Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: «За два гады — ніводнага дазволенага пікета ў абарону Бяляцкага»


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Два гады таму суд Першамайскага раёну Менску асудзіў кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» да 4,5 гадоў зьняволеньня нібыта за ўтойваньне вялікіх прыбыткаў з-за мяжы. Чаму не ўдалося абскардзіць гэты прысуд? Якія навіны даходзяць з калёніі, дзе трымаюць палітвязьня?

Праваабаронцы «Вясны» працягваюць настойваць на невінаватасьці свайго калегі Алеся Бяляцкага і даказваць, што прысуд яму ў канцы лістапада 2011 году быў вынесены насуперак закону. Алеся Бяляцкага асудзілі за ўтойваньне прыбыткаў, атрыманых з-за мяжы, але, паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, гэтыя грошы Алесь Бяляцкі патраціў не на свае патрэбы, а выканаў даручэньні праваабарончых арганізацыяў па перадачы гэтых грошай на праваабарончыя мэты. Валянцін Стэфановіч кажа, што ў такім выпадку такія прыбыткі не абкладаюцца падаткам, у тым ліку паводле беларускага закону.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Суд вызначыў, што Бяляцкі дзейнічаў паводле ранейшых дамоўленасьцяў і ў сувязі з раней узятымі на сябе абавязацельствамі. Што так і ёсьць. Але суд, сказаўшы „а“, не сказаў „б“. Ня высьветліў: а якімі абавязацельствамі? Гэта мела вырашальнае значэньне для справы, аднак не было дасьледавана. Між тым гаворка ідзе пра абавязацельства дапамагчы рэпрэсаваным людзям, пра арганізацыю праваабарончых кампаній і гэтак далей. То бок ён перадаў гэтыя грошы, а не пакінуў іх сабе ў якасьці прыбытку, — а гэта не абкладаецца падаткам і паводле беларускага закону. Таму, калі мы кажам пра справу Алеся Бяляцкага, мы справядліва кажам пра парушэньні міжнародных дамоў, і пра тое, што прысуд супярэчыць нацыянальнаму закону. У такой перадузятасьці і абвінаваўчым ухіле прысуду мы бачым палітычныя прычыны».

Трымаюць Алеся Бяляцкага ў бабруйскай калёніі. Ён працуе на ўпакоўцы вырабаў швейнай вытворчасьці і піша, што з-за працы мае мала вольнага часу. На палітвязьня Бяляцкага за час адбыцьця пакараньня наклалі некалькі спагнаньняў нібыта за парушэньні ўнутранага парадку: ён быў пакараны скарачэньнем колькасьці спатканьняў і перадач. Паводле жонкі праваабаронцы Натальлі Пінчук, зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня і ўвогуле навіны пра турэмнае жыцьцё мужа ў прэсе ўплываюць на стаўленьне да яго з боку адміністрацыі. У пачатку лістапада Алесь Бяляцкі адбыў палову прызначанага яму судом тэрміну. Натальля Пінчук працытавала ліст, які атрымала ў лістападзе ад Алеся.

Натальля Пінчук
Натальля Пінчук
«Надыходзіць лістапад — самы цёмны і сумны месяц. Такі ж сумны, як і люты, але той — самы халодны. Адзінае, што ў ім — гэта 4-га, палова тэрміну».

Паводле зьвестак з бабруйскай калёніі, адбыцьцё паловы тэрміну не дадало Алесю Бяляцкаму пэрспэктыў на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

Цягам больш як двух гадоў імя Алеся Бяляцкага знаходзіцца ў сьпісе тых, каго патрабуюць вызваліць Эўразьвяз і ЗША. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на гэта адказвае: хай напішуць прашэньні аб памілаваньні, тады я іх разгледжу і вырашу. Між тым палітвязьні, у тым ліку Алесь Бяляцкі, адмаўляюцца падпісваць прашэньне аб памілаваньні, паколькі ня лічаць сябе вінаватымі.

Ці ўдаецца пашырыць кампанію салідарнасьці з палітвязьнямі, у тым ліку з Алесем Бяляцкім, унутры краіны? За два гады праваабарончыя арганізацыі «Вясна» , «Салідарнасьць» ды іншыя зладзілі некалькі кампаніяў па дасыланьні паштовак салідарнасьці з палітвязьнямі ў беларускія вязьніцы. Асобныя грамадзкія актывісты вывешвалі на вуліцах гарадоў банэры, наносілі на дамы графіці з патрабаваньнямі вызваленьня тых, хто пакараны за грамадзкую і палітычную дзейнасьць, як Алесь Бяляцкі. Шмат каго з гэтых актывістаў, як Паўла Вінаградава ці Ўладзя Яроменку, затрымлівалі міліцыянты, а суды давалі ім розныя пакараньні.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка
На думку грамадзкага актывіста з Гомеля Леаніда Судаленкі, улады робяць усё магчымае, каб зьменшыць розгалас пра справу Алеся Бяляцкага і іншых палітвязьняў. Прыкладам, у Гомелі заяўкі мясцовых актывістаў на пікеты салідарнасьці з Алесем Бяляцкім не былі задаволеныя.

«Нават калі з былым мэрам Гомеля Сьвятланай Гальдадзэ мы рабілі такія спробы зладзіць у Гомелі пікет, ці вулічнае шэсьце замаўлялі, з нагоды арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага, нам заўсёды адмаўлялі. Адна са скаргаў нават ужо зарэгістраваная ў камітэце ААН па правах чалавека».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», за два гады ў Беларусі не было дазволена ніводнага пікету салідарнасьці з Алесем Бяляцкім, а ўсяго такіх заяваў падавалася больш за 30.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG