Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё, што вы ведалі пра тое, як ратавацца ад холаду — няпраўда


З такім папярэджаньнем зьвяртаецца да чытачоў інтэрнэт-выданьне The Huffington Post і дае свае 10 парадаў — як сагрэцца гэтай зімою, якая, паводле некаторых прагнозаў, абяцае быць надзвычай халоднай.

1. Алькаголь зусім не сагравае

Спажываньне алькаголю зьніжае агульную тэмпэратуру цела, павышае рызыку пераахаладжэньня і не дазваляе целу дрыжаць, каб сагрэцца. Алькаголь толькі стварае ўражаньне цеплыні, бо крывяныя судзіны пашыраюцца і пасылаюць цёплую кроў зь сярэдзіны цела да скуры. Гэты эфэкт часовы і ўрэшце істотна зьніжае здольнасьць цела змагацца з холадам.

2. Затое можна сагрэцца імбірнымі пернікамі

Імбір стагодзьдзямі лічыўся важным лекам пры лячэньні прастуды і розных праблем са страўнікам. А яшчэ, як кажуць у народзе, ён разганяе кроў і зьмякчае халодныя сэрцы, прынамсі мэтафарычна. Да таго ж, даведзена, прынамсі на пацуках, што дадаваньне імбіру ў ежу павышае тэмпэратуру цела. Ня дзіва, што ў розных народаў імбірныя пернікі — традыцыйныя калядныя прысмакі. Апрача імбіру саграваць можа яшчэ востры перац і буры рыс.

3. Вы мерзьнеце толькі ў вашай галаве

Тыбэцкія манахі з дапамогай адмысловай мэдытацыі могуць «кантраляваць унутраную энэргію» і павышаць тэмпэратуру цела. Дасьледнікі лічаць, што ня толькі людзі Ўсходу здольныя на тое, і прапануюць уявіць полымя ў ніжняй частцы хрыбта або адмысловыя прыёмы дыханьня. Адзін нідэрляндзец, ужываюць такія парады, узьлез на Кіліманджара ў шортах і сандалях. (Паўтараць не рэкамэндуем!) Але галоўнае: верце ў сябе! Мне цёпла, мне цёпла...

4. Адзінота паніжае тэмпэратуру

Сумна, калі з вамі ніхто не гуляе — вы гэта ведаеце яшчэ зь дзіцячага садка. Але дасьледнікі з Канады выявілі, што недахоп сацыяльных кантактаў можа мець фізычныя наступствы. У экспэрымэнце ўдзельнікаў падзялілі на групы — адны актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі, другіх абыходзілі стараной. Калі іх усіх запрасілі да стала, людзі з другой групы накінулася на гарачую ежу і напоі — так яны зьмерзьлі. Так што наступны раз, калі вы пачняце замярзаць у хаце — запрасіце некага ў госьці.

5. Гарачыя напоі могуць вас астудзіць

Калі вы п’яце нешта гарачае, нэрвовыя рэцэптары на языку пасылаюць целу сыгнал, што вас чакае нешта «гарачае» і трэба пачынаць пацець. Гэта можа парушыць ваш сыстэмны мэханізм ахаладжэньня. Каб вам стала прахалодна, пот мусіць выпарыцца, а калі ён проста мочыць ваша адзеньне або сьцякае ручаём, ніякай карысьці ад гэтага ня будзе. З другога боку, калі піць шмат халодных напояў, можна і сагрэцца, бо з-за іх крывяныя судзіны напружваюцца.

6. Прастуджаюцца не ад марозу

Знаходжаньне на марозе не прастуджае вас само па сабе. Павышае рызыку тое, што зімою людзі больш сядзяць у закрытым памяшканьні, і таму мікробы маюць больш шанцаў пераскочыць з аднаго чалавека на другога. Ну й вядома, зімою наша імунная сыстэма аслабляецца, і нейкія вірусы, якія ўсё лета спалі ў нас унутры, пачынаюць прачынацца.

7. Няпраўда, што цяпло выходзіць зь цела пераважна праз галаву

Гэты міт паходзіць ад аднаго дасьледаваньня вайсковага адзеньня для арктычнага клімату — у салдатаў было прыкрыта ўсё, апрача галавы, дык ясна, што ўсё цяпло выходзіла пра гэтую дзірку. Насамрэч праз галаву цела пакідае ад 7 да 10 працэнтаў цяпла — больш-менш столькі, колькі тая галава займае месца.

8. Мужчыны і жанчыны сапраўды мерзнуць пры розных тэмпэратурах

Праведзенае ў 1998 годзе дасьледаваньне паказала, што хоць тэмпэратура цела ў мужчын і жанчын амаль не адрозьніваецца, рукі ў жанчын звычайна значна халаднейшыя, чый у мужчын. Рэч у тым, што ў мужчын мышачная маса большая, чым у жанчын, у якіх большая прапорцыя тлушчу. Мышцы ствараюць цяпло, а тлушч паглынае — што дае мужчынам перавагу ў гэтым пытаньні.

9. Калі вашы продкі ў ледніковым пэрыядзе жылі на поўначы, вы пераносіце холад лягчэй

Паўночнае паходжаньне дапамагае пераносіць холад. Генэтыкі з Каліфорніі выявілі адпаведныя генэтычныя мутацыі ў паўночных эўрапейцах, усходніх азіятах і ў амэрыканскіх індзейцах, а вось у тых, хто затрымаўся ў Афрыцы, іх не аказалася. Гэтая розьніца можа быць прычынай таго, што, напрыклад, афраамэрыканцы больш падатныя на некаторыя прастудныя захворваньні.

10. Магчыма, найцяплейшы колер — белы

Чорная вопратка паглынае сонечнае сьвятло, а белая адбівае яго. Аднак папулярнае меркаваньне, што летам лепш насіць белае, а зімой — чорнае, магчыма, патрабуе перагляду. Адбівальная функцыя белага датычыць і цеплыні цела, таму калі насіць яго, больш цяпла застанецца непасрэдна пры целе, тым часам як чорнае не затрымвае гэтае цяпло. Гэта ўжо было пацьверджана на птушках, але ніхто яшчэ, на жаль, не дасьледаваў гэта на людзяц і іх адзеньні. Можа, вы будзеце першыя?

Бонус: холад можа дапамагчы скінуць вагу

Ну як? Пераспрабавалі ўсё і ніяк ня можаце сагрэцца? Спакойна! Прынамсі вы скідаеце вагу. Пры холадзе цела затрачвае больш энэргіі на саграваньне — яно ня толькі спальвае калёрыі, але і актывізуе буры тлушч, які спальвае іх больш эфэктыўна за белы. Прынамсі, некаторыя людзі сапраўды ў гэта вераць...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG