Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходні друк шырока камэнтуе падзеі ва Ўкраіне – прыпыненьне ўрадам працэсу эўраінтэграцыі і масавыя пратэсты супраць гэтага рашэньня.

The Wall Street Journal прыгадавае прагноз Зьбігнева Бжэзінскага 20-гадовай даўніны і канстатуе, што стаўкі ў барацьбе за Ўкраіну застаюцца ранейшымі.

The Wall Street Journal


«Без Украіны Расея перастае быць імпэрыяй, з Украінай жа, падкупленай, а затым падпарадкаванай, Расея аўтаматычна ператвараецца ў імпэрыю», – напісаў Зьбігнеў Бжэзінскі 20 гадоў таму. І ў сёньняшняй барацьбе за Ўкраіну стаўкі застаюцца ранейшымі.

Вярнуўшыся да ўлады, Пуцін стаў ставіцца да Захаду яшчэ больш варожа і паставіў мэту аднавіць расейскую сфэру ўплыву ў «блізкім замежжы». З-за накладзеных Масквой гандлёвых санкцый Кіеў ужо страціў 15 млрд даляраў і мог страціць яшчэ 500, калі б падпісаў пагадненьне з ЭЗ.

The Times


Першая «аранжавая рэвалюцыя» прывяла да адмены сфальсыфікаваных выбараў, але не змагла пераканаць разьяднаную Ўкраіну аддаць перавагу Эўропе перад Расеяй. Празь дзевяць гадоў украінцы зноў выйшлі на вуліцы, і шмат што зьмянілася: з-за запалохваньняў Уладзімера Пуціна праэўрапейскія настроі робяцца ўсё мацнейшыя нават на рускамоўным усходзе краіны.
Сёньняшнія акцыі пратэсту – гэта публічная праява барацьбы за тое, каму дастанецца палітычны капітал ад канчатковага развароту краіны да Эўропы. Пакуль ствараецца адчуваньне, што Януковіч паддаўся на пуцінскія пагрозы гандлёвай вайны, але адначасова ён цягне час. 25 лістапада прэм'ер-міністар Мікалай Азараў назваў адмову ад падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі «тактычным ходам» і намякнуў, што перагледжаны дакумэнт можа быць падпісаны ўжо ў наступным годзе. Калі Кіеў можа пачакаць, то і Брусэлю сьпяшацца няма куды, магчыма, будзе і прастора для манэўраў. Наступствы падпісаньня пагадненьня з ЭЗ у кароткатэрміновай пэрспэктыве абяцаюць быць балючымі. Верагодна, Януковіч спрабуе адтэрмінаваць гэты боль, а таксама ўтрымаць Цімашэнку па-за палітыкай да выбараў 2015 году, аднак гэта небясьпечная і эгаістычная стратэгія.

Newsweek


На канец мінулага тыдня Расея мела перавагу ў «двубоі за любоў» Украіны з Эўразьвязам. Януковіч палічыў за лепшае мець усе плюсы добрых стасункаў з Эўропай, а не жыцьцё пад пятой Пуціна. Але ўнутрыпалітычнага суперніцтва ён баіцца яшчэ больш і аддасьць перавагу таму, каб сьцерці двух сваіх магутных апанэнтаў (Юлію Цімашэнку і Віталя Клічко), чым змагацца зь імі на выбарах.
Тым часам для Пуціна Ўкраіна – найважнейшы элемэнт галаваломкі, як стварыць «альянс яго мары» і вярнуць Расеі яе былую савецкую веліч.

Экспэрт Лілія Шаўцова з Carnegie Endowment for International Peace называе пуцінскі праект крамлёўскім мэханізмам выжываньня, для якога неабходна, «каб вакол Расеі існавала галяктыка дзяржаў-сатэлітаў. Без Украіны галяктыка атрымліваецца кульгавая».

Віталь Клічко заяўляе, што яго мэта – зрабіць Украіну эўрапейскай, сучаснай краінай. Ня выключана, што ў глыбіні душы Януковіч падзяляе гэтую мэту, але на дадзены момант цана «уваходнага квітка», якая, магчыма, уключае ў сябе страту яго ўласнай палітычнай улады, падаецца Януковічу занадта высокай.

The Financial Times


Урэшце справу вырашылі грошы, прычым не для Ўкраіны, а для пэўных украінскіх кланаў. Ці магла Эўропа зрабіць больш? Мабыць, так. Аднак у эўрапейцаў ёсьць спакойная ўпэўненасьць у тым, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ў інтарэсах Украіны арыентавацца на Захад, а не на Маскву. У Эўропе па-ранейшаму мяркуюць, што рана ці позна ўкраінцы гэта зразумеюць. «Стратэгічнае цярпеньне» – вось лёзунг бягучага моманту.

Пра падрыхтоўцы матэрыялу скарыстаныя пераклады парталу Inopressa.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG