Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Наем: «Эўрамайдан скончыцца Эўразьвязам»


Мустафа Наем на адной з кіеўскіх акцый

Мустафа Наем на адной з кіеўскіх акцый

Мустафа Наем, украінскі карэспандэнт і аўтар журналісцкіх расьсьледаваньняў інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда», быў адным зь першых, хто заклікаў людзей у сацыяльных сетках выходзіць на Майдан.

«Добра, давайце сур’ёзна. Вось хто сёньня да паўночы гатовы выйсьці на Майдан? Лайкі ня лічацца. Толькі камэнтары пад гэтым пастом са словамі „я гатовы“. Як толькі набярэцца больш за тысячу, будзем арганізоўвацца», — напісаў журналіст 21 лістапада.

У інтэрвію Свабодзе Мустафа Наем расказаў пра тое, чаму журналісты падтрымалі акцыю на Майдане, а таксама чаму гэтая акцыя мае вялікае значэньне і для беларусаў.

— Спадар Мустафа, ёсьць меркаваньне, што Эўрамайдан пачаўся з вашага допісу ў Фэйсбуку. Ці згодныя з гэтым?

— Не, я не магу сказаць, што гэта пайшло ад мяне. Бо ўжо ў той дзень, калі першыя людзі выйшлі на Майдан, было зразумела, што будзе вялікая акцыя. Таму ўсё, што я зрабіў, — гэта выказаў думку вялікай колькасьці людзей. Проста ва Ўкраіне ўжо даўно не было такіх агульнанацыянальных і агульнаграмадзянскіх акцыяў, у якіх галоўным стрыжнем былі б звычайныя непартыйныя людзі. Не прыхільнікі і ня лідэры партыяў, а проста звычайныя людзі. Заклік пайшоў не ад партыйных лідэраў, не ад улады і не ад апазыцыі, а проста ад звычайных людзей. І гэта выклікала рэакцыю. І тады сапраўды пачалася гэтая акцыя. Але справа ў тым, што далей да нас усё роўна далучыліся партыі. І зараз шмат партыйных людзей таксама зьбіраюцца на Майдане.

— Чаму журналісты так актыўна падтрымалі Эўрамайдан?

— Справа ў тым, што гэта ня проста акцыя, на якую людзі выходзяць выказаць свой пратэст. Гэта акцыя канкрэтнай справы — падпісаць дамову з Эўропай, быць у Эўразьвязе, пераняць эўрапейскі лад жыцьця. І журналісты, як ніхто іншы, гэта разумеюць, таму што яны шмат падарожнічаюць. Чаму яны падтрымалі? Я думаю, што гэта ўжо агульны настрой людзей, якія разумеюць, што гэта адзінае выйсьце для Ўкраіны. Вось і ўсё.

— Якая зараз сытуацыя на Майдане? Колькі там людзей? Што адбываецца?

— Пра колькасьць казаць складана, таму што людзей вельмі шмат. Сытуацыя вельмі нармальная. Час ад часу на людзей нападаюць праўладныя праваахоўныя органы, час ад часу здараюцца розныя правакацыі. Але збольшага гэта проста мірная акцыя: людзі сьпяваюць, размаўляюць паміж сабой, выходзяць і выступаюць.

— А як удзельнікі акцыі паставіліся да паведамленьня пра тое, што Юля Цімашэнка абвясьціла галадоўку на знак падтрымкі Эўрамайдану?

— Нейкай яскравай рэакцыі на гэта не было, але відавочна, што людзі паставіліся да гэтай галадоўкі як да моцнай падтрымкі.

— Якія зараз на Майдане лунаюць сьцягі, якія плякаты трымаюць людзі?

— Найбольш сьцягоў Эўрапейскага Зьвязу, а таксама нацыянальных украінскіх сьцягоў. Ну і таксама насамрэч шмат сьцягоў апазыцыйных партый — «Бацькаўшчыны», «Удару», «Свабоды». Трэба адзначыць, што людзі, якія ня хочуць стаяць пад партыйнымі сьцягамі, стаяць асобна.

— Чаго чакаць ад Эўрамайдану? Як завершыцца гэтая акцыя?

— У канцы будзе рашэньне пра тое, што мы будзем у Эўразьвязе. Гэта не залежыць ні ад гэтай акцыі, ні ад мяне, ні ад маіх аднадумцаў, ні ад палітычных лідэраў. Мы ўсё роўна будзем там. Гэтая акцыя толькі можа паскорыць гэты працэс і ня даць зрабіць памылковы крок, які пасьля будзе даволі складана адыгрываць назад.

— Вядома, што шэраг беларусаў таксама бярэ ўдзел у Эўрамайдане, над якім лунаюць у тым ліку і бел-чырвона-белыя сьцягі. Як Вы лічыце, ці важна для беларусаў удзельнічаць у гэтай акцыі? І што яна ўвогуле значыць для Беларусі?

— Я думаю, што гэта вельмі важна. Таму што падпісаньне дамовы пра асацыяцыю з Эўрапейскім Зьвязам будзе пачаткам «Усходняга партнэрства», ужо рэальнага і эфэктыўнага. Беларусь можа, пабачыўшы, што гэта мажліва і нескладана, зрабіць таксама крок насустрач Эўразьвязу. Магчыма, што гэта быў бы сыгнал для Беларусі.
XS
SM
MD
LG