Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла: мы жывем, бо памятаем случакоў


Івонка Сурвіла ў студыі Радыё Свабода з Ганнай Соўсь

Івонка Сурвіла ў студыі Радыё Свабода з Ганнай Соўсь

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла выступіла з заявай з нагоды ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну.

«Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітаю Вас з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну – Днём Герояў Беларусі.

Кожны год мы сьвяткуем гэты восеньскі дзень, каб прыпомніць і аддаць чэсьць тым адважным случакам, якія ўзялі на сябе заданьне абараніць сваю зямлю ад бальшавіцкай навалы.

Дарагія суродзічы! Случакі жывуць таму, што мы іх памятаем. А таму, што мы іх памятаем, і мы жывём! І Жыве Беларусь!

Усе мы ведаем пра ролю памяці ў жыцьці кожнага народу.

У канадзкай правінцыі Кэбэк, дзе я жыву, народным дэвізам ёсьць JE ME SOUVIENS! (Я ПАМЯТАЮ). Нашу памяць акупанты стараліся выкараніць на працягу двух стагодзьдзяў, бо ведалі, што бяз памяці народ памрэ. Аднак нашая нацыянальная сьведамасьць, па якой і свае і чужыя ня раз адпраўлялі паніхіды, перамагла ўсе спробы генацыду. Памяцьцю мы даказалі нашу жыцьцяздольнасьць.

Апошняя надзея нашых ворагаў – выкараніць з памяці народу беларускую мову. Ня ведаю як Вам, але мне падаецца, што і тут яны прайграюць! Я моцна веру, што і тут пераможа нашая генэтычная памяць, бо наш цярплівы народ не адмовіцца ад жыцьця. Выратуем мы і нашу цудоўную мову.

Жывуць случакі! Жыве Беларусь! Будзе жыць беларуская мова! Бо мы памятаем!», – гаворыцца ў заяве Івонкі Сурвілы.
XS
SM
MD
LG