Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы забаранілі канцэрт Вайцюшкевіча


Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч

Выступ Зьмітра Вайцюшкевіча быў прымеркаваны да дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча і павінен быў адбыцца ў музэі пісьменьніка сёньня а 17-й гадзіне.

Зьміцер Вайцюшкевіч зьбіраўся выканаць песьні на словы Ўладзімера Караткевіча.

Пра забарону стала вядома ўчора, паведаміў Свабодзе Зьміцер Вайцюшкевіч:

«Замянілі мой канцэрт на іншае мерапрыемства, на якое, сказаць не магу. Мне нічога не патлумачылі. Чаму гэта зроблена, пытайце ў ідэолягаў Віцебскай вобласьці», — сказаў сьпявак.

Дырэктар Музэйнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Ўладзімер Кузубаў пацьвердзіў, што канцэрту ня будзе, але прычыны не назваў.

Супрацоўніца музэя Караткевіча Вольга Пашковіч патлумачыла, што адбылася накладка і што сёньня замест канцэрта адбудзецца вечарына пад назвай «Душа застанецца», таксама прысьвечаная Караткевічу. Вечарына арганізаваная для аршанскіх школьнікаў з удзелам мясцовых літаратараў і бардаў. Канцэрт жа Вайцюшкевіча перанесены, зазначыла Вольга Пашковіч, але на якую дату, сказаць не змагла.

Вясной 2011 году Зьміцер Вайцюшкевіч з шэрагам іншых папулярных выканаўцаў трапіў у так званы «чорны сьпіс» музыкаў, якіх забаранілі паказваць па тэлебачаньні і радыё і дазваляць арганізацыю іх канцэртаў.
Музэй Уладзімера Какраткевіча ў Воршы

Музэй Уладзімера Какраткевіча ў Воршы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG