Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі бізнэсмэн інвэстуе грошы ў Берасьцейскую крэпасьць


Ураджэнец Берасьця Ўладзімер Мікулікстаў ініцыятарам рэгенэрацыі Берасьцейскай крэпасьці і заснаваў Фонд разьвіцьця Берасьця.

Надзвычайнасьць праекту "Берасьце-2019"("Брест-2019«) у тым, што галоўны дбайца пра гістарычную спадчыну і крытык сучаснага афіцыёзнага падыходу да рэстаўрацыі Антон Астаповіч ня можа сказаць пра яго аніводнага кепскага слова.

«Берасьце — гэта ўнікальная пляцоўка: сюды прыйшоў інвэстар, які хоча зрабіць усё паводле закону і па мэтодыках. Праект разьвіваецца пазытыўна, — кажа Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў. — Я таксама зьяўляюся ягоным афіцыйным экспэртам».

Заплянавалі, што на тэрыторыі крэпасьці будзе ўтвораная інфраструктура, турыстычныя аб’екты, і такія, каб у турыстаў і гараджанаў зьявіліся новыя матывацыі для наведваньня. Да таго ж, распрацуюць праект рэканструкцыі гістарычнага квартала горада паміж вуліцай Леніна, трасай М1 і вуліцай Герояў абароны Берасьцейскай крэпасьці.



Арганізатары кажуць, што іхняя задача — паказаць тэрыторыю крэпасьці ва ўсёй яе тысячагадовай гісторыі. Цяпер там дзейнічае мэмарыял «Берасьцейская крэпасьць» і працуюць два музэі: «Музэй абароны Берасьцейскай крэпасьці» і архэалягічны музэй «Бярэсьце».
Сам праект «Берасьце-2019» стартаваў яшчэ год таму. Назва яго хутчэй сымбалічная.

«Зразумела, што да тысячагодзьдзя Берасьця, якое прыпадае на 2019 год, вялікіх задум рэалізаваць ня ўдасца, — кажа Астаповіч. — Але тысяча гадоў — важная дата». Каб праект дзейнічаў, заснавалі юрыдычную структуру — Фонд разьвіцьця Берасьця.

Іна Прыляжаева
Іна Прыляжаева
Ідэя ўкараніць у тысячагадовым горадзе самыя сучасныя тэндэнцыі ўрбаністыкі і культуры належыць берасьцейцу па паходжаньні Ўладзімеру Мікуліку.
«Ён бачыў крэпасьць працяглы пэрыяд часу, разумее, што гэта — магутны рэсурс гораду і што зь яе можна зрабіць цікавы гісторыка-культурны аб’ект для наведваньня эўрапейскімі і беларускімі турыстамі», — распавядае Іна Прыляжаева, адна зь сябраў рады Фонду.

Працаваць над канцэпцыяй пачалі яшчэ год таму. Інтэрнацыянальны склад працоўнай групы — разам зь беларусамі працуюць адмыслоўцы з Расеі, Аўстрыі, Літвы — шляхам палкіх дыскусіяў вырашыў: праект рэгенэрацыі мусіць выяўляць усю тысячагадовую гісторыю Берасьця.

Тое, што спрэчкі былі палкімі, пацьвярджае Астаповіч:

«Дыскусія была канцэптуальная: што мы хочам бачыць у Берасьцейскай крэпасьці ў ідэалягічным пляне. Мне давялося досыць доўга дыскутаваць, што нельга накіроўвацца ў тым рэчышчы, што крэпасьць — гэта заходні рубеж Расейскай імпэрыі, як гэта ад пачатку плянавалася. Нельга забываць пэрыяд Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства, і ўвогуле — не забываць, што для тых жа расіян Берасьцейская крэпасьць — гэта блізкая Эўропа. Урэшце рэшт, здаровы сэнс узяў верх», — радуецца Астаповіч.

Аднадушша экспэртаў і практыкаў, далучаных да такога складанага праекта, сапраўды зьдзіўляе:

«Мы бачылі сваю функцыю яшчэ і ў аб’яднаньні супольных намаганьняў, — распавядае Іна Прыляжаева. — Вакол крэпасьці ёсьць музэйна-мэмарыяльная супольнасьць, ёсьць — навукова-дасьледчыцкая, ёсьць проста актыўныя гараджане. Брэст жа ўнікальны горад. Там людзі сапраўды актыўна зацікаўленыя ў захаваньні сваёй гісторыі. І мы бачым сваю мэту ў тым, каб быць мадэратарамі паміж гэтымі суполкамі».

Астаповіч падводзіць вынік супольнай працы на дадзены момант:
«Мы ўсе адзінадушныя ў тым, што мы маем Берасьцейскую крэпасьць — ансамбаль фартыфікацыйных збудаваньняў, які ўзьведзены ў 19 стагодзьдзі. Але ж гэты ансамбаль узьведзены на месцы зьнішчанага сярэднявечнага гораду, які быў адным з самых прыгожых гарадоў Рэчы Паспалітай.
Зараз мы маем бастыённую крэпасьць — адзіную ў Эўропе, якая яшчэ не сапсаваная пазьнейшымі забудовамі, захавала свае аўтэнтычныя рысы.
У першую чаргу мы мусім захаваць і рэгенэраваць комплекс фартыфікацыі. А ўжо ў межах захаваньня і рэгенэрацыі комплекса-ансамбля фартыфікацыі мы павінныя зрабіць вельмі вывераныя крокі, каб на гэтай тэрыторыі інтэрпрэтаваць сярэднявечнае Берасьце. Каб выявіць і праэкспанаваць хаця б на ўзроўні пляніровачнай структуры тое, што было ў сярэднявечным горадзе».
Цяпер праект на стадыі дасьледаваньня. Самае важнае, што ўдалося зрабіць за год — інвэнтарызацыя і дакумэнтацыя спадчыны Крэпасьці. Прыляжаева распавядае:

«Сёньня мы можам сказаць, што апрацавалі 9 тысяч справаў у Расейскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве, у архівах музэяў горада Берасьця і ў архіве Артылерыйскага музэю гораду Санкт-Пецярбургу. Выяўлена 800 дакумэнтаў, якія маюць значэньне пры фармаваньні цэласнага ўяўленьня аб гісторыі крэпасьці. Сфармавана чатыры альбомы з чарцяжамі кожнага аб’екту крэпасьці. Выяўлена 227 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны».



Вынікі гэтага этапу абмяркуюць у суботу на сэмінары «Фартыфікацыйная спадчына Берасьцейскай крэпасьці. Захаваньне і разьвіцьцё».
«Канцэпцыя разьвіцьця крэпасьці ў стадыі фінальнай распрацоўкі, і толькі пасьля гэтага будзем распрацоўваць эканамічную мадэль яе рэалізацыі», — кажа Прыляжаева. Праект рэалізоўваецца пры падтрымцы мясцовага гарвыканкама.

«Праектныя працы, зьвязаныя з інвэнтарызацыяй і дакумэнтацыяй, фінансуе асабіста Ўладзімер Мікулік, — тлумачыць Прыляжаева. — А мы цяпер распрацоўваем праграму фандрайзынгу. Будзем зьвяртацца па дапамогу ў міжнародныя культурніцкія фонды».

Для Іны гэта першы праект такога маштабу:

«Мы хочам, каб турыст, які прыехаў у Берасьце на 1-2 дні, застаўся тут надаўжэй, і яму было чым заняцца».

У якасьці прыкладу прыводзіць расейскі аб’ект рэгенэрацыі Нікола-Ленівец, над якім працавалі ў Расеі.

«Там трохі іншая гісторыя. Там ідзе праца з закінутымі землямі былых калгасаў-саўгасаў, але з дапамогай мастацтва нам удалося прыцягнуць у гэты рэгіён рэгіянальныя інвэстыцыі і прыватныя. На сёньняшні дзень людзі хочуць туды ехаць і жыць там», — распавядае Іна.

Цяпер Нікола-Лянівец — гэта прастора ў 650 гектараў з 28 арт-аб’ектамі, некалькімі буйнымі фэстывалямі, дзіцячым лягерам і рэзыдэнцыямі для мастакоў.

Натхняе далучаных да праекту і ўдзел у ім аўстрыйскага адмыслоўца ў галіне стварэньня музэяў Дзітэра Богнэра. Менавіта Богнэр у 1989 стварыў знакаміты «музэйны квартал» у Вене, што дазволіла прыцягнуць у горад літаральна натоўпы турыстаў. Прычым турыстаў, як кажа Прыляжаева «інтэлігентных і адукаваных».

«Але праект наш — не прывазны, — шчыра радуецца Прыляжаева. — На 80% нашая каманда — гэта актыўныя берасьцейцы. Мы верым, што ён мусіць рабіцца рукамі мясцовых жыхароў. Іншая справа, што маштаб ягоны такі, што трэба прыцягваць спэцыялістаў з розных галінаў, і міжнародных таксама».
За год «берасьцейцамі» сталі і іншагароднія ўдзельнікі:

«Частка нашай расейскай каманды спачатку прыяжджала-ад’яжджала, а пасьля яны сказалі:

«А мы хочам тут застацца», — кажа Іна.

Сама яна палову свайго часу таксама праводзіць у Берасьці. Аднак калі ажыцьцявіцца праект — сказаць пакуль немагчыма.Да абмеркаваньня праекту запрошаныя ўсе зацікаўленыя асобы.

«Мы спадзяемся, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў у Берасьці нешта будзе мяняцца», — кажа Іна Прылежаева.

А пакуль што ўсе жадаючыя могуць наведаць навукова-практычны сэмінар, які адбудзецца ў канфэрэнц-залі Музэя абароны Брэсцкай крэпасьці а 13 гадзіне 23 лістапада. Падрабязная інфармацыя пра праект разьмешчаная на інтэрнэт-старонках www.ibrest.ru, www.brest2019.wordpress.com, www.facebook.com
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG