Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
«А зямля там поўная малака і мёду...» — сказаў папа Рымскі Урбан ІІ і краем вока зірнуў на натоўп, які сабраўся на галоўнай плошчы Клермона. Натоўп маўчаў, чакаючы, што папа скажа далей. Твары пакуль што былі даволі змрочныя.

«Малака, мёду... — працягваў папа. — Тварагу, кефіру, ацыдафіліну, кумысу, вяршкоў, сьмятаны, масла сялянскага, ражанкі, згушчонкі...»

«Маянэзу,» — пачціва падказаў нехта з рыцараў.

«Маянэзу, — пагадзіўся папа. — І няхай тыя, хто не знайшоў шчасьця тут, знойдзе яго там, і тыя, хто тут быў рабаўнікамі і бандытамі, там зробяцца... »

«Падатковымі інспэктарамі», — нецярпліва прамовіў адзін нізкарослы чалавек, які глядзеў Папу проста ў рот.

«...Адважнымі воінамі, — узьняў Папа указальны перст. — Вызвалім жа Гроб Гасподні ад няверных, ачысьцім Сьвятую Зямлю ад сарацынаў!»

«Так хоча Бог!» — адгукнуўся з палёгкай сход.

Год быў самы спрыяльны для арганізацыі паходу — «той парою была вялікая галеча, нават у заможных людзей, бо не хапала хлеба», — піша храніст. «Бедны люд карміўся карэньнем расьлінаў, багатыя асобы выракалі сябе на скрайнюю ашчаднасьць...» Папа ведаў, што і каму казаць, словы западалі ў душы, як кавалкі «Нарачанскага». Ведаў, што можа абудзіць народ, і Пётра Пустэльнік, манах, вакол якога імгненна згуртаваліся добраахвотнікі, будучыя вызваліцелі таго самага Гроба.

Той Пётра хадзіў басанож, у ваўнянай кашулі з капюшонам на голае цела, хлеба ня еў, малака ня піў, ужываў толькі рыбу і віно — таму ніколі не хварэў, не апускаў носа, меў аўтарытэт і быў, гэткім чынам, як найлепш прыдатны на ролю народнага правадыра. Увесну наступнага году вялікае хрысьціянскае войска зь сялянаў, дробнай шляхты, рамесьнікаў без дыплёму і мэнэджэраў ніжэйшага зьвяна рушыла ў свой першы ўсходні паход. Ніхто зь іх не ўяўляў, дзе тая Сьвятая Зямля, хто там жыве, што за людзі гэтыя няверныя і што рабіць, калі войску пашчасьціць дабрацца хаця б да Канстантынопалю.

Першыя некалькі дзён праляцелі хутка — за сьпевамі рэлігійных гітоў, пікнікамі на ўзбочынах і няспыннай дзяльбой пакуль што не ўвасобленых мараў. Потым ежа скончылася. Вызваліцелі пачалі рабаваць гарады і вёскі, а тых, хто не хацеў карміць адважных ваяроў, забівалі на месцы. Што зробіш, так ва ўсе часы дзейнічаюць усе вызваліцелі — трэба ж на некім трэніравацца перад галоўнай бітвай.

Улетку дваццаціпяцітысячнае войска дабралася да ваколіц бізантыйскай сталіцы. Спалохаўшыся такой канцэнтрацыі рознага зброду ў горадзе, канстантынопальцы пераправілі вызваліцеляў праз Басфор, дзе гэты стракаты натоўп са зьдзіўленьнем знайшлі галаварэзы султана Кылыджы-Арслана. Сэльджукі перабілі амаль усіх гасьцей цягам аднаго дня. Ацалела толькі некалькі тысяч, у тым ліку Пётра Пустэльнік — магчыма, таму, што ён не любіў ні малака, ні мёду, а толькі рыбу і віно, ды часам крывяную каўбаску.

Тым часам у жніўні пачаўся першы сапраўдны, цяжкаатлетычны крыжовы паход, удзельнікам якога пашанцавала больш. Папа Урбан ІІ, зрэшты, так і не даведаўся, што Ерусалім празь некалькі гадоў быў узяты — нібыта ім авалодалі за некалькі дзён да сьмерці Папы, але пакуль вестка дайшла да канцылярыі, Урбан ужо сам быў у мясьцінах, ня надта аддаленых ад сьвятых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG