Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рагачоў: рэдактар сайту знайшоў свае кампутары ў міліцыі


Дзяніс Дашкевіч

Дзяніс Дашкевіч

У Рагачове галоўны рэдактар мясцовага сайту vrogacheve.ru Дзяніс Дашкевіч, у кватэры якога супрацоўнікі Сьледчага камітэту сканфіскавалі два кампутары і мадэм «Белтэлекама», 22 лістапада шукаў сваю аргтэхніку. Высьветлілася, што яна знаходзіцца ў райаддзеле міліцыі й будзе накіраваная на экспэртызу.

Два сыстэмныя блёкі кампутараў і мадэм у Дзяніса ў кватэры забралі ўвечары 19 лістапада супрацоўнікі, якія назваліся прадстаўнікамі Сьледчага камітэту. Падставай для ператрусу стала заява намесьніка старшыні райвыканкаму Васіля Каральчука на зьмешчаны на сайце vrogacheve.ru матэрыял, які нібыта ўтрымлівае абразьлівы зьмест.

Дашкевіч: «Я спрабаваў высьветліць, як рухаецца крымінальная справа і дзе знаходзяцца мае кампутары. У аддзеле Сьледчага камітэту заявілі, што ніякіх адносінаў да падобнай крымінальнай справы ня маюць. Параілі зьвярнуцца ў РАУС. У райаддзеле міліцыі перанакіравалі спачатку назад — у сьледчы аддзел, але ў выніку ўсё-ткі ў РАУСе знайшлася гэтая справа...

Такога беззаконьня я яшчэ ня бачыў. Нават пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, калі былі ператрусы, выдавалі нейкія дакумэнты, што кампутары канфіскавалі. А цяпер пастановы на вобшук не было, а было нейкае накіраваньне на агляд памяшканьня. Кампутары проста так забралі разам з мадэмам. І ніякіх дакумэнтаў мне не пакінулі».

У міліцыі Дзяніса Дашкевіча запэўнілі, што крымінальнай справы за абразу прадстаўніка ўлады яны не распачыналі:

«Са слоў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, крымінальная справа не распачата. Вядзецца толькі праверка. Кампутары на дадзены момант знаходзяцца ў Рагачоўскім РАУСе. Плянуецца адправіць іх на экспэртызу ў Гомель».

Спадар Дашкевіч кажа, што для яго засталося незразумелым, чаму забіраць кампутары да яго на кватэру прыходзілі не міліцыянты:

«Застаецца незразумелым, чаму ў такім разе да мяне дадому прыходзілі не супрацоўнікі міліцыі, а прыходзіў адзін супрацоўнік пракуратуры (у бліжэйшы час я зьмяшчу відэа ў інтэрнэце) і чалавек у цывільным са Сьледчага камітэту».

Зьдзіўляецца рэдактар сайту і таму, што кампутары наагул забралі, бо ад матэрыялу на сайце пра намесьніка старшыні райвыканкаму ён не адмаўляецца.

Сам Васіль Каральчук, намесьнік старшыні райвыканкаму у пытаньнях ідэалёгіі, культуры й сацыяльнай палітыкі, не захацеў камэнтаваць нейкія падрабязнасьці. Кажа толькі, што інтэрнэт — гэта ня плот, дзе можна пісаць што заўгодна:
Мне самому гэта непрыемна, але гэту брахню трэба калісьці спыняць

«Мне самому гэта непрыемна, але гэту брахню трэба калісьці спыняць. Калі б там былі сапраўдныя мужыкі, дык мы высьветлілі б адносіны па-мужчынску. Але паколькі іх, на тым баку, я не магу такім словам назваць, дык я вымушаны быў напісаць заяву. Яны пішуць усялякую лухту. Яны нашага былога старшыню Віктара Леанідавіча Банчука палівалі брудам як маглі. Яны, відаць, думаюць, што інтэрнэт — гэта як плот: напісаў — і вісіць. Я так не лічу. Чалавек паліў брудам кагосьці — ён за гэта павінен адказваць».

Каля двух гадоў таму міліцыя правярала Дзяніса Дашкевіча на прадмет аўтарства на сайце vrogacheve.ru шэрагу публікацый пра былога кіраўніка раёну. Аднак адміністрацыйная справа скончылася нічым: не было даказана, што Дзяніс Дашкевіч меў да публікацыяў асабістае дачыненьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG