне за гэтыя грошы жыць, я зусім ня супраць!

Пэнсіянэрцы Пятроўне, як яе тут усе называюць, 82 гады. Расказвае, што за савецкім часам як інжынэр высокай кваліфікацыі мела пэнсію ў 132 рублі і магла дазволіць сабе паходы ў тэатры, музэі, нават на турыстычныя паездкі. Але сёньня вымушана падпрацоўваць, каб працягнуць ад пэнсіі да пэнсіі:

«Безумоўна, рынак павінен застацца. Вы не павінны яго зачыняць — дакладней, ня вы, а той, хто гэта прыдумаў. Бо тое, што я страчу нешта да пэнсіі — гэта ўжо пытаньне іншае. Да таго ж, такія рынкі існуюць паўсюдна, незалежна ад таго, наколькі цывілізаваная ці нецывілізаваная краіны. Я была і ў Польшчы, і ў Баўгарыі, і ў Вугоршчыне — і ўсюды гэтыя базары ёсьць. Чаму ў нас зачыняюць? Так што неабходна, каб падобны рынак існаваў і ў нас. Тым больш, мы плацім і падаткі. Так, тут у нас ёсьць і новы тавар, але ж мы на яго падаткі плацім. То бок, ня толькі месца аплочваем, але і падаткі. Дык чаго яны ад нас яшчэ хочуць?».

Запытваю ў жыхароў «Поля цудаў» — ці зьбіраюцца яны нешта рабіць у такой сытуацыі? Іх калегі-прадпрымальнікі дзеля абароны сваіх правоў спачатку пачалі калектыўнымі зваротамі ў вышэйшыя інстанцыі, а цяпер пагражаюць страйкам. Ці гатовыя далучыцца да акцый пратэсту?
Страйкаваць дакладна ня будзем

«Страйкаваць дакладна ня будзем. Найперш, які толк? Па-другое, мы тут, скажам так, без аніякіх правоў. Таму баставаць ці пісаць нейкія заявы — гэта нічога ня дасьць. Мы папросту бяспраўныя. У тым якраз і сутнасьць, што бяспраўе менавіта тут, на „Полі цудаў“. У якім-небудзь „Градзе“ ты, можа, штосьці і даказаў бы, а тут нічога нікому не дакажаш. На тым баку дарогі — яны легальныя, яны працуюць афіцыйна, у іх усё на ўзроўні і па законе. Таму ясна, што яны могуць і будуць страйкаваць. А ў нас які статус? Мне што, баставаць, што я патрон іржавы прадаць не магу? Які мне рэзон рызыкаваць за патрон іржавы?»

Як удалося высьветліць, на месцы «блышынага рынку» разглядаецца варыянт пашырэньня аўтамабільнай паркоўкі. Гэта значыць, што нібыта «часовае» прыпыненьне дзейнасьці «Поля цудаў», хутчэй за ўсё, раўназначна яго ліквідацыі.
XS
SM
MD
LG