Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна-Эўразьвяз: хто каго не зразумеў?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Чаму ўкраінскія ўлады адмовіліся падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам? Толькі лянівы не памінае шалёны ціск Масквы і асабістую помсьтлівасьць прэзыдэнта Януковіча. Але ўзьнікае пытаньне, ці толькі гэта і ці пераважна гэта было прычынай.

Узьнікае яно ў сувязі з пазыцыяй ЭЗ і зь яе абгрунтаваньнем: вызваленьне экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі — абавязковая ўмова заключэньня дамовы аб асацыяцыі. Чаму? А таму, што пэўная, дастаткова шчыльная ступень інтэграцыі з Эўразьвязам патрабуе пэўных паводзінаў, адпаведнасьці пэўнаму стандарту. Асацыявацца з ЭЗ ня можа краіна, дзе лідэр апазыцыі сядзіць за кратамі, нават калі яна (ці ён) зусім не анёл.

Праўда? Вось сьпіс краінаў, зь якімі Эўразьвяз мае дамовы аб асацыяцыі.

У тлумачэньні падкрэсьліваецца, што «з 1995 года стан у сфэры правоў чалавека і дэмакратычныя прынцыпы сыстэматычна ўключаюцца ў дамовы і зьяўляюцца іх істотным складнікам». Пакуль усё адпаведна сытуацыі з Украінай.

А далей — краіны, зь якімі ЭЗ меў і мае пагадненьні аб асацыяцыі ў адпаведнасьці з гэтымі высокімі прынцыпамі: Туніс (1995), Эгіпет (2001 год), Лібія (2002 год). Там яшчэ ёсьць парачка ўзораў дэмакратыі і датрыманьня правоў чалавека — Марока (1997 год), Альжыр (2002 год), але дастаткова і названых. У гады падпісаньня дамоваў аб асацыяцыі з Эўразьвязам Тунісам кіраваў Бэн Алі, Эгіптам — Мубарак, Лібіяй — Каддафі, тыраны ў двукосьсі ці безь яго, зрынутыя рэвалюцыямі пару гадоў таму. Як у песьні Галіча — «оказался наш отец не отцом, а сукою». Але для Эўразьвязу наўрад ці была сакрэтам прырода гэтых «бацек», калі яны былі пры ўладзе. Прычым, я пералічыў тыя відавочна (прынамсі, зараз) дыктатарскія краіны, зь якімі адпаведныя дамовы аб асацыяцыі былі заключаныя ў 1995 годзе і пасьля, калі правы чалавека і дэмакратычныя прынцыпы былі істотнай часткай дамоваў.
Гэта я зусім не да таго, каб абвінаваціць Эўразьвяз у двудушнасьці. А адно пра прэцэдэнт, які мае істотнае значэньне.

Гаворыцца, што Ўкраіне прапаноўвалася больш, што пагадненьне аб асацыяцыі зь ёй было больш шчыльным і прасунутым, што яно фактычна было «прадбанікам» да поўнага сяброўства.

Напэўна так, але гэтае больш — яно зь чыйго пункту гледжаньня? У краінах Цэнтральнай Эўропы ў 90-я гады быў нацыянальны кансэнсус наконт жаданьня стаць чальцамі Эўразьвязу, існавала рэальная магчымасьць для гэтых краін уступіць у ЭЗ. І таму эліты гэтых краін былі гатовыя браць на сябе больш жорсткія абавязкі, выканаць якія было складана і эканамічна, і палітычна, але гэта было тое, чаго хацелі і самі эліты, і народы гэтых краінаў. Там и тады больш шчыльная сувязь з ЭЗ, у тым ліку і ў сэнсе стандартаў, сапраўды была большым, што вымагала большых ахвяраў і выпрабаваньняў.

Хіба такая сытуацыя з Украінай? Пералічаныя краіны поўначы Афрыкі паводле пагадненьняў з ЭЗ атрымалі самае «смачнае» для бізнэсоўцаў і эканомік у цэлым — зону вольнага гандлю. І па сутнасьці нічога больш. Але большае для тамтэйшых уладароў азначала абмежаваньне права і магчымасьці гнаіць у турмах сваіх туніскіх, эгіпецкіх і лібійскіх цімашэнак. Што яны рабілі з энтузіязмам і зусім не мелі намеру адмаўляцца ад гэтага права і магчымасьці за дадатковыя эўрапейскія пернікі.

Дык сучасная ўкраінская эліта разважае дакладна гэтак жа. Зона вольнага гандлю — гэта рэальныя дадатковыя даходы ўкраінскіх алігархаў. Праўда, нават гэта прыводзіла ў шаленства Маскву, але калі б на коне стаяла толькі гэта, то ўкраінская эліта гэтаму ціску здолела б супрацьстаяць. Але Ўкраіне ўмовы асацыяцыі прапаноўваліся пакетам: зона вольнага гандлю, але яшчэ і пэўныя правілы паводзінаў у самых розных сфэрах грамадзкага жыцьця — у тым ліку і «Цімашэнка на свабодзе». Для Чэхіі ці Польшчы 90-х гэта было больш, чым тое, што ЭЗ даваў, напрыклад, Тунісу, гэта была пэрспэктыва поўнага сяброўства.

Дайце нам зону свабоднага гандлю і ня лезьце ў нашы ўнутраныя справы, як тады ня лезьлі ў туніскія
Але для сучаснай украінскай эліты суб’ектыўна гэта менш, чым тое, што ЭЗ даўным даўно даў Тунісу. Дайце нам зону свабоднага гандлю і ня лезьце ў нашы ўнутраныя справы, як тады ня лезьлі ў туніскія — гэтага цяперашняя ўкраінская ўлада і блізкія да яе бізнэсоўцы дамагаліся ад Брусэлю.

Ну, не паразумеліся: у Брусэлі ўкраінцаў прынялі за палякаў ці чэхаў узору 90-х (праўда, наўпрост у ЭЗ у агляднай будучыні ніхто Ўкраіну запрашаць не зьбіраўся), ў Кіеве прынялі сябе ў вачах Эўропы за Туніс часоў Бен Алі.

У Маскве, напэўна, зараз адкаркоўваюць шампанскае. І дарма, дарэчы. Справа ў тым, што раптоўная адмова ад асацыяцыі азначае не выбар на карысьць Расеі і яе мытнага саюзу, а вяртаньне да базавай матрыцы ўкраінскай палітыкі найноўшага часу — балянсу паміж геапалітычнымі полюсамі і павольным дрэйфам на Захад. Асацыяцыя з ЭЗ была б кропкай невяртаньня, як ёй было б і ўступленьне Ўкраіны ў мытны саюз на чале з Расеяй. Праблема і Брусэлю, і Масквы палягае ў неразуменьні, што сучасная Ўкраіна проста ня можа зрабіць неабарачальны выбар.

Гэтая сытуацыя можа мець наўпроставыя наступствы для Беларусі. Зразумела, ёсьць пабочныя фактары, якія могуць зьмяніць карціну: а раптам майданчыкі, якія паўстаюць гэтымі днямі ва Ўкраіне, стануць Майданам? Але калі разважаць паводле трэнду, то непадпісаньне на Віленскім саміце Партнэрства дамоваў аб асацыяцыі з Армэніяй і Ўкраінай — гэта, мякка кажучы, не перамога Эўразьвязу.

І гэта спародзіць сытуацыю ростаняў, абцяжараную яшчэ і тым, што гульня паміж ЭЗ і РФ на постсавецкай прасторы калі і не клясычная гульня з нулявой сумай, то блізкая да таго: што прайграе Эўразьвяз, выйграе Расея. Прынамсі, ў сэнсе прэстыжу, але і ня толькі.

ня выключана, што Януковіч сваёй упартасьцю ў пэрспэктыве выбіў ня толькі для Ўкраіны, але і для Беларусі нешта кшталту тых дамоваў, якія Эўразьвяз заключаў у свой час з Тунісам, Эгіптам і Лібіяй
Тое, што ў свой час у праграму Ўсходняга партнэрства запрашалі такія краіны «квітнеючай дэмакратыі», як Азэрбайджан і Беларусь, азначае, што прыроду гэтай гульні эўрапейскія палітыкі разумеюць.

Пасьля Віленскага саміту Партнэрства перад Эўразьвязам паўстануць дзьве магчымасьці: ці паставіць на постсавецкай прасторы па вялікім рахунку тлусты крыж у агляднай пэрспэктыве ці перайсьці да рэйкі больш геапалітычнага падыходу. Апошняе азначае трактаваньне гэтай прасторы як рэгіёну, падобнага на паўночную Афрыку канца 90-х — пачатку нулявых: ну так, своеасаблівыя людзі, не зусім Эўропа (ці зусім не), але важны рэгіён, суседзі. Да таго ж калі ня мы, то Расея.

Віленскі саміт — не апошнім саміт у жыцьці і яно наагул на ім не сканчаецца. Аднак ня выключана, што Януковіч сваёй упартасьцю ў пэрспэктыве выбіў ня толькі для Ўкраіны, але і для Беларусі нешта кшталту тых дамоваў, якія Эўразьвяз заключаў у свой час з Тунісам, Эгіптам і Лібіяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG