Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што робяць беларускія вайскоўцы ў Емэне?


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Беларус, які загінуў у Емэне ў выніку мэтанакіраванага нападу тэрарыстаў, працаваў у ахове прэзыдэнта краіны Абда Рабу Мансура аль-Хадзі. А таксама быў вайсковым дарадцам у адной з частак службы бясьпекі.

Другі беларус у выніку нападу пацярпеў. Абодвух расстралялі на выхадзе з гатэлю з пад’ехаўшага матацыкла.

Вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін тлумачыць, што ў Емэне могуць рабіць беларускія вайскоўцы:

«Нічога дзіўнага няма ў тым, што нашы людзі там ёсьць. Беларускія адмыслоўцы ў спэцапэрацыях высокакваліфікаваныя. Яшчэ з савецкіх часоў. Можна меркаваць, што яны маглі займацца і аховай прэзыдэнта».

«На жаль, — кажа Алесін, — няма нічога дзіўнага і ў тым, што яны пацярпелі. Емэн разьдзіраюць міжпляменныя войны, усе групоўкі там узброеныя да зубоў. Яны паміж сабой канфліктуюць і з цэнтральным урадам. Таму цэнтральны ўрад Емэна — адзін з асноўных сярод краінаў — пакупнікоў узбраеньняў».

Алесін нагадвае, што, паводле справаздачы ААН за 2010 год, Беларусь прадала Емэну 66 танкаў Т-80БВ.

«Яны нам дасталіся ад савецкага войска. Калі іх выводзілі з тэрыторыі былой ГДР, дык на тэрыторыі Беларусі засталося каля 200 такіх танкаў. Пасьля Беларусь вырашыла, што ў яе асноўным танкам будзе Т-72. Гэтыя танкі вырашана было прадаць. У арганізацыі, якая кантралявала выкананьне дамовы пра звычайнае ўзбраеньне, спыталі дазволу ўключыць іх у экспартную групу. Мы іх выкарыстоўваць ня можам, а захоўваем для продажу.

Танк гэты дастаткова тэхнічна складаны. Рухавік там газатурбінны актыўны, патрабуе шмат паліва. Пакупнікоў было няшмат, але вось Емэну 66 штук прадалі. Практыка такая, што нейкі час ёсьць гарантыйны пасьляпродажны тэрмін. Далей эксплюатацыю ўжо ажыцьцяўляюць адмыслоўцы краіны-пакупніка».

За часамі СССР у Емэне знаходзілася савецкая вайсковая база.
XS
SM
MD
LG