Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабравольскі: Мне бліжэй Быкаў і Адамовіч


 Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі

23 лістапада вядомаму апазыцыйнаму палітыку, сябру палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандру Дабравольскаму споўнілася 55 гадоў. Зь ім пагутарыў наш карэспандэнт.

Карэспандэнт: «На нядаўняй прэзэнтацыі кнігі Аляксандра Тамковіча Вы сьпявалі пад гітару. Гэта Вы пад 55 гадоў пачалі сьпяваць?»

Дабравольскі: «Гэта яшчэ ў маладосьці. Я пачаў граць на гітары ў школе. Пасьля, калі вучыўся ва ўнівэрсытэце, сьпяваў у народнай харавой капэле БДУ, у рок-гурце даволі працяглы час быў бас-гітарыстам. Сярод тых, зь кім давялося граць у рок-гурце, застаўся толькі адзін дзейны музыка — гэта Аляксандар Сапега, які грае на бубнах у гурце „Apple tea“. Я хутчэй быў музыкай, чым вакалістам. Але часам даводзілася і сьпяваць зь сябрамі, і яшчэ да гэтага часу магу ўзяць гітару і пасьпяваць разам».

Карэспандэнт: «Але гэта ў цесным сяброўскім коле. Ці Вы можаце і публічна выступаць таксама?»

Дабравольскі: «Я ня думаю, што гатовы публічна выступаць на сцэне. Я ведаю, што гэта такое, мне даводзілася гэта рабіць. І цяпер у мяне ня той узровень, каб публічна выступаць на сцэне. Хаця, калі быў юбілей факультэта радыёфізыкі ўвесну, дык я выступаў публічна. Сьпявалі такія ж простыя людзі — не артысты, а радыёфізыкі».

Карэспандэнт: «А што Вы сьпяваеце, самі пішаце тэксты?»

Дабравольскі: «Мае тэксты мне ніколі не падабаліся, таму я лепш выкарыстоўваю тэксты тых людзей, якія добра ўмеюць перадаць пачуцьці. Я цяпер ня ў тым стане, каб мець нейкі вялікі рэпэртуар. Тое, што засталося ад маладосьці, што мы калісьці гралі, сьпявалі, і тое, што мне цяпер падабаецца. Вось некалькі мэлёдый сам напісаў. Але ўсё роўна лепш сьпяваю чужое, добрае, чым сваё і ня вельмі добрае».

Карэспандэнт: «У Вас ёсьць песьні на вершы Ўладзімера Караткевіча...»

Дабравольскі: «Так, ёсьць тры песьні на вершы Караткевіча. Адзін верш без назову, я яго ўмоўна назваў бы „Забытае сьвятло“. Страфа пачынаецца так „Ўкруг месяца туманнае гало, Мароз ступае адубелым садам“. Яшчэ ёсьць такі верш „Чорная ружа“ і „Месяц заснуў на коміне хаты“. Гэта тры вершы, на якія я набраўся нахабства напісаць мэлёдыі».

Карэспандэнт: «Хто альбо што натхняе Вас на гэту творчасьць, на музыку, на сьпевы?»

Дабравольскі: «Мне проста гэта вельмі падабаецца. Ёсьць у жыцьці шмат прыемных рэчаў і цікавых людзей, якія мяне натхняюць. Я ня думаю, што тут ёсьць адна крыніца натхненьня. Проста мне вельмі падабаецца музыка. Я шмат яе слухаю дагэтуль, самай разнастайнай. Гэта тое, што я люблю».

Карэспандэнт: «А якая музыка Вам падабаецца — сучасная ці клясычная?»

Дабравольскі: «Клясычная музыка мне таксама падабаецца. Можа, у маладосьці яе ня вельмі разумеў, а цяпер лепш разумею. Мне вельмі падабаецца джаз, рок і шмат якая сучасная музыка. У маёй фанатэцы дома можна знайсьці вельмі розную музыку. Бардаўскую, напрыклад: можна знайсьці Зьмітра Бартосіка і гурт «Weather Report».

Карэспандэнт:"Калісьці Вы пачыналі інжынэрам-канструктарам, а гэту справу Вы неяк працягваеце, ці гэта ўжо забыта?"

Дабравольскі:
«Я займаюся электронікай, калі патрэбна штосьці дома зрабіць, адрамантаваць ці нават нешта новае зрабіць. Але даволі рэдка гэтым займаюся. Я ня страціў разуменьня таго, як працуюць розныя электронныя прыстасаваньні, але каб працаваць інжынэрам-канструктарам, распрацоўваць штосьці новае, трэба мець ужо адпаведны досьвед і ведаць, што новае цяпер робіцца. Таму
Электроніка і музыка — маё хобі. І горныя паходы — маё хобі. Але палітыка — гэта мая праца
я ўжо за гэтыя гады, калі зьмяніў сваю прафэсію, фактычна, шмат чаго страціў і добрым інжынэрам-канструктарам ня быў бы. Калі давялося б гэта рабіць, дык прыйшлося б вельмі моцна папацець, каб нешта аднавіць».

Карэспандэнт: «То бок палітыка заняла ўсё Ваша жыцьцё...»

Дабравольскі: «Трэба займацца нечым адным, асноўнай справай. І тады трэба ўсю энэргію туды накіроўваць. А ўсё астатняе — хобі. Электроніка і музыка — маё хобі. І горныя паходы — маё хобі. Але палітыка — гэта мая праца».

Карэспандэнт: «А ў якія горы Вы хадзілі?»

Дабравольскі: «Ня вельмі далёка: гэта Карпаты і Крымскія горы, і крыху Альпы».

Карэспандэнт: «Вы ў сваім жыцьці шмат што заснавалі, шмат у чым бралі ўдзел. А не шкадуеце, што гэта ці тое не ўдалося зрабіць?»

Дабравольскі: «Напэўна, шмат чаго не ўдалося. У сытуацыі, калі ў нашай краіне любая самастойная палітычная дзейнасьць сутыкаецца з такімі перашкодамі, якія немагчыма проста пераадолець, шмат хто, хто дзейнічае і думае самастойна, сутыкаецца з тым, што шмат чаго не ўдалося.

Я думаю, шмат чаго не ўдалося зрабіць нашаму грамадзтву. Я вельмі шкадую, што ня ўдаўся імпічмэнт у 1996 годзе, які мы рабілі. Я разумеў і разумею цяпер, што калі грамадзтва пазбаўляецца выбару, дык краіна пазбаўляецца будучыні. Я быў прадстаўніком групы дэпутатаў па імпічмэнце ў Канстытуцыйным судзе, і, на жаль, гэта справа не была даведзеная да канца.

Я вельмі шкадую, што не ўдалася беларусізацыя. Яна пачыналася, і была тэндэнцыя. Тут галоўнае, калі людзі будуць адчуваць тэндэнцыю, што беларуская мова спатрэбіцца, — тады яны яе будуць вучыць і гаварыць на ёй, рыхтавацца паступаць у ВНУ і вучыцца там на беларускай мове. Вельмі шкада, што гэта не ўдалося. Але тут даводзіцца выбіраць паміж тым, што магчыма. Для мяне значна даражэй жыць у добрых адносінах са сваім сумленьнем, чым рабіць нейкую кар’еру, якая супярэчыць маім перакананьням».

Павал Знавец і Аляксандар Дабравольскі падчас сустэчы дэпутатаў Вярхоўнага савету 13 скліканьня, 15 сакавіка 2013

Павал Знавец і Аляксандар Дабравольскі падчас сустэчы дэпутатаў Вярхоўнага савету 13 скліканьня, 15 сакавіка 2013



Карэспандэнт: «А Вы ня думалі напісаць кнігу ўспамінаў, бо ў Вас такая багатая біяграфія, дэпутацкае мінулае...»

Дабравольскі: «Часам пра гэта думаў, але неяк увесь час нечым іншым займаюся. Відаць, ня маю рацыі, што не пішу гэта. Але нават ня ведаю, ці вазьмуся я за гэту справу. Усё ж гэта вельмі сур’ёзная справа, калі пачынаць яе рабіць».

Карэспандэнт:«Нейкія знакавыя сустрэчы былі ў Вашым жыцьці, пра што Вы хацелі б згадаць?

Дабравольскі: «На той імпрэзе, якая была прысьвечаная юбілею Аляксандра Тамковіча, дзе ён прэзэнтаваў сваю кнігу, да мяне падышла дачка Алеся Адамовіча, і мы пагутарылі. У свой час, калі маё прадпрыемства мяне вылучала кандыдатам у дэпутаты, па паралельнай акрузе наша ж прадпрыемства вылучыла Алеся Адамовіча. І я таксама за гэта змагаўся.

Для мяне дзьве асобы былі вельмі важныя і сустрэчы — вельмі знакавыя. Гэта Васіль Быкаў, які пасьля абраньня мяне дэпутатам у 1989 годзе, на наступны дзень мне патэлефанаваў і павіншаваў. І Алесь Адамовіч. Гэта былі такія сымбалічныя фігуры, і мне вельмі пашчасьціла, што давялося зь імі працаваць тады яшчэ ў Вярхоўным Савеце СССР. Акрамя іх, было вельмі шмат цікавых, выдатных інтэлектуалаў, але мне бліжэй ўсё ж гэтыя дзьве асобы — Быкаў і Адамовіч».

Карэспандэнт: «Для Вас юбілей — гэта больш сямейнае сьвята ці падзея партыйнага жыцьця, палітычнага? Як Вы сьвяткуеце Дні народзінаў? »

Дабравольскі: «Калі мне было 50, дык сабралася вельмі добрая і вялікая кампанія зь вельмі цікавых і прыстойных людзей, і гэта была проста асалода — пабыць разам зь імі. Але 55 — гэта не такі вялікі юбілей. Ды сёлета, на жаль, памерла мая мама, таму мы ня будзем рабіць нешта вялікае. У сям’і зьбяромся, пасядзім разам, пагутарым, і ўсё — будзе маё сьвята».

Карэспандэнт: «Што Вам дапамагае пераадолець страты і непрыемнасьці?»

Дабравольскі: «Па першае, разуменьне сэнсу таго, што я раблю. А па другое, тое, што ёсьць шмат людзей, якіх я паважаю і люблю і якія зьяўляюцца маімі аднадумцамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG