Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сіньхуа»: У Емэне загінулі два беларусы


Ахвяраў нападу тэрарыстаў у Емэне на працу накіравала Беларусь.

Старшыня Дзяржкамваенпрома Беларусі Сяргей Гурулёў заявіў, што беларусы працавалі па «беларускім» кантракце ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.
Якое менавіта прадпрыемства заключыла гэты кантракт, Гурулёў не паведамляе.

«Так, на жаль, у асобных краінах, дзе мы працуем, ня ўсё стабільна», — цытуе Гурулёва Інтэрфакс.

Такім чынам Гурулёў абвяргае ранейшыя паведамленьні пра тое, што беларусы выехалі ў Емэн самастойна. Раней стала вядома, што да выхаду на пэнсію яны працавалі на Барысаўскім рамонтным заводзе.

Выяўлена таксама, хто менавіта пацярпеў у выніку тэрарыстычнага нападу, аднак хто зь беларусаў забіты, а хто пацярпеў — яшчэ не вядома.

Агенцтва «Сіньхуа» сёньня ўначы са спасылкай на свае крыніцы ў органах бясьпекі Емэна паведаміла, што абодва беларусы забітыя ў выніку нападу.

Вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін

Алесін нагадаў Радыё Свабода, што, паводле справаздачы ААН за 2010 год, Беларусь прадала Емэну 66 танкаў Т-80БВ.

«Яны нам дасталіся ад савецкага войска. Калі іх выводзілі з тэрыторыі былой ГДР, дык на тэрыторыі Беларусі засталося каля 200 такіх танкаў. Пасьля Беларусь вырашыла, што ў яе асноўным танкам будзе Т-72. Гэтыя танкі вырашана было прадаць. У арганізацыі, якая кантралявала выкананьне дамовы пра звычайнае ўзбраеньне, спыталі дазволу ўключыць іх у экспартную групу. Мы іх выкарыстоўваць ня можам, а захоўваем для продажу.

Танк гэты дастаткова тэхнічна складаны. Рухавік там газатурбінны актыўны, патрабуе шмат паліва. Пакупнікоў было няшмат, але вось Емэну 66 штук прадалі. Практыка такая, што нейкі час ёсьць гарантыйны пасьляпродажны тэрмін. Далей эксплюатацыю ўжо ажыцьцяўляюць адмыслоўцы краіны-пакупніка».

Напад на беларусаў адбыўся 26 лістапада. Паводле інфармацыі СМІ Емэна, беларускія грамадзяне працавалі ў ахове прэзыдэнта Емэна.

«А 9.15 раніцы пры выхадзе з гатэлю „Амстэрдам“ у цэнтры Саны адбыўся ўзброены напад на двух грамадзян Беларусі, якія працавалі ў Емэне па прыватным кантракце. Пры гэтым адзін зь іх быў забіты, іншы — цяжка паранены», — сказаў «Інтэрфаксу» прэс-аташэ расейскай дыпляматычнай місіі Мікалай Лягушын.
XS
SM
MD
LG