Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць эфіру – незалежны журналіст зь Беларусі Канстанцін Шыян, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Кіеве.

РС: Скажыце, як складаюцца дачыненьні паміж удзельнікамі Эўрамайдану і міліцыяй?

Шыян: Ёсьць чалавечы фактар: людзі застаюцца людзьмі, нягледзячы на нейкія каманды і заклікі. На маю думку, сутычкі ў Кіеве адрозьніваліся ад тых, якія даводзілася бачыць, напрыклад, у Маскве. Тут насамрэч ніякай жорсткай агрэсіі не было. Праваахоўнікі і ўчора і сёньня паводзіліся дастаткова спакойна і адказвалі толькі на дзеяньні правакатараў. Вось калі іх штурмавалі пад будынкам Кабінэту міністраў, яны тады і адказвалі. І актыўных дзеяньняў зь іх боку, каб можна было іх абзываць нейкімі нелюдзямі, як гэта шмат разоў было ў іншых краінах, гэтага не было. Усё ж такі стараюцца заставацца людзьмі. Паказальны момант – самі палітыкі цяпер імкнуцца не напружваць сытуацыю. Сёньня Клічко паціскаў рукі бэркутаўцам. Я не скажу, што ёсьць узаемная агрэсія і, наадварот, сымпатыя. Проста адныя стаяць на працы, а іншыя стаяць за ідэю.

РС: Людзі ўпершыню пасьля Памаранчавай рэвалюцыі выйшлі на майдан, прычым не на заклік палітыкаў, а самі, дамовіўшыся ў сацыяльных сетках. У параўнаньні з 2004-м годам гэта іншыя людзі, іншыя твары? Хто гэта? Палітычныя актывісты ці проста людзі з эўрапейскай скіраванасьцю?

Шыян: Я б сказаў, што гэта грамадзкія актывісты і проста людзі. Таму што апазыцыйныя лідэры сталі клікаць людзей на акцыі пратэсту толькі ў пятніцу, каб людзі прыходзілі ў нядзелю. А ў пятніцу і суботу людзі прыходзілі самастойна. Фраза «Я іду на майдан» была ў сацсетках самай папулярнай.

РС: А ў чым розьніца і падабенства акцыяў 2004 году і сёньняшніх? Як самі ўдзельнікі ацэньваюць?

Шыян: Мне думаецца, асноўнае адрозьненьне ў тым, што людзі цяпер не выступалі за зьмену ўлады. Людзі не патрабуюць імпічмэнту Януковіча. Гэтага патрабуе толькі палітычная апазыцыя. А самі людзі патрабуюць аднавіць перамовы з Эўропай. Пасьля Памаранчавай рэвалюцыі людзі тут вельмі моцна расчараваныя ў палітычных дзеячах. І вельмі часта даводзіцца чуць думку, што насамрэч апазыцыя ўсё псуе сваімі дзеяньнямі і лёзунгамі, бо ўсё зьмяшалася. Калі зьбіраліся, напрыклад, студэнты політэхнічнага інстытуту, іншая моладзь, арганізатары прасілі ўсіх ня браць з сабой ніякай партыйнай сымболікі. Толькі сьцягі Ўкраіны і Эўразьвязу.

РС: Такім чынам, палітычныя партыі не зацікаўленыя ў тым, каб абазначыць сваю прысутнасьць сваёй сымболікай, каб ня выклікаць раздражненьня?

Шыян: Насамрэч палітычныя партыі ў гэтым натуральна зацікаўленыя, але з гэтым, з партыйнай сымболікай ніхто не перабіраў меру. Сапраўды, каб не раздражняць, бо людзі гэтым разам выйшлі не за канкрэтных людзей, зьмену палітычнай эліты, а проста за жаданьне быць у Эўропе, жыць паводле эўрапейскіх стандартаў.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

XS
SM
MD
LG