Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі суд пераглядае справу пра забойства студэнткі


У судовай залі

У судовай залі

26 лістапада ў Гомельскім абласным судзе распачаты перагляд крымінальнай справы Аляксандра Грунова пра забойства з асаблівай жорсткасьцю студэнткі Наташы Емяльянчыкавай.

Улетку гэты ж абласны суд, але ў іншым складзе, прысудзіў Грунова да сьмяротнага пакараньня. Аднак Вярхоўны суд адмяніў вырак.

Аляксандар Груноў у клетцы за бранявым шклом не выглядае жорсткім забойцам. Калі б ня доказныя факты сьледчых, судмэдэкспэртаў, то й ня скажаш адразу, што невысокага росту, хударлявы на выгляд 24-гадовы хлопец паламаў сваёй ахвяры рэбры й нанёс ёй ня меней за 102 удары нажом. Забітай дзяўчыне наклалі шмат грыму, каб людзі моцна не жахаліся пры пахаваньні.

На пытаньні Груноў адказвае так замаруджана й ціха, што судзьдзі Анатолю Тозіку, які старшынюе, даводзіцца раз-пораз паўтараць: «Кажыце гучней, выразьней».

Віну сваю ў жорсткім забойстве Груноў прызнаў толькі часткова: так, забойства ўчыняў, але не з хуліганскіх памкненьняў, як кваліфікуе гэта сьледзтва і дзяржаўны абвінаваўца ў асобе прадстаўніцы абласной пракуратуры Тацяны Жызьнеўскай.

Падсудны адмовіўся сёньня даваць у судзе хоць якія паказаньні па крымінальнай справе, даверыўшы сваю абарону адвакату Сяргею Краснову.

Маці забітай студэнткі Ірына Емяльянчыкава падчас сваёй прамовы прасіла паўторна прысудзіць забойцу дачкі сьмяротнае пакараньне. Пры гэтым спаслалася на выказваньне Аляксандра Лукашэнкі.

14 лістапада кіраўнік дзяржавы, прымаючы генэральнага пракурора Аляксандра Канюка ўжо пасьля адмены Вярхоўным судом сьмяротнага пакараньня Грунову, заявіў так:

«Калі ты — нягоднік і падонак, і ня першы раз учыняеш злачынства, забіваеш чалавека, дык якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакараньне павінныя быць адпаведнымі. Вазьміце гэта на кантроль. У іншым выпадку мы ніколі не навядзём парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпэратуру ў грамадзтве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку»

Маці падсуднага Вольга Грунова кажа, што суды пакідалі жыцьцё й больш жорсткім забойцам, а кіраўнік дзяржавы наагул ня можа прадвызначаць судовыя выракі:
Лукашэнка наагул ня мае права камандаваць судом, умешвацца ў справы судзьдзяў

«Лукашэнка наагул ня мае права — я яму напісала ліст, але мне не адказалі — камандаваць судом, умешвацца ў справы судзьдзяў. Не такія забойцы бываюць. Вунь і сем’і выразаюць, і невядома што вытвараюць — і не даюць сьмяротнае пакараньне. А тут — нібыта адзінкавы такі выпадак — сыну далі расстрэл».

Выглядае, што перагляд крымінальнай справы Грунова сапраўды стане своеасаблівым тэстам на незалежнасьць беларускага суду.

Пра гэта кажа й гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які прысутнічаў сёньня на судзе Грунова:

«Была надзея, што пасьля адмены сьмяротнага пакараньня Вярхоўным судом па гэтай справе ня будзе ўжытае сьмяротнае пакараньне ізноў. Але ж пасьля заяваў галоўнага судзьдзі краіны, дзейнага прэзыдэнта шанцы на замену сьмяротнага пакараньня іншым, у тым ліку й пажыцьцёвым зьняволеньнем, вельмі зьменшыліся. Кожнаму вядома, што ў нашай краіне адсутнічае незалежная судовая сыстэма».

Тым часам суд вывучае ўсе аспэкты жорсткага забойства і асобы зламысьніка. Агучана было, што да забойства студэнткі Емяльянчыкавай Аляксандар Груноў быў двойчы асуджаны. Апошні раз — у 2005 годзе, за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў сужыцелю сваёй маці, ад якіх той памёр. На волю Груноў быў адпушчаны па амністыі.

Аляксандар Груноў

Аляксандар Груноў

XS
SM
MD
LG