Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя простыя зьмены ў ладзе жыцьця могуць мець нашмат больш станоўчае значэньне, чым вы можаце сабе ўявіць.

Вядомы амэрыканскі навуковы цэнтар Маё на сваім сайце дае сем парадаў, як зьменшыць рызыку анкалягічных захворваньняў.

Не выкарыстоўвайце тытунь. Нават калі вы знаходзіцеся побач з тымі, хто паліць – тытунёвы дым можа павялічыць рызыку раку лёгкіх.

Спажывайце здаровую ежу. Асабліва – садавіну і гародніну. Імкніцеся, каб у вашай ежы было як найменш тлушчу. Што датычна алькаголю, дык спажывайце яго ва ўмераных дозах. Алькаголь павялічвае рызыку раку малочнай залозы, тоўстай кішкі, лёгкіх, нырак і печані.

Падтрымлівайце аптымальную вагу і будзьце фізычна актыўнымі. Гэта зьменшыць рызыку раку малочнай залозы, прастаты, лёгкіх, тоўстай кішкі і нырак.

Абараняйцеся ад сонца. Загар выглядае прыгожа, але шмат для каго празьмернае знаходжаньне на сонцы можа мець вынікам рак скуры. Пазьбягайце паўдзённага сонца. Трымайцеся далей ад сонца ў час паміж 10 гадзінамі раніцы і 4 гадзінамі вечара, калі сонечныя прамяні найбольш моцныя. Калі вы на вуліцы, заставайцеся ў ценю як мага больш. Сонцаахоўныя акуляры і шырокі капялюш – таксама карысныя. Не эканомце на сонцаахоўных крэмах, нават калі вы не на пляжы, а проста на вуліцы.

Засьцеражыце сябе ад вірусных інфэкцый. Паразмаўляйце са сваім лекарам аб вакцынацыі супраць гепатыту В. Гепатыт В можа павялічыць рызыку разьвіцьця рака печані. Зьвярніце ўвагу на вірус папіломы чалавека (ВПЧ). ВПЧ перадаецца палавым шляхам, ён можа прывесьці да раку шыйкі і іншых анкалягічных захворваньняў полавых органаў. Вакцына супраць ВПЧ зьяўляецца даступнай як для мужчын, так і жанчын ва ўзросьце да 26 гадоў, калі яны ня мелі вакцынацыі ў падлеткавым узросьце.

Пазьбягайце рызыкоўных паводзінаў. Практыкуйце бясьпечны сэкс. Абмен іголкамі з ВІЧ-інфікаванымі наркаманамі можа прывесьці да захворваньня на СНІД, што ў сваю чаргу падвышае рызыку раку печані і лёгкіх, а таксама гепатыту, які можа павялічыць рызыку раку печані.

Рэгулярна праходзьце мэдычнае абсьледаваньне. Аналізы і дасьледаваньні могуць значна павялічыць шанцы на выяўленьне раку ў раньніх стадыях, калі ёсьць большая верагоднасьць на пасьпяховае лячэньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG