Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стала «менш сацыялізму» ў жыльлёвай сфэры?


Міхал Залескі

Міхал Залескі

26 лістапада ў Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада, на якой абмяркоўваліся пытаньні жыльлёвай палітыкі. Сярод іншага было вызначана, што не прыватызаваныя грамадзянамі да 1 ліпеня 2016 году кватэры будуць уключаныя ў фонд арэнднага жыльля. Таксама будуць перагледжаныя падставы для пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльля. Ці азначаюць гэтыя рашэньні скарачэньне дзяржаўных выдаткаў і льготаў у жыльлёвай палітыцы? На гэтае ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

— Тыя рашэньні, якія былі прынятыя сёньня, ідуць у адным рэчышчы — зьменшыць колькасьць людзей, якія маюць права на льготы на жыльлё, зьменшыць колькасьць саміх гэтых ільготаў і выплат. Ці можна ўсё гэта патлумачыць фразай «менш сацыялізму ў жыльлёвай сфэры», ці ня так?

— Ня так. Ёсьць людзі, якія ўплываюць на рашэньні гэтага апарата ў выгадным для сябе накірунку. Задача ідзе пра тое, каб пакінуць доступ да ўсіх сацыяльных дабротаў для тых людзей, якія займаюцца разьмеркаваньнем гэтых дабротаў паміж насельніцтвам. І мы гэта бачым ў Беларусі, асабліва з нашай местачковасьцю — ніхто яшчэ ані разу сваіх не пакрыўдзіў. А вось усякую шушару можна павыкідваць з усялякіх чэргаў.

У нас 800 тысяч чалавек хочуць палепшыць жытло. Яны хочуць — але ж хто ім дасьць? Таму кожны жадае знайсьці для сябе ільготу. І чаму б яе не знайсьці, калі яны заканадаўча прапісаныя?

— Але ж у параўнаньні, напрыклад, з канцом 90-х, калі кватэры даваліся амаль бясплатна, пад крэдыты на 40 гадоў, — зараз такіх магчымасьцяў стала відавочна менш...

— Безумоўна. Бо банкаўская сыстэма краіны, якая вымушана выконваць сацыяльныя абяцаньні кіраўніцтва, не спраўляецца з тым, каб усім гэта ў поўным аб’ёме прадстаўляць. Бо яны купляюць грошы па дарагіх коштах, а вымушаны прадаваць іх танна і надоўга. А гэта для банкаў нявыгадна. Таму банкіры ціснуць з аднаго боку, тыя людзі, якія разьмяркоўваюць, з другога — будаўнічая галіна зрабілася аплотам карупцыі і бязладзьдзя. На гэтым фоне ўладам даводзіцца прымаць нейкія рашэньні, балянсуючы паміж папулізмам і поўным пазбаўленьнем ільготаў начальства. Але ж ёсьць патрэбныя ўладзе людзі, якім трэба тэрмінова даваць кватэры і ўчасткі.

— Яшчэ адно рашэньне — не прыватызаваныя грамадзянамі да 1 ліпеня 2016 года кватэры будуць уключаныя ў фонд арэнднага жыльля і будуць здавацца ў арэнду. Здаецца, прыватызацыя жыльля ідзе ўжо ад 1991 году, і ўсе, хто хацеў, мелі час прыватызаваць свае кватэры.

— У нас столькі хвастоў застаецца, і ніхто ня чысьціць гэтыя завалы. Банкаўскія ўклады да 1991 году, страхоўкі савецкага часу, чэкі «Маёмасьць» першых гадоў незалежнай Беларусі. Зараз гэтае недапрыватызаванае жытло. Няма стратэгічных рашэньняў па гэтых пытаньнях.

Тыя людзі, якія дагэтуль не прынялі ніякіх рашэньняў па сваім жытле, відавочна маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе. Разам з тым, на тысячы ідзе лік кватэраў, якія знаходзяцца ў муніцыпальнай уласнасьці і нікім не заселеныя.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG