Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля таго, як урад Украіны прыпыніў падрыхтоўку пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, у краіне пачаліся акцыі пратэсту.

Апазыцыя зьвярнулася ў суд з пазовам аб прызнаньні незаконным адпаведнага распараджэньня Кабінэта міністраў і патрабуе адстаўкі ўраду Мікалая Азарава.

Нешматлікія акцыі супраць рашэньня ўраду аб згортваньні курсу краіны на эўраінтэграцыю прайшлі ў Харкаве, Данецку, Івана-Франкоўску, Луцку і Львове. Начны мітынг у Кіеве сабраў каля дзьвюх тысяч прыхільнікаў эўрапейскага выбару Ўкраіны. Ужо абвешчана аб правядзеньні бестэрміновых Эўрамайданаў у многіх украінскіх гарадах. Асноўная акцыя з патрабаваньнем падпісаньня пагадненьня Ўкраіны з ЭЗ чакаецца ў Кіеве 24 лістапада, у дзень дзявятай гадавіны «аранжавай рэвалюцыі».



«Палітычная сьмерць»?


На думку былога віцэ-прэм'ера ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Алега Рыбачука, нечаканае для многіх ва Ўкраіне рашэньне Кабінэта міністраў можа азначаць «палітычную сьмерць» для кіраўніка дзяржавы, які прэтэндуе на другі прэзыдэнцкі тэрмін:

«У апазыцыі зьявілася рэальная альтэрнатыва кандыдату ў прэзыдэнты Януковічу – гэта эўрапейскі выбар. Непадпісаньне Ўкраінай пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ канчаткова падзеліць Украіну на дзьве часткі. Рэакцыя для Януковіча, вядома ж, прыніжальная. Для выбарніка, які думае, такога палітыка больш не існуе. І зараз «чорны чацьвер» будзе днём яго палітычнай сьмерці», – перакананы Алег Рыбачук.

Характэрна, што рашэньне ўраду рэзка крытыкуюць нават прадстаўнікі партыі ўлады. Член кіруючай Партыі рэгіёнаў Іна Багаслоўская напісала ў блогу на «Ўкраінскай праўдзе»:

«Ня веру, што Януковіч не разумее, што ён ня мае права страціць гістарычны шанец стаць прэзыдэнтам усёй Украіны. І ня веру, што дэмакратычныя краіны не знойдуць грошай, каб дапамагчы Ўкраіне пакрыць страты ад агрэсіўных незаконных мер Расеі па закрыцьці рынкаў».

Вэрсія пра шантаж Януковіча дакумэнтамі з архіваў КДБ


Парлямэнцкая апазыцыя абвінаваціла ўрад у «дзяржаўнай здрадзе» і ўжо пачала збор подпісаў пад рэзалюцыяй аб недаверы Кабінэту міністраў. Акрамя таго, лідэр Эўрапейскай партыі Ўкраіны Мікалай Кацерынчук зьвярнуўся ў суд з пазовам аб прызнаньні незаконным распараджэньня ўраду аб прыпыненьні эўраінтэграцыі, бо яно «супярэчыць заканадаўству і парушае правы большасьці грамадзян краіны на эўрапейскі выбар».

У тым, што галоўная прычына адмовы ўлады ад збліжэньня з ЭЗ – нядаўнія перамовы ўкраінскага прэзыдэнта з расейскім, перакананы яшчэ адзін паплечнік зьняволенай Юліі Цімашэнкі, дэпутат Вярхоўнай рады Аляксандар Брыгінец.

«Ёсьць вэрсія, што Расея пагадзілася даць Украіне вялікі крэдыт і нейкія прэфэрэнцыі асабіста для ўкраінскага кіраўніка дзяржавы. Існуе таксама вэрсія, што Пуцін мог прад'явіць Януковічу нейкія дакумэнты з архіваў КДБ. Яны могуць быць зьвязаныя з тым, што зь Януковіча ня зьнятыя судзімасьці (ён быў двойчы асуджаны ў маладосьці) або ж меў нейкія іншыя праблемы з законам у савецкі час», – лічыць Аляксандар Брыгінец.

Эканамічны ціск і шантаж з боку Расеі перашкаджае Кіеву падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Пра гэта прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч сказаў у тэлефоннай размове з Даляй Грыбаўскайце – прэзыдэнтам Літвы, якая старшынюе ў ЭЗ. Паводле дарадцы Грыбаўскайтэ па вонкавай палітыцы Ёвіты Нялюпшэне, Януковіч расказаў пра пагрозы Расеі абмежаваць імпарт украінскіх тавараў, што можа прынесьці Ўкраіне мільярдны страты.

Уладзімер Пуцін абвінаваціў эўрапейскія краіны ў ціску на Ўкраіну для падпісаньня гэтай краінай дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ у гандлёва-эканамічнай сфэры.

«Па сутнасьці, мы пачулі пагрозы з боку нашых эўрапейскіх партнэраў у дачыненьні да Ўкраіны, аж да спрыяньня правядзеньню масавых акцый пратэсту», – заявіў Пуцін журналістам. «Вось гэта і ёсьць ціск , вось гэта і ёсьць шантаж», – сказаў ён. Паводле яго, «ці паддасца Ўкраіна і ўкраінскае кіраўніцтва гэтаму шантажу, будзе зразумела ў бліжэйшыя некалькі дзён». Прэзыдэнт Расеі адзначыў, што падпісаньне Ўкраінай дамовы з ЭЗ «можа проста забіць цэлыя галіны эканомікі».

Між тым, прадстаўнік Украіны ў Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Суслаў заявіў, што пагадненьне аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам яшчэ можа быць падпісана на саміце «Ўсходняга партнэрства» 28-29 лістапада ў Вільні. Па словах Суслава, гэта можа адбыцца ў выпадку правядзеньня дзейсных трохбаковых кансультацый паміж Украінай, Расіяй і ЭЗ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG