Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латышонак: у Дзень Герояў трэба ўспамінаць усіх змагароў


Тры беларускія гісторыкі — Алесь Краўцэвіч, Алег Латышонак і Анатоль Міхнавец — зьвярнуліся да беларусаў з заклікам штогод 27 лістапада адзначыць Слуцкі збройны чын.

У сваім закліку яны, сярод іншага, гавораць:

«Дзевяноста тры гады таму, 27 лістапада 1920 года, распачаўся Слуцкі Збройны Чын. Нашы продкі выступілі на змаганьне за сваю дзяржаву — Беларускую Народную Рэспубліку. (...)

Свая Рэспубліка нараджалася ў крывавых муках, але наш беларускі родны дух, які тады ажыў, не згасаў. На поле бітвы ўсьлед за случакамі выходзілі наступныя пакаленьні змагароў за Беларусь. 27 лістапада — іхны дзень: Дзень Герояў.

Таму заклікаем усіх, хто носіць імя беларуса, годна сьвяткаваць гэты Дзень, успамінаць нашых Герояў і штогод ставіць у акне сьвечку. Няхай яе агеньчык сыгналіць Змагарам, што ў гэтай хаце помняць іх Чын.»

Алег Латышонак

Алег Латышонак

Алег Латышонак зь Беластоку, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, так патлумачыў ідэю закліку:

«27 лістапада 1920 году Першая слуцкая брыгада стралкоў БНР пачала бой з бальшавіцкімі войскамі, якія сталі займаць Случчыну. Першае сьвяткаваньне гэтай падзеі адбылося ў Вільні, у 11-тыя ўгодкі паўстаньня. А пасьля Другой сусьветнай вайны гэтая падзея стала сьвяткавацца як Дзень Герояў. Можна пра гэтую падзею гаварыць і як пра Слуцкае паўстаньне, і як пра Слуцкі збройны чын, але назва Дзень Герояў мае шырэйшае значэньне, таму што ў гэты дзень мы адзначаем памяць пра ўсіх, хто змагаўся са зброяй у руках за Беларусь.

Ідэя ставіць сьвечкі ў гэты дзень прыйшла мне ў галаву пасьля таго, як я пабачыў, што ў Латвіі ставяць сьвечкі ў вокнах на іхны Дзень Герояў. Я падумаў, што ў нашай сытуацыі, у якой мы ня маем практычнай магчымасьці наладзіць адпаведнае сьвяткаваньне, якраз сьвечка ў акне будзе найлепшым доказам, што мы душой з тымі людзьмі, якія загінулі за Беларусь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG