Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі палітоляг Фэсэнка: «Януковіч на саступкі ня пойдзе»


Уладзімер Фэсэнка

Уладзімер Фэсэнка

Палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Уладзімер Фэсэнка кажа, што прагноз — што да Віленскага саміту — дастаткова просты і крыху сумны.

«Зь вельмі высокай верагоднасьцю ніякага падпісаньня дамовы пра асацыяцыю Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам у Вільні ня будзе. Нават пратэсты, якія зараз працягваюцца ў Кіеве ды іншых гарадах краіны, не прымусяць Януковіча да падпісаньня гэтай дамовы. Адзіны шанец можа даць зьмена пазыцыі Захаду — і Эўрапейскага Зьвязу, і ЗША, — калі яны пагодзяцца даць Украіне пакет макраэканамічнай дапамогі. Калі такое рашэньне альбо цьвёрдыя гарантыі пра магчымасьць такога пакету будуць, тады будзе шанец на падпісаньне. Калі не — у Вільні будуць перамовы, яны працягнуцца, хутчэй за ўсё, і пасьля Вільні. Шанцы на падпісаньне дамовы будуць захоўвацца як мінімум да вясны. Калі да вясны ня ўдасца дамовіцца пра падпісаньне гэтай дамовы — пытаньне будзе ўжо вырашацца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Што да пэрспэктывы Эўрамайдану ў Кіеве, усё залежыць ад таго, ці ўдасца апазыцыі і грамадзкім актывістам падтрымліваць масавасьць гэтых акцыяў, пашыраць іх. Але, хутчэй за ўсё, Януковіч на саступкі ня пойдзе. Для яго гэта — праява слабасьці, і ён добра памятае ўрокі 2004 году і проста так здавацца ня будзе. Верагодна, улада будзе выкарыстоўваць тактыку зацягваньня часу, паступовай лякалізацыі майданаў. Так што ў сьнежні ў нас можа працягвацца даволі трывалае палітычнае процістаяньне, хаця ёсьць рызыка, што апазыцыя можа згарнуць гэтыя акцыі нават пасьля Віленскага саміту».
XS
SM
MD
LG