Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марачкін: Я адбітак свайго часу


Мастак Алесь Марачкін прадаў сваю карціну «На лесапавале», забароненую савецкімі ідэолягамі акурат перад акрыцьцём сваёй выставы ў сталіцы.

У мастацкай галерэі ў цэнтры Менску адкрылася выстава Аляксея Марачкіна «стАРТ», на якой сабрана больш за 30 твораў мастака. Многія зь іх створаны ў пэрыяд з другой паловы 1960-х да другой паловы 1980-х гадоў.

Гэта і карціны, напісаныя падчас вучобы на мастацка-графічным факультэце Віцебскага пэдагагічнага інстытуту, і створаныя нядаўна — у часе пленэраў.

Але найбольш чаканая карціна «На лесапавале», арыгінал якой захоўваецца ў галерэі нон-канфармізму ў Нью-Джэрсі (ЗША), і копію якой мастак стварыў адмыслова для выставы, была прададзена літаральна напярэдадні адкрыцьця экспазыцыі. Імя новага ўладальніка пакуль трымаецца ў сакрэце.

«Самае галоўнае, што гэтая выстава прысьвечана памяці выключнай жанчыны для ўсёй нашай культуры — жонцы Аляксея Марачкіна Ірыны. Ірына Сяргееўна была той зоркай, да якой ён, магчыма, імкнуўся дацягнуцца ўсё жыццё, — гаворыць мастацтвазнаўца Галіна Багданава. — Мне здаецца, што з гадамі Марачкін стаў філёзафам. Мужчыны, асабліва ў юнацтве, а гэты мастак застаецца юным і цяпер, бываюць дзёрзкімі, робяць нешта з выклікам. Але на гэтай выставе я бачу мастака-філёзафа, да твораў якога хочацца прыглядацца, услухоўвацца ў тое, што ён хоча сказаць. Мне здаецца, сёньня нам не хапае якраз філёзафаў».

Творчая манэра карцінаў, сабраных у галерэі «Мастацтва», вельмі розная. Раньні жывапіс («Жанчына ў беларускім нацыянальным строі» (1968), «Хатні посуд» (1973), «Жаркім летам» (1972), «Ірына» (1982)) нават нельга аб’яднаць стылістычна. Гэта і агрэсіўны пастозны жывапіс, і рэалістычныя карціны, і нават татальны сыход у дэкаратыўнасьць. Мастак, відавочна, шукаў сябе, у розныя перыяды знаходзіўся на розным творчым узроўні, меў рознае бачаньне. Тым і цікавая гэтая выстава. Як адзначыла нявестка Аляксея Марачкіна Ірына, каб мэтар паказаў свае творчыя пошукі публіцы, ён мусіць мець вялікую ўнутраную сьмеласьць.

Сам Аляксей Марачкін, гаворачы пра свае студэнцкія творы і эксцэнтрычныя тагачасныя выбрыкі, якія не былі даспабоды савецкім чыноўнікам, акцэнтуе ўвагу на тым, што эпоха воляй-няволяй накладае на мастацтва свой адбітак:
Канечне, эпоха накладвае нейкую сваю адметнасьць. І сёньняшняя эпоха дае свой адбітак

«Канечне, эпоха накладвае нейкую сваю адметнасьць. І сёньняшняя эпоха дае свой адбітак. Калі госьці прыяжджаюць у Менск і бачаць гэтыя вуліцы прыбраныя... А як глянеш на гэтую плошчу Незалежнасьці, на гэты псэўдамаўрытанскі стыль, не хачу нікога пакрыўдзіць, але... Гэтыя буслы, гэтыя арнамэнты незразумелыя... А калі паглядзіш на гэтыя скульптуры каля цырку — гэта страшнае нешта. Нават у савецкія часы ўсё-ткі рабілі гэта больш прафэсійна. А зараз такія муляжы... Калі б Лангбард убачыў, што зрабілі з Опэрным тэатрам... Магчыма, і пра мяне будуць гаварыць нешта падобнае. Я таксама адбітак свайго часу...».

Выстава, якая дэманструе творы, зь якіх усё пачыналася, для некаторых стала адкрыцьцём. Напрыклад, для паэта Генадзя Бураўкіна: «Мне здавалася, што я ў Аляксея амаль усё бачыў, але аказваецца, не зусім. Я, можа, не мастацтвазнаўца, але адчуў нейкую эвалюцыю ці, дакладней кажучы, шлях Аляксея як мастака. І ў нечым мне было радасна, што маё ўражанне, якое склалася ад знаёмства з творчасьцю позьняга Марачкіна, не супярэчыла таму, што я пабачыў на гэтай выставе. Што мне дорага ў Аляксея, гэта тое, што ён чалавек зямны, рэалістычны. У сэнсе таго, што ён жыве ў гэтым жыцці ня толькі духоўна, але і сваімі карцінамі.

На адкрыцьці выставы слова бралі старшыня творчай суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў, сын мастака Ігар і нявестка Ірына ды іншыя. Песьні на словы Ларысы Геніюш, Уладзімера Дубоўкі і Сержука Сокалава-Воюша выканала Тацяна Матафонава з сынам Адасем.

Выстава Аляксея Марачкіна «стАРТ» працавацьме да сярэдзіны сьнежня.
XS
SM
MD
LG