Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

28 і 29 лістапада ў Беларусі пройдзе мэдычная акцыя «Пераможам рак разам», скіраваная на раньняе выяўленьне анкалягічных захворваньняў.

Адмыслоўцы заяўляюць, што ў Беларусі маштабы захворваньня на рак выклікаюць найбольшую трывогу.

Цягам двух дзён анколягі будуць кансультаваць у пытаньнях ракавых захворваньняў скуры і малочнай залозы. У Менску — гэта РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Загадчык аддзяленьня Цэнтру гэтак тлумачыць патрэбу акцыі:

«Рак на раньніх стадыях лечыцца вельмі няблага. Каб людзі не адмаўляліся ад прафіляктычных аглядаў: калі запрашаюць на нейкую акцыю, дык трэба прыходзіць. Гэта ўсё бясплатна робіцца — чаму б не скарыстаць такую магчымасьць дзеля свайго здароўя».

Без талёна, запісу ці аплаты анколягі будуць прымаць толькі два дні. Тым часам праблема анкалёгіі, у прыватнасьці раку малочнай залозы, выходзіць у Беларусі на першае месца, кажа лекар-мамоляг Леанід Путырскі:

«Рак малочнай залозы сёньня на першым месцы, і рак скуры таксама набліжаецца. Пры гэтым каля 70% раку малочнай залозы выяўляюць самі жанчыны. Таму важна, каб яны ведалі, як гэта кантраляваць, і ведалі, куды зьвяртацца пры неабходнасьці. Каб не было так, што знайшла і два месяцы не магла патрапіць да доктара».

Абсьледаваньне і мэдычная дапамога анколяга — часта недаступная паслуга для людзей, якія жывуць у рэгіёнах краіны. Асабліва востра праблема стаіць на Гомельшчыне, найбольш пацярпелай ад радыяцыйнага забруджаньня. На пытаньне, ці магчыма жыхарам глыбінкі патрапіць на прыём да сталічных лекараў, намесьніца анкалягічнага цэнтру Ларыса Кур’ян адказала гэтак:
Людзі ў нас баяцца анколягаў: маўляў, калі выявілі рак, дык тваё жыцьцё скончанае

«Думаю, што не заўсёды зручна жыхарам Гомельскай вобласьці прыяжджаць сюды, але калі яны маюць цяжкасьці ў зваротах у паліклініку ці ў рэгіянальныя анкалягічныя цэнтры, дык гэтае пытаньне вырашальнае. Магчыма, што першы візыт давядзецца аплаціць — гэта каля 80—100 тысяч рублёў за кансультацыю. Але калі западозраць, што ў гэтага чалавека ёсьць злаякасная паталёгія, дык далейшае абсьледаваньне магчымае, у тым ліку і ў нашым цэнтры».

Актывістка руху салідарнасьці і падтрымкі анкалягічных хворых Ірына Жыхар таксама мяркуе, што перамагчы рак можна толькі пры ўмове адказнага стаўленьня да праблемы саміх хворых:

«Захворваньні на анкалёгію растуць у Беларусі гэтак жа, як і ва ўсім сьвеце. Але спэцыфічнасьць беларускай сытуацыі ў тым, што рак выяўляецца на позьніх стадыях, а таму і сьмяротнасьць у нас вышэйшая. Чаму так адбываецца? Бо людзі ў нас баяцца анколягаў: маўляў, калі выявілі рак, дык тваё жыцьцё скончанае, што замаруджвае шанец на лекаваньне. У гэтым пытаньні нам ніхто нічога не павінны, а мы павінны самі сабе. Вось у гэтым і ёсьць асноўная праблема».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG