Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Хоцімску пратэставалі супраць расейскай вайсковай базы


Пікет супраць намераў разьмясьціць у Беларусі расейскія авіябазы адбыўся на пляцоўцы перад будынкам раённага цэнтра культуры ў Хоцімску (Магілеўская вобласьць).

У пікеце ўдзельнічалі:
  • Намесьнік кіраўніка Партыі БНФ Рыгор Кастусёў
  • кіраўніка магілеўскай абрасной арганіўацыі Зьміцёр Салаўёў
  • арганізатар пікету Валер Каранкевіч.

Транспаранты: «БНФ супраць замежных базаў», «Мы самыя здольны абараніць сваю краіну», «Мы не мішэні».

Сьцягі: бел-чырвона-белы, Эўразьвязу, кампаніі «Гавары праўду».

Пікетоўцы раздавалі бел-чырвона-белыя сьцяжкі і ўлёткі з тлумачэньнем, чаму нельга дазволіць разьмяшчэньня ў Беларусі замежных вайсковых базах. У іх адзначалася, што паводле канстытуцыі Беларусь зьяўляецца безьядзернай тэрыторыяй і нэўтральнай дзяржавай.




Арганізатар пікету Валер Каранкевіч у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што беларускае грамадзтва з трывогай успрыняло вестку пра намеры разьмясьціць расейскія авіябазы ў краіне, але людзі баяцца выказваць публічна свой пратэст.

Каранкевіч кажа, што ўлады мусяць правесьці рэфэрэндум, на якім грамадзяне выкажуць бяз боязі сваё стаўленьне да намераў разьмясьціць замежныя авіябазы.

Валер Каранкевіч

Валер Каранкевіч



Намесьнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які таксама ўдзельнічаў у пікеце, кажа: заяўкі на акцыі пратэсту супраць расейскіх авіябазаў падаваліся ў 44 гарадах. Дазволілі толькі ў Хоцімску.

Кастусёў адзначае, што зроблена гэта наўмысна, каб паказаць расейскім уладам, што калі яны ня будуць згаворлівыя зь цяперашнім рэжымам у Беларусі, то да ўлады могуць прыйсьці праэўрапейскія сілы, кшталту БНФ, якія разьвярнуць Беларусь на захад.

Жыхары Хоцімску ў размове з журналістамі зазначалі, што яны наагул ня супраць расейскіх ваенных базаў у Беларусі, але супраць таго, каб іхныя дзеці ваявалі за межамі Беларусі. Аргумэнтавалі пазыцыю тым, што беларусы і расейцы славяне, а на захадзе — ворагі і Беларусь няма каму бараніць.

На пытаньне хто канкрэтна пагражае Беларусі — хоцімцы ня ведалі, што казаць. Некаторыя дакаралі апазыцыянэраў, што тыя ня могуць аб’яднацца.

Паводле кіраўніка магілёўскай арганізацыі кампаніі «Гавары праўду» Сяргея Лапуціна, больш пазытыўнае стаўленьне да пікету было ў моладзі. Маладзёны, кажа Лапуцін, не баяліся падыходзіць да пікету, не адмаўлялася браць бел-чырвона-белыя сьцяжкі і ахвотна фатаграфаваліся на фоне транспарантаў і сьцягоў.

Пікет прайшоў без інцыдэнтаў. На працягу гадзіны, пакуль ён доўжыўся, тэрыторыю ля яго патрулявалі на службовых машынах міліцыянты. Людзі ў цывільным фатаграфавалі ўдзельнікаў акцыі і журналістаў. Ад пікету на яго пачатку адганялі дзяцей, якія з задавальненьнем бралі бел-чырвона-белыя сьцяжкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG