Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чахольскі: Новы наступ на Курапаты


На паўночай мяжы Курапатаў пашыраюць дарогу, што вядзе да пасёлку Сонечны

Дэмакратычныя актывісты пабойваюцца, што можа паўтарыцца гісторыя з будаўніцтвам праз Курапаты кальцавой дарогі ў 2001-2002 гадах.

Дарожныя працы зноў распачаліся побач з урочышчам Курапаты. З боку дарогі на Заслаўе (H9031) робіцца дадатковая дарожная паласа ў бок Курапатаў, завезены гравій.

Як паведаміў Свабодзе адказны сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі, паводле ягонай інфармацыі, працы вядуцца без адпаведнага дазволу:

«Навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры гэтае пытаньне не абмяркоўвала, пра пашырэньне дарогі ў бок Курапатаў не было вядома навуковаму кіраўніку Маі Кляшторнай».

Паводле спадара Чахольскага, пашырэньне заслаўскай дарогі распачалося ў панядзелак і вядзецца на тых жа ўмовах, як і пашырэньне менскай кальцавой дарогі. Чахольскі кажа, што актывісты КХП БНФ маюць намер бараніць урочышча, у тым ліку зьвяртацца ў праваахоўныя органы.

Тым часам начальніца тэхнічнага аддзелу Менскаблдарбуду Валянціна Скоп пацьвердзіла Свабодзе, што ў раёне пасёлка Сонечны вядзецца будоўля пераходна-хуткаснай паласы і што гэта робіцца законна, узгадненьне на ўзроўні абласной управы капітальнага будаўніцтва было зробленае.

Каардынатарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька перакананая:

«Тое, што насыпы — насупраць Курапатаў, ня значыць, што няма парушэньня. Сама гэтая дарога, гэтаксама як і тэрыторыя за імі, уваходзіць у ахоўную зону мэмарыялу, праз дарогу знаходзяцца некаторыя магілы закатаваных ва ўрочышчы».
Зьлева — пасёлак Сонечны, справа — Курапаты

Зьлева — пасёлак Сонечны, справа — Курапаты

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG