Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея ня можа быць асобным бокам у перамовах Украіна — ЭЗ»


Валер Чалы (Валерій Чалий)

Валер Чалы (Валерій Чалий)

Сёньняшнія падзеі ва Ўкраіне і пэрспэктывы разгляду ўкраінскага пытаньня на Віленскім саміце «Ўсходняга партнэрства» камэнтуе кіраўнік грамадзка-экспэртнай рады пры камітэце «Украіна — ЭЗ», намесьнік генэральнага дырэктара Цэнтру Разумкова Валер Чалы.

«Сёньня сытуацыя ва Ўкраіне абвастрылася, грамадзтва не ўспрымае тлумачэньні прэзыдэнта пра тое, што трэба пераносіць падпісаньне дамовы пра асацыяцыю. У Кіеве на Майдан сёньня выходзяць студэнты тысячнымі калёнамі.

Праблема палягае ў тым, што відавочна не заменіш гэтай актыўнасьцю афіцыйную пазыцыю. Таму што ЭЗ гатовы да падпісаньня дамовы, не гатова Ўкраіна. Сёньня прэзыдэнт Украіны на тэлеканалах агучыў пазыцыю, што ён не выключае падпісаньне; існуюць эканамічныя праблемы, ёсьць ціск Расеі, і сьнежань пакажа, ці можна далей перайсьці да падпісаньня. Я лічу, што гэта пазыцыя дастаткова слабая, што зараз ёсьць унікальны шанец, і такога шанцу далей можа і ня быць. Сёньня Ўкраіна, па сутнасьці аб’яднаўшыся на хвалі эўрапейскай інтэграцыі, зразумела, што сёньняшняе кіраўніцтва не гатова пасьпяваць за жаданьнямі людзей, за жаданьнямі грамадзянскай супольнасьці».

Карэспандэнтка: «А ў якім фармаце можа быць узьнята ўкраінскае пытаньне на Віленскім саміце?»

Валер Чалы: «Прэзыдэнт Украіны сказаў, што ён паедзе ў Вільню і будзе тлумачыць сваю пазыцыю. Ёсьць заявы прэм’ер-міністра Ўкраіны, што трэба далучыць да перамоваў Расею, але гэта не было пацьверджана прэзыдэнтам. Магчыма, абмеркаваньне гэтай тэзы яшчэ будзе гучаць.
У Эўразьвязе павінны даць сёньня сыгнал ня столькі ўкраінскай уладзе, колькі ўкраінскаму народу, які праявіў сваю дакладную пазыцыю, эўрапейскую пазыцыю

Я катэгарычна гэта не ўспрымаю з пункту гледжаньня мэханізмаў перамоўных працэсаў. Тым больш, што ЭЗ ужо адкінуў гэтую магчымасьць. Кансультавацца можна і трэба. І з Расеяй можна абменьвацца нашымі пазыцыямі па ключавых эўрапейскіх пытаньнях. Але дакладна Расея ня можа быць асобным бокам у перамовах Украіна — ЭЗ. Магчыма, там уздымуць пытаньне, якое стасуецца наагул з эўрапейскім выбарам ўкраінскай супольнасьці.

Прынамсі я еду ў Вільню з такім зваротам да эўрапейскіх чыноўнікаў, да тых, хто кіруе сёньня „Ўсходнім партнэрствам“. Каб яны пайшлі на крокі па лібэралізацыі візавага рэжыму для ўкраінцаў, для таго, каб палегчыць азнаямленьне з Эўрапейскім Зьвязам; для таго, каб не было нейкіх прыніжэньняў бюракратычных. І я лічу, што яны павінны даць сёньня сыгнал ня столькі ўкраінскай уладзе, колькі ўкраінскаму народу, які праявіў сваю дакладную пазыцыю, эўрапейскую пазыцыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG