Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моцны пажар сынагогі ў Горадні. Фота з пажарышча


У Горадні 27 лістапада гарэла сынагога. Гэты помнік архітэктуры нядаўна звонку пачалі рэстаўраваць, адноўленая частка фасадаў амаль не пацярпела.

Пажарнае дэпо знаходзіцца насупраць сынагогі за сто мэтраў — дзякуючы гэтаму агонь не ахапіў усяго гмаху.

Вокны на другім паверсе зьлева зеўраюць. Калі ўваходзіш у будынак, зьлева яшчэ капае вада. Направа — пакой дзяжурнага. На другім паверсе бачныя вынікі пажару, але пакой ня выгараў цалкам.

Кіраўнік юдэйскай рэлігійнай абшчыны Барыс Квяткоўскі тлумачыць:

«Хацелася крыху абагрэць памяшканьне напярэдадні маразоў, і зацяплілі кацёл, які нельга было зацепліваць. Загарэлася сажа паміж другім і трэцім паверхамі. Там побач з дымаходам выпірала бэлька, яна пачала тлець. Адсюль і пажар».

Пажарнай сыгналізацыі ў сынагозе няма, ідзе рамонт, кажа спадар Квяткоўскі. Пажарныя ўбачылі дым і самі прынялі рашэньне. Дзяжурны, які знаходзіўся ў сынагозе, нават не адчуў паху дыму. На пытаньне пра газавы балён, які ляжыць на вуліцы, спадар Квяткоўскі патлумачыў, што ён з кухні, дзе была «трапезная». Да яго агонь не дайшоў.
Гарадзенская сынагога, леташняе фота

Гарадзенская сынагога, леташняе фота

XS
SM
MD
LG