Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскія сьцяжкі ў кабінах кіроўцаў і непісьменная бабуля з Грозава


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Аднойчы я быў назіральнікам на выбарчым участку. Гэта быў рэфэрэндум 1995 году. Мы сядзелі зь міліцыянтам, і чакалі, калі далічаць галасы, і дакумэнты павязуць у раённую выбарчую камісію.

Разгаварыліся.

«А мне ўсё роўна які будзе сьцяг над Домам Ураду, – прызнаўся старэйшы лейтэнант, хоць майткі драныя – абы грошы добрыя плацілі!»

***
Апошнія месяцы пачалі пэрыядычна зьяўляцца паведамленьні пра тое, як грамадзяне пішуць скаргі на кіроўцаў, у чыіх аўтамабілях у кабінах месьцяцца афіцыйныя чырвона-зялёныя сьцяжкі ў пары з расейскім дзяржаўным. Вось толькі некалькі з шэрагу матэрыялаў: тут, тут і тут.

Я пачаў прыглядацца, і заўважыў для сябе, што мода на сьцяжкі ў кабіне – вузкацэхавая. Бо сьцяжкі былі звычайна прычэпленыя ў кіроўцаў-наёмных работнікаў. Будзь то дзяржаўны аўтобус, ці прыватная маршрутка ці грузавічок. І гэтай модай відавочна карыстаюцца.

Gleboki Smak: – У Берасьці кожны дзень у розных кропках раздаюць! Нейкія хлопцы. Увесь час. Такое адчуваньне, што працуюць кожны дзень. Пры спробе паразмаўляць – сыходзяць.

Халезин Юрий: – Мне сувалі двайны сьцяжок на скрыжаваньні пр-та Незалежнасьці каля КДБ маладыя людзі. Ніхто ня ўзяў на маіх вачох з тых, хто стаяў на сьветлафоры.

Рыхтуючы з калегам Дзянісам Носавым чарговы выпуск перадачы «Голая Праўда», мы заўважылі маршрутку «Рудзенск–Менск» з дуплетам з двух сьцяжкоў. Я вырашыў высьветліць матыў. Кіроўца адказваў без усялякага ідэалягічнага надрыву, і ўрэшце пацьвердзіў мае падазрэньні пра абыякавасьць удзельнікаў «флэшмобу» са сьцяжкамі:

«Прадаваліся разам, дык і начапіў разам».

Я адразу згадаў міліцыянта з майго 1995 году.

***
У масавай сьвядомасьці беларусаў ніколі не было сваёй звыклай дзяржаўнай сымболікі, чыё паходжаньне і існаваньне не выклікае дыскусіяў і не вымагае дадатковых ведаў. У ХІХ ст., калі фармаваліся нацыі, беларусы былі па-за працэсам. У 1918 годзе быў шанец на стварэньне дзяржавы і нацыі, але ён быў спынены бальшавікамі з Усходу.

Сымболіка псэўдадзяржавы БССР? Герб ані зьместам, ані дызайнам не адрозьніваўся ад сымболікі захопнікаў-бальшавікоў. І нёс у сабе не нацыянальны, а партыйны зьмест.

А сьцяг дык наогул зьявіўся ажно ў 1954 годзе як варыянт агульнага партыйнага – чырвонага зь сярпом і молатам. Тады ўсе пятнаццаць рэспублік атрымалі знакі адрозьненьня на сьцягах. Гэта як шэўроны ў савецкім войску: чорныя – танкісты, чырвоныя – пяхота, блакітныя – авіяцыя і г.д. І ўсё гэта зь сярпом і молатам.

Я ведаю, што савецкая сымболіка для кагосьці ёсьць тоеснай нацыянальнай, але гэтых людзей няшмат. Збольшага ўспрымаюць дзяржаўныя сымбалі як знакі адрозьненьня.

***

Што рабіць з модай кіроўцаў? Бамбіць іх начальства скаргамі, ці ладзіць асьветніцка-інфармацыйны перахоп на дарогах? Ці спачатку дазнацца, хто гэтыя сьцяжкі распаўсюджвае, і ці можна прапанаваць людзям выбар: напрыклад, сьцяжкі з гербамі іх гарадоў і абласьцей?

Для мяне пытаньне актуалізавалася акурат напярэдадні чарговых угодкаў Слуцкага Збройнага чыну.

Мне ня раз даводзілася езьдзіць па мясьцінах баявой славы случакоў. І з году на год я назіраў тую саму карціну. З аўтобуса да крыжа ў гонар палеглых байцоў Слуцкага войска выходзяць людзі. Выходзяць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, а то і з харугвамі з «Пагоняй». Прамоўцы гавораць пра гераізм палеглых продкаў, пасьля пра сучасную пагрозу з Расеі.

Асаблівы акцэнт робіцца на здрадніках-манкуртах унутры Беларусі, якія не шануюць сьвятыні нацыянальнага Адраджэньня, і на прыхвасьнях расейскага імпэрыялізму.

Пасьля выконваецца «Магутны Божа», і ўсе ідуць у аўтобус – ехаць да наступнага крыжа.

Грозаў-Семежава-Вызна. Штораз за дзеяй назіраюць мясцовыя жыхары. І штораз некаторыя пытаюцца міжсобку: а што гэта ладзіцца? І штораз самыя адважныя спрабуюць запытацца ў прыежджых. Квінтэсэнцыя сытуацыі для мяне ў такім вось пачутым аднойчы дыялёгу ў Грозаве.

Бабуля:

– Дзетачкі мае, а што ж гэта за мітынг, што за сьцягі?

– Вось, бабуля, вам улётка, тут усё напісана!

– А вой, дык а я ж чытаць ня ўмею…

Але аўтобус ужо завёўся – няма часу, яшчэ ж два прыпынкі, і да Слуцку трэба пасьпець.

***

Ці лічу я кіроўцу з маршруткі «Рудзенск-Мінск» здраднікам-манкуртам, прыхвасьнем расейскага імпэрыялізму? Вядома, не. Ці магу вінаваціць у тым, што з усіх СМІ ён хутчэй за ўсё далей за забаўляльныя каналы пультам тэлевізара не кіруе? І зусім рэдка абірае БТ, дзе дазнаецца пра «сяброўства з Расеяй». І таму ня ведае пра сьвятыні нацыянальнага Адраджэньня.

Ці ва ўсім сьвеце людзі ёсьць прагнымі шукальнікамі новага? Канечне не. Большасьць людзей на плянэце – пасіўныя спажыўцы інфармацыі. Пасядзі за стырном гадзінак дзесяць, паглядзім пасьля, што ты захочаш шукаць у інтэрнэце ці хаця б у тэлевізары.

***

Як зрабіць так, каб у Беларусі зьнікла манаполія на электронныя СМІ? Я проста цяпер не адкажу. Затое я ведаю што параіць аматарам выкрываць «здраднікаў-манкуртаў». Пачніце з дырэкцыяў аўтобусных паркаў і аўтабазаў.

Толькі ня шліце анафэмы, а папрасіце начальства пагаварыць са сваімі падначаленымі, і сьцісла распавядзіце ў лісьце пра значнасьць бел-чырвона-белага сьцягу.

Магчыма і да вас пацягнуцца людзі?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG