Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадчык клюба звольніўся з-за ідэалёгіі


Загадчык сельскага Дома культуры ў Слуцкім раёне Аляксандар Туміловіч. Фота kurjer.info

Загадчык сельскага Дома культуры ў Слуцкім раёне Аляксандар Туміловіч. Фота kurjer.info

Загадчык сельскага Дома культуры ў Слуцкім раёне звольніўся, ня вытрымаўшы ідэалягічнага ціску. Гэта здарылася пасьля таго як у ягоным клюбе міліцыя сарвала паказ фільма пра Слуцкі збройны чын.

Аляксандр Туміловіч, загадчык Дома культуры вёскі Казловічы, у якім вечарам 23 лістапада міліцыянты разагналі гледачоў фільма пра Слуцкі збройны чын, напісаў заяву пра звальненьне.

«Не хачу пад такой ідэалёгіяй працаваць»,— кажа Аляксандр Туміловіч.— Я сам напісаў заяву. Ніхто мяне не звальняў. Калі людзям не дазваляюць сабрацца для нечага свайго, то не хачу!— тлумачыць прычыны свайго ўчынку Аляксандр Туміловіч.

Здарэньне, якое адбылося ў суботу, стала для яго толькі штуршком, каб адважыцца на такі ўчынак.

«Кіраўніцтва яшчэ як было рада,— кажа Аляксандр Туміловіч.— Мяне з рэжысэраў здымалі, нават не пытаючыся ў мяне. Я быў рэжысёрам тэатра. Спэктакль мне забаранялі паказваць!»

Аляксандр тры гады ўзначальваў дом культуры вёскі Казловічы. Ягоны заробак складаў 2 мільёны 400 тысяч беларускіх рублёў.

«Вы ж разумееце, што мужчыну ў 42 гады немагчыма з такім заробкам без падпрацовак», — распавядае Аляксандр пра сваё жыцьцё.

Да таго яшчэ два гады працаваў у аддзеле культуры ў гарадзкім Доме культуры Слуцку.

Аляксандр кажа, што мае аўтарытэт і павагу з боку жыхароў і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, дасягнуў посьпехаў у працы. Ягоны спэктакль па п’есе Сяргея Кавалёва «Стомлены д’ябал» быў уганараваны гран-пры фэстывалю «Бярэзінская рампа».

«А ў Слуцку пасьля фэстываля мне яго не дазволілі паказваць! Вы разумееце, што гэта такое? — усхвалявана пытаецца Аляксандр. — Калі забараняюць, значыць, ім ня хочацца. «Мудрамера», клясыка беларускай драматургіі, я паказаў у 2012 годзе. І за яго мяне па поўнай праграме, як ката: «Ты ніхто, казалі!» Ну і вось так... А пасьля «Стомленага д’ябла» гэта быў проста шок! Я прыяжджаю пасьля фэстываля, радасны, з узнагародамі, зь велізарным дыплёмам, які цяпер вісіць у кабінэце дырэктара Дома культуры, і на дзень тэатра хачу паказаць гэты спэктакль, а мне кажуць: «Нет!»

З працай у культуры,— кажа Аляксандр,— давядзецца разьвітацца:

«Але я не перажываю,— працягвае ён.— Шмат каму з работнікаў культуры няма куды пайсьці. А я кіроўца першага клясу, у мяне ўсе катэгорыі. Я мэханік па аўтатранспарце. Маю вышэйшую адукацыю, хай сабе і тэатральную, што дазволіць мне дзе-нідзе ўладкавацца. Плюс таксістаў у нас ніхто не адмяняў!»
23 лістапада людзі сабраліся ў Доме культуры ў Казловічах на прагляд фільма пра Слуцкі збройны чын. Гэта выклікала ўвагу з боку мясцовай міліцыі.
Кіраўнік міліцыянтаў Дзьмітры Шклярэўскі патлумачыў, што ў арганізатаркі імпрэзы Зінаіды Цімошак «няма санкцыі на сустрэчу».

Міліцыянты «больш за дзьве гадзіны вялі допыты, разьбіўшыся на „тройкі“ у 4-5 памяшканьняхДдома культуры. Адны з іх стаялі пры дзьвярах залі, каб суправаджаць на допыты і не даць нікому зьбегчы», — паведаміла Зінаіда Цімошак Радыё Свабода.

Цімошак кажа, што супрацоўнікі МУС высьвятлялі ў прысутных — а сярод іх было шмат людзей сталага веку — ці ёсьць у гэтай сустрэчы палітычны аспэкт.

На імпрэзу Цімошак запрасіла менскага гісторыка Ніну Стужынскую.

Стужынская плянавала паказаць фільм «40 дзён сялянскай рэспублікі». Стужынская спрычынілася да стварэньня гэтага фільма, які ўжо быў паказаны ў эфіры АНТ.

«Сорамна за невуцтва ўладаў», — пракамэнтавала Стужынская дзеяньні слуцкай міліцыі.

На Цімошак міліцыянты склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкулу за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў». Яе папярэдзілі, што справа будзе перададзеная ў суд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG