Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нацбанк вывучыў, што грамадзяне вязуць з-за мяжы


Нацыянальны банк апублікаваў вынікі ананімнага анкетаваньня грамадзянаў у аўтадарожных пунктах пропуску на беларускай мяжы.

Зь яго вынікае, што з Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі грамадзяне найперш увозяць адзеньне, абутак, прадукты харчаваньня, тэлевізары, алькагольныя напоі, шыны, побытавую хімію, сродкі гігіены, кампутарную тэхніку і сродкі сувязі.

Паводле Нацбанку, па выніках 2013 году агульная колькасьць грамадзян, якая займаецца неарганізаваным увозам тавараў у Беларусь з Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі ў два разы перавысіць колькасьць тых, хто вывозіць тавары ў гэтыя краіны.

Паводле прагнозу, сумарны кошт увезеных фізычнымі асобамі тавараў з Латвіі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны складзе сёлета $1 млрд. 73,4 млн. Асноўная частка неарганізаванага імпарту тавараў будзе ажыцьцяўляцца з Польшчы (49%), Украіны (31%) і Літвы (20%).

Агульны кошт тавараў, якія вывезены зь Беларусі ў Латвію, Літву, Польшчу і Ўкраіну за гэты год ацэньваецца ў $620,3 млн.

Паводле дадзеных Нацбанку, асноўныя экспартуемыя грамадзянамі ў гэтыя краіны тавары — бэнзін, дызэльнае паліва, адзеньне, абутак, тытунёвыя вырабы, алькагольныя напоі, а таксама цукар, крупы і макаронныя вырабы.

У анкетаваньні бралі ўдзел беларускія і замежныя грамадзяне, якія перасякалі мяжу аўтатранспартам. З 8 тысяч анкетаў была запоўненая больш за палову. Пры гэтым асноўная частка запоўненых анкет (72,4%) прыпадае на беларускіх рэзыдэнтаў.
XS
SM
MD
LG