Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямейны гвалт: вайна пры зачыненых дзьвярах


У Беларусі дагэтуль няма закону аб барацьбе зь сямейным гвалтам, хоць такі законапраект разглядаўся яшчэ ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.

Гэты факт згадвалі сёньня прадстаўніцы грамадзкіх жаночых арганізацыяў краіны з нагоды таго, што 25 лістапада ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень супраць гвалту ў дачыненьні да жанчын. Ён быў заснаваны Генэральнай асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у сьнежні 1999 году.

Сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» Людміла Пеціна гаворыць, што праблема гвалту ў дачыненьні да жанчын застаецца для Беларусі надзвычай актуальнай:

Людміла Пеціна
Людміла Пеціна
«Штогод зваротаў у праваахоўныя органы ад імя людзей, якія скардзяцца на праблемы і канфлікты ў сям’і, набіраецца больш за 20 тысяч. Гэта вельмі вялікая лічба. Яна сьведчыць пра тое, што ідзе сапраўдная вайна за зачыненымі дзьвярамі ў вялікай колькасьці беларускіх сямей. Пакутуюць ад гэтага ня толькі жанчыны, але і дзеці, пажылыя людзі. І пакуль што эфэктыўных сродкаў прадухіленьня сямейнага гвалту ў Беларусі няма».

У шэрагу краінаў ужо існуюць адмысловыя законы, якія дапамагаюць прадухіляць гвалт над жанчынай і абараняюць жанчын — ахвяр гвалту. У Беларусі такога закону дагэтуль няма, хоць праблема ўжо прызнаная дзяржавай. Аднак, адны ня лічаць яе сур’ёзнай, іншыя кажуць, што на гэта няма бюджэтных сродкаў, тлумачыць Людміла Пеціна:

«Наша арганізацыя цяпер якраз падрыхтавала такі законапраект. І мы робім вялікія намаганьні для таго, каб ён быў прыняты ў бліжэйшыя гады. Бо ёсьць яшчэ і рэкамэндацыя Камітэту ААН аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі. Яна прадпісвае Беларусі паскорыць прыняцьце гэтага закону».

Дапамогай жанчынам — ахвярам сямейнага гвалту актыўна займаецца «Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын». Яе старшыня, Вольга Янчук, апошнія 15 месяцаў зьяўляецца яшчэ і каардынатаркай сеткі зь 19 грамадзкіх арганізацыяў у справе барацьбы з хатнім гвалтам. Спадарыня Янчук гаворыць, што грамадзкасьць працуе ў кантакце з прадстаўніцтвам ААН у Беларусі, Міністэрствам унутраных спраў, а таксама Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны:

«Мы дапамагаем пацярпелым. За апошні час прышлі на дапамогу 232 асобам. Гэта — дапамога юрыста, псыхоляга, кансультацыя спэцыяліста па сацыяльнай працы. То бок гэта непасрэдна тое, што дапамагае ахвяры гвалту зьмяніць сваё жыцьцё, выйсьці зь цяжкой псыхалягічнай, а часам і матэрыяльнай сытуацыі. І гэта трэба рабіць, бо наша статыстыка сьведчыць: кожная трэцяя жанчына цягам жыцьця церпіць ад фізычнага і псыхалягічнага гвалту».

Сёньня ў Беларусі стартаваў і арт-праект, прымеркаваны да міжнароднага дня супраць гвалту ў дачыненьні да жанчын. Гэты праект аб’яднаў шмат жанчын з мастацкага асяродзьдзя, як распавядае Свабодзе старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Радзіслава» Вольга Гарбунова:

«Ідэя гэтай выставы ўзьнікла на падставе таго, што гэтым летам у выніку сямейнага гвалту загінулі сем жанчын. Пра гэта пісалі асабліва інтэрнэт-мэдыі. Але ўсё ішло звычайна ў рубрыцы „Крымінал“. І на наступны дзень на гэта забываліся. Таму нейкай рэфлексіі, абмеркаваньня таго, што гэтыя жанчыны жылі ў атмасфэры хатняга гвалту не адбывалася. І таму мы рашылі, што хоць грамадзтва, магчыма, яшчэ і не гатовае гаварыць пра гэта адкрыта і публічна, ініцыяваць такія дыскусіі. Але паколькі на дыскусіі прыцягнуць людзей надзвычай складана, мы прыдумалі фармат арт-праекту. Задача была — аб’яднаць як мага больш людзей. Гэта — і мастачкі, і музыкі, і артысты, якія будуць ставіць у нас некалькі пастановак».

Таксама сёньня актывісткі жаночых арганізацыяў пад патранажам ААН і Дзяржаўтаінспэкцыі раздавалі кіроўцам сымбаль кампаніі — белую стужку. Гэта знак таго, што чалавек дае абавязаньне ніколі не чыніць гвалту над жанчынамі, не апраўдваць і не замоўчваць такіх фактаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG