Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорская паліклініка: «Нас хутка накіруюць на новыя могілкі»


Сьветлагорская паліклініка, чэрга ў лябараторыю

Сьветлагорская паліклініка, чэрга ў лябараторыю

У Сьветлагорску мясцовыя жыхары сталі скардзіцца на немагчымасьць патрапіць на прыём у раённай паліклініцы да лекараў вузкай спэцыялізацыі — анколяга, нэўроляга, гастраэнтароляга. Складана атрымаць накіраваньне ў абласны цэнтар на кансультацыю да патрэбных спэцыялістаў.

Паліклініка ў Сьветлагорску пачынае працаваць а восьмай раніцы. На вуліцы яшчэ цёмна, да таго ліе дождж. Але ўжо за паўгадзіны да пачатку прыёму ля двух акенцаў рэгістратуры ўтварыліся ладныя чэргі — чалавек па 15-20. Вялікая чарга сабралася й ля дзьвярэй паліклінічнай лябараторыі.

Лаянак у чэргах, пра якія піша наведнік нашага сайту, сёньня не чуваць. Аднак папярэджаньні пра адміністрацыйную адказнасьць за нецэнзуршчыну ў грамадзкіх месцах сапраўды вісяць на шкле рэгістратуры й гардэробнай. Прычым, вісяць даўно, бо базавая велічыня, паводле якой вызначаюць памер штрафу за лаянку як дробнае хуліганства, ужо значна вырасла.

Мужчына сярэдніх гадоў, які назваўся Аляксандрам, стаў у чаргу па талён да лекара апошнім. Кажа, што прыехаў у паліклініку зь вёскі Якімава Слабада:

«Зь вёскі прыедзь, вазьмі талёнчык, а потым ужо — на прыём да лекара. Час прызначаць, у колькі прыходзіць. Талёнчыка можа й ня быць. Бачыце, стаяць у адну чаргу. Па-першае, пакуль выдадуць талёнчык, пакуль знойдуць мэдкартку. Потым нясуць яе да лекара — прынесьлі не прынесьлі... Карацей, добрага няма нічога».

Гараджанка Валянціна вядзе да эндакрыноляга бабулю. Наўгад. Бо запісалі яе толькі на 16 сьнежня, а бабулі кепска ўжо сёньня:

«Да эндакрыноляга вельмі цяжка патрапіць! Запісалі вось толькі на шаснаццаты дзень сьнежня. (Бабуля: „Восемдзесят тры гады, а не магу патрапіць“). Просім прыняць. Патрапім ці не — невядома».

Пэнсіянэрка Вера зь вёскі Чкалава апавядае пра свой досьвед наведаньня паліклінікі:
Да лекара — не заўсёды патрапіш. Прыедзем зь вёскі і сядзім тут да вечара. І нічога

«Вельмі складана. Да лекара — не заўсёды патрапіш. Прыедзем зь вёскі і сядзім тут да вечара. І нічога. Тады зьбіраемся — і назад, і больш ня едзем. Я прыехала з Чкалава: наняла машыну й прыехалі. Бо аўтобусы таксама ня ходзяць. Што нам рабіць, бедным? У мяне цукровы дыябэт. Трэба бегчы й зрабіць аналіз на глюкозу. От, як зь вёскі прыехаць да восьмай гадзіны? Не прыедзеш! А прыедзем — мне ўжо талёнаў няма».

Гараджанка Любоў Савельеўна гэтаму не зьдзіўляецца:

«Правільна, талёнаў няма: талёны раздаюць на месяц. Такая практыка цяпер. Прыходзіш цяпер і, калі ласка, запісвайся на наступны месяц. Каму зручна, а каму й не».

У Мікалая Рыгоравіча, які пасьля Чарнобыльскай катастрофы пераехаў з Брагіна ў Сьветлагорск, свая бяда. Ад анкалёгіі памерла сястра, а зараз на яе пакутуе й жонка:

«Жонку прывёў аналіз здаць — кроў зь вены. Мэдсястра напісала на сёньняшнюю дату, бо я ж яе штодзённа вадзіць ня буду — яна ледзьве ходзіць. У шпіталі ляжыць — просіць накіраваньне ў Гомель. І не заўсёды патрапіць. Кажуць: вам і тут лекі даюць. Туды не накіроўваюць».

Суразмоўца нявесела жартуе: «Нас хутка туды вунь накіруюць — на новыя могілкі. Праўда, і там ужо праблема — месцаў не хапае».

Пра немагчымасьць трапіць да анколяга, а тым больш узяць накіраваньне ў Гомель да тамтэйшых спэцыялістаў пісаў на сайт і жыхар Сьветлагорску. І дадаў: нават дзеці як сьлед ня могуць рэалізаваць сваё права на мэдыцынскую дапамогу.

25 лістапада прыёму ў лекаркі-анколяга наагул няма. Яна цяпер сама на бальнічным.

Сьветлагорскі раён улады даўно перавялі з радыяцыйна забруджанага ў чыстыя. Але хварэюць на анкалёгію тут нават больш, чымсьці ў Хойніках ці Нароўлі. Экалёгія ўплывае ці што іншае — ніхто дакладна ня ведае. Аднак толькі сёлета за дзевяць месяцаў у раёне выяўленыя 303 жыхары з ракавымі новаўтварэньнямі, альбо 3,5 выпадкі на тысячу чалавек. У Хойніках гэты паказьнік склаў 2,6 выпадка на тысячу чалавек, у Нароўлі — 2,9. У сярэднім па вобласьці — 3,4 выпадкі.
Будынак Сьветлагорскай раённай паліклінікі

Будынак Сьветлагорскай раённай паліклінікі


Загадчыца паліклінікі ў Сьветлагорску Вольга Грамыка кажа, што яны імкнуцца пазбаўляцца чэргаў, удасканальваць запіс жыхароў на прыём да лекараў. Хутка ў паліклініцы запрацуе асобны апэратар тэлефоннай сувязі. Гэта вызваліць рэгістратуру, якая займаецца выдачай талёнаў да лекараў, ад абавязкаў адказваць яшчэ й на тэлефонныя званкі. Плянуюць увесьці таксама запіс да лекараў праз інтэрнэт.

Аднак з камплектацыяй паліклінікі спэцыялістамі вузкай скіраванасьці, у тым ліку і з анколягамі, трэба нешта вырашаць. Жанчына-анколяг, якая ёсьць ў паліклініцы, пэнсійнага ўзросту, і можа наагул пакінуць працу ў любы час.

Частку працы паліклініка перакладае на тэрапэўтаў, бо анколягаў бракуе фізычна:

«Інстытуты анколягаў не выпускаюць. Гэта неабходна перавучыцца гатоваму лекару — хірургу ці тэрапэўту».

Жыхарка Сьветлагорску спадарыня Ларыса ў сваю чаргу апавядае:

«Я сама хаджу да анколяга — у мяне самой анкалёгія. Я запісваюся альбо прыходжу сама й бяру талён. Такога не было, каб я не патрапіла да лекаркі. Чарга, канечне, вялікая да яе. Усё-ткі ў Сьветлагорску ўжо каля 80 тысяч чалавек, ды ў раёне яшчэ колькі. І толькі адна лекарка-анколяг. У нас спэцыялістаў наагул мала. Уроляга няма. Быў адзін уроляг, царства яму нябеснае, і ня стала. Нэўрапатоляга ў нас таксама няма. Нам у паліклініцы патрэбны такія спэцыялісты».
XS
SM
MD
LG