Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 лістапада: Дзень памяці Кіркора; у Віцебску – выцінанкі; у Менску – выстава катоў


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Забаўлянкі для Янкі. Майстар-клас выцінанак пройдзе ў залі «Залатога кола Віцебску „Дзьвіна”» (Віцебск, Чайкоўскага, 3). Майстар-клас будзе праводзіць мастачка Вольга Арасланава. Пачатак а 12.00.

У Нацыянальным выставачным цэнтры (Менск, Янкі Купалы, 27) адкрыецца двухдзённая выстава катоў. Больш за 400 катоў 40 пародаў будуць прэтэндаваць на чэмпіёнскія тытулы найвышэйшых рангаў, уключаючы самы ганаровы тытул «Чэмпіён сьвету».

У Маскве адбудзецца Агульнарасейскі грамадзянскі форум. Да ўдзелу запрошаны праваабарончыя, экалягічныя, валянтэрскія, асьветніцкія, дабрачынныя і іншыя арганізацыі, гатовыя да абмену вопытам і выпрацоўкі сумесных пазыцый.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1793 – скончыўся Гарадзенскі сойм, апошні сойм Рэчы Паспалітай. Арганізацыяй сойму займаўся расейскі амбасадар Якуб Сіверс. У Горадні разьмясьцілася вялікая колькасьць расейскіх войскаў. Дэпутатаў, якія прыбылі на сойм, актыўна запужвалі ці прапаноўвалі хабар. Паводле задумы Кацярыны II гэты сойм мусіў прызнаць тэрытарыяльныя прэтэнзіі Прусіі і Расеі, і такім чынам замацаваць другі падзел Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на ціск Сіверса, дэпутаты доўгі час адмаўляліся падтрымаць патрабаваньні Расеі. 23 верасьня адбылося гэтак званае «нямое паседжаньне». На чарговы зварот Сіверса прыняць прапанову Кацярыны ІІ дэпутаты маўчалі. Гэта працягвалася некалькі гадзінаў. Урэшце маршалак сойму сказаў, што маўчаньне азначае згоду. Дамова была прынятая.

1953 – уведзена ў эксплуатацыю Асіповіцкая ГЭС.

У гэты дзень нарадзіліся:

1910 – Зьмітрок Астапенка, беларускі паэт і празаік.

1933 – Кшыштаф Пэндэрэцкі, польскі кампазытар.

1958 – Аляксандр Дабравольскі, беларускі палітык.

У гэты дзень памерлі:

1886 – Адам Кіркор, грамадзкі дзяяч, этнограф, публіцыст. Кіркор як адзін зь першых пазнаёміў навуковы сьвет Расеі і Польшчы з багацьцем духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, адлюстраваў гістарычныя і этнаграфічныя своеасаблівасьці беларускага народу, даў этнічную і сацыяльна-побытавую характарыстыку тыпаў беларусаў, адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных, фальклёрных відаў творчасьці.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Я люблю Беларусь, як каханак, як сын,
І таму не трываю пякельнага болю,
Што пастаўленым слупам, дзе шэпчуць лясы,
Падзяляецца напал радзімае поле.

І на гэтай палове, дзе ўсе мы жывем,
І дзе нашая доля ўзрастае, мацнее,
Мы складаем пякельныя песьні паэм,
Што дыктуюцца словам пахмурнага гневу.


Зьмітрок Астапенка
XS
SM
MD
LG