Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы прайшла штогадовая імпрэза, прысьвечаная чарговым угодкам пісьменьніка-земляка. Каля помніка Уладзімеру Караткевічу прайшлі літаратурныя чытаньні «І не зьнікаць паэтам вечна», якія завяршыліся ўрачыстым ускладаньнем кветак.

Штогод 26 лістапада каля помніка пісьменьніку ў гарадpкім парку зьбіраюцца вучні і настаўнікі, работнікі сфэры культуры і дэмакратычныя актывісты горада, супрацоўнікі музэя Ўладзіміра Караткевіча, сябры «Таварыства беларускай мовы», мясцовыя літаратары і проста гараджане, якія памятаюць гэтую дату.

Сёлета ва ўраджэнца Воршы Ўладзіміра Караткевіча — 83-я ўгодкі, і ўжо амаль 20 год яго няма на гэтым сьвеце. Але ягоная заўсёдная прысутнасьць у Воршы дужа адчувальная: ягонае імя носіць вуліца, дзе дагэтуль стаіць хата сваякоў Караткевіча. Гасьцюючы тут, ён пісаў аповесьць «Дзікае паляваньне караля Стаха», і пра гэта нагадвае мэмарыяльная шыльда. Тут ёсьць гарадзкі музэй, дзе экспануюцца і асабістыя рэчы пісьменьніка, і ўсё, што сабрана пра яго ў літаратурным, музычным, мастацкім выяўленьні: кнігі, карціны, аўдыёзапісы. Імя Ўладзімера Караткевіча носяць дзіцячая бібліятэка і сярэдняя школа № 3, вучні якой традыцыйна бяруць удзел і ў літаратурных чытаньнях у гонар земляка, і ў іншых імпрэзах.

Сёлета, як і зазвычай, сьвяткаваньне ўгодкаў будзе доўжыцца ўвесь гэты апошні лістападаўскі тыдзень. Музэй запрашае на тэатралізаваныя экскурсіі «Плянэта Караткевіча» з удзелам творчых калектываў Воршы. У дзіцячай бібліятэцы імя У. С. Караткевіча пройдзе літаратурны вечар «Пясьняр душэўнай шчодрасьці. На заўтра заплянаваная прэзэнтацыя аўдыёальбому Зьміцера Вайцюшкевіча «Я нарадзіўся тут» на вершы Караткевіча, на пасьлязаўтра — літаратурна-музычная гасьцёўня «Жыве Караткевіч у горадзе родным, у творах, музэі, у сэрцы народным».

Аршанцы шануюць памяць славутага земляка, ведаюць мясьціны, дзе ён жыў, і дзе любіў бавіць час. А вось у абласным Віцебску ўгодкі Караткевіча сёлета практычна не адзначаюцца.

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG