Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі лекар, які праз інтэрнэт крытыкаваў мясцовыя ўлады і стан мэдычных установаў вобласьці, просіць сустрэчы з памочнікам прэзыдэнта Дамашкевічам, каб распавесьці яму пра новыя парушэньні.

Пасьля крытычных выступаў у жніўні гэтага году «лекара-праўдаруба», як назвалі яго журналісты, зьмясьцілі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Але і пасьля гэтага ён не замоўк.

Ігар Пасноў ужо некалькі месяцаў працуе ў Віцебскім псыхіятрычным дыспансэры лекарам-нарколягам. Гэта новая пасада, на якую яго перавялі пасьля прымусовага псыхіятрычнага лячэньня.

Але ён па-ранейшаму ня згодны з рашэньнем суду Віцебскага раёну і аспрэчвае пастанову пра прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Пасьля таго, як касацыйную скаргу адхіліў абласны суд, віцебскі лекар зьвярнуўся вышэй — да старшыні абласнога суду:

«Зьвярнуліся да старшыні абласнога суду яшчэ 15 кастрычніка — і дагэтуль няма адказу. Ужо і месяц прайшоў, а адказу няма і няма. Будзем скардзіцца: чаму не адказвае старшыня абласнога суду!»

Складаць скаргі і звароты лекару дапамагае праваабаронца Пётр Іваноў. Разам яны падрыхтавалі і ліст у Канстытуцыйны суд пра тое, што дзейны закон «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі» супярэчыць палажэньням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І тым самым легалізуе парушэньні правоў асобы, кажа спадар Іваноў:

«Забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзянаў зьяўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы, паводле часткі 1 артыкула 21 Канстытуцыі. Але гэтая вышэйшая мэта падмяняецца іншымі мэтамі ў самім законе, пачынаючы з прэамбулы: „Гэты закон накіраваны на вызначэньне прававых і арганізацыйных асноваў дзяржаўнага рэгуляваньня ў галіне аказаньня псыхіятрычнай дапамогі“... Увесь гэты закон пранізаны неканстытуцыйным сэнсам, і таму ён адраджае на дзяржаўным узроўні карную псыхіятрыю. Прычым у самых звыродлівых формах, як гэта атрымалася з Пасновым».

Паводле праваабаронцы, артыкул № 40 гэтага закону санкцыянуе поўную ізаляцыю пацыента ад зьнешняга сьвету: яму могуць забараніць перапіску і сустрэчы з наведнікам, як гэта здарылася з Ігарам Пасновым. І ў такім выпадку чалавек ня зможа ні скантактавацца з адвакатам, ні паведаміць пра гвалт і катаваньні.

Рашэньне пра абмежаваньні аднаасобна прымае лекар, і ён таксама можа стацца ахвярай ціску, дадае Ігар Пасноў:

«Абмежаваньні могуць уводзіць па рэкамэндацыі лекара, загадчыка
не выключаны розныя злоўжываньні — ня толькі палітычныя, але й маёмасныя, кватэрныя
аддзяленьня... А псыхіятар — гэта ж чалавек, і ў яго могуць быць чалавечыя слабасьці. Псыхіятары атрымліваюць малыя заробкі, яны жабракі. І таму не выключаны розныя злоўжываньні — ня толькі палітычныя, але й маёмасныя, кватэрныя. Нельга, каб лекар аднаасобна пазбаўляў чалавека канстытуцыйных правоў!»

Гаворачы пра становішча калегаў, Ігар Пасноў зноў згадвае, што ў сыстэме аховы здароўя Віцебскай вобласьці нічога не зьмянілася. Яго зьмясьцілі ў псыхушку пасьля відэавыступу ў інтэрнэце пра масавае прымусовае лячэньне ад алькагалізму работнікаў сельскай гаспадаркі і асобаў бяз пэўнага месца жыхарства за дзяржаўны кошт, і цяпер ён не адмаўляецца ад сваіх крытычных заўвагаў:

«Я пацярпеў за бамжоў, бо быў супраць, каб іх зьбіралі і шпіталізавалі, каб работнікаў сельскай гаспадаркі аўтобусамі ў шпіталі звозілі. І цяпер усе тыя пытаньні засталіся. Шпіталі не рамантуюцца, у тым ліку інфэкцыйны шпіталь, ня дай Бог каму туды трапіць. А дом для губэрнатара стаіць, пабудаваны за дзяржаўныя грошы! Ну, мяне зачынілі ў псыхушцы. А быў жа яшчэ й працяг!»

Працягам ціску на неабыякавых людзей Ігар Пасноў лічыць здарэньне з палітыкам Сяргеем Рыжовым, якога 16 лістапада забралі ў выцьвярэзьнік і там зьбілі. Зараз па гэтым факце праводзіць праверку Сьледчы камітэт. Пасноў нагадвае, што Сяргей Рыжоў быў сярод тых, хто заступаўся за яго падчас прымусовай шпіталізацыі. І пра гэтае здарэньне лекар, які цяпер апякуецца Рыжовым, даслаў паведамленьне памочніку прэзыдэнта Мікалаю Дамашкевічу. Запісаўся Ігар Пасноў і да яго на прыём — каб распавесьці пра ўсе тое, што ён называе «фашызацыяй грамадзтва». Але ён ня ўпэўнены, што на гэты прыём яго пусьцяць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG