Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Кажуць, у тую ноч, з 25 на 26 лістапада, Напалеон зусім ня спаў, ледзьве ня кожныя пяць хвілін выходзячы «na peracure». Ён спыніўся ў доме барона Корсака, у маёнтку Радзівілаў каля Старабарысава. Напярэдадні ён пабываў у самім Барысаве, паглядзеў на крыгі, што плылі па Бярэзіне, як нейкая варожая флятылія, на зруйнаваны мост, на дымок, што віўся над расейскай батарэяй, і яшчэ раз падзякаваў у думках аднаму са сваіх генэралаў, які надоечы выпадкова адшукаў брод каля Студзёнкі, кілямэтраў за пятнаццаць вышэй па рацэ. Цяпер усё залежала ад таго, ці павядуцца расейцы на ягоны падман...

І яны павяліся. Ніхто і падумаць ня мог, што францускія атрады, якія пасьвіліся каля моста, яго пасьпешлівы і нейкі бесталковы рамонт, які нічым ня скончыўся — усяго толькі хітрасьць. У гэты час, а восьмай раніцы 26 лістапада, войска Напалеона ў зусім іншым месцы пачало пераправу. Зрэшты, вада была аднолькава сьцюдзёная і там, і тут — тыя з жаўнераў, якія ладзілі пантоны, амаль усе памерлі ад пераахаладжэньня. Аднавокі расейскі фэльдмаршал з галоўнымі войскамі быў у гэты час за сто кілямэтраў ад месца падзей — і калі расейскія атрады знайшлі пераправу, іхных сілаў было замала, каб ёй перашкодзіць.

Пантонных мастоў было пабудавана два: адзін для людзей, другі для транспарту, нагружанага так, што ён амаль плыў па рацэ. Існаваў загад перапраўляць толькі тых, хто меў пры сабе зброю — імпэратару патрэбнае было толькі баяздольнае войска, галодныя, абарваныя няўдахі яго не цікавілі... А такіх было некалькі тысяч. Нягледзячы на цісканіну і хаос, 29 лістапада тое, што можна было ўратаваць, было ўратаванае. Імпэратар апошні раз зірнуў на той бераг і загадаў падпаліць пантоны і рушыць на захад.

На тым беразе гэтаму ня надта ўзрадаваліся. Тысячы салдатаў, якія не пасьпелі пераправіцца, кінуліся ў ваду, спрабуючы прарвацца да сваіх. Тым часам пачалася атака расейскага войска, якое з задавальненьнем дабівала пакінутых жаўнераў імпэратара. Тыя ўскараскваліся на ахопленыя агнём пантоны, падалі, караскаліся зноў...

«А праўда, што гэты маскаль Кутузаў — аднавокі?» — запытаўся француз Ражэ ў свайго тутэйшага таварыша зь дзіўным імем Завальня... Усе яго называлі Бывалы. Яны крочылі поруч па дарозе, раз-пораз азіраючыся на ўсход, дзе ў вечаровым небе можна было разгледзець водбліскі вялікага зарыва.

«Чыстая праўда, — адказаў той. — Турэцкая куля трапіла яму ў левую скронь, праляцела праз нос, як пчала, і выбіла правае вока, быццам корак з бутэлькі шампанскага».

«Ды ну, адкуль ты можаш ведаць, што так усё і было... — засьмяяўся Ражэ. — Пісьменьнік, маць тваю...»

«Мы тут усё ведаем, усё і пра ўсіх, — сказаў Бывалы. — Краіна такая... Ты ідзі, Ражэ, ідзі, я даганю...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG