Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяскоўцы: «Зачынілі сельскі савет. Мы — супраць, ды хто нас слухаў?»


Будынак сельсавету на Меншчыне

Будынак сельсавету на Меншчыне

На Магілёўшчыне ліквідаваныя 16 сельскіх саветаў. Такое рашэньне прынялі дэпутаты абласнога савету на пазачарговай сэсіі.

У афіцыйных тлумачэньнях заяўляецца, што адміністрацыйна-тэрытарыяльныя зьмены ўзгадняліся з пазыцыяй насельніцтва. Тым часам самі вяскоўцы да скарачэньня сельсаветаў ставяцца нэгатыўна. У некаторых вёсках жыхары актыўна выступалі супраць скасаваньня прадстаўнічага мясцовага органа ўлады. Два сельсаветы ў Бабруйскім і Асіповіцкім раёнах вяскоўцам удалося абараніць.

Вяскоўцы лічаць, што іхныя паселішчы пасьля ліквідаваньня сельскіх саветаў асуджаныя на выміраньне. Сытуацыю ўскладняе і тое, што ў бальшыні вёсак пануе паняверка і безграшоўе. Вёска Кароўчына, якая ў Дрыбінскім раёне, — адна з такіх. Пасьля Чарнобыльскай катастрофы тут асела шмат перасяленцаў. Для іх узьвялі цэлы пасёлак. Цяпер жа ўсё ў вёсцы паволі занепадае, кажа адна з жыхарак:

«Сход быў. Усе людзі былі супраць. Подпісы зьбіралі. Але што ад нас залежыць. Усё ж вырашаецца зьверху. Саўгас разваліўся. Цяпер сельсавет таксама. Працаваць людзям няма дзе. Кароўчына хаваюць цалкам. Тут жа тысячу чалавек жыве. Дзіцячы садок зачыняюць. Яго пераводзяць у школу. А што там, у школе? Таксама дзесяць чалавек. Няма грошай утрымліваць дзіцячы садок. Пэрспэктываў абсалютна ніякіх няма ў гэтым Кароўчыне».

Ліквідуюць сельсавет і ў старажытным Баркалабаве, што ў Быхаўскім раёне. Стаўленьне вяскоўцаў да скасаваньня мясцовага савету таксама нэгатыўнае, хаця людзі і прызнаюць, што рэальных паўнамоцтваў у прадстаўнічага органа на сяле не было. Тым ня менш, вяскоўцы лічаць яго неад’емнай часткай свайго жыцьця.

«Вядома ж, ён патрэбны нам. Вось якую даведку выпісаць — куды ісьці? Відаць, цяпер эканомія ва ўсім. Сельсавет у нас вялікі быў. Людзей, аднак, з кожным днём усё меней і меней. Моладзь не застаецца. У калгасе заробкі нізкія. І выбару няма ніякага. Калі ў нас быў свой калгас, намнога было лягчэй. Цяпер мы як адшчапенцы. І тое ж самае з сельсаветам. Школа ў нас ёсьць, але ж яна на рамонце. Улетку гулялі — ня трэба быў рамонт, а цяпер робяць яго. Школьнікам даводзіцца езьдзіць у Быхаў», — кажа пра вясковае жыцьцё жыхарка Баркалабава.

У Чавускім раёне зьнікне сельсавет у вёсцы Сласьцёны. Мясцовыя жыхары заяўляюць, што яны супраць скасаваньня савету, аднак іх ніхто чуць ня хоча. Адно зь меркаваньняў:
Быў сельсавет — яго зачынілі. Быў калгас — яго ўпёрлі ў другі калгас. Зачынілі ў вёсцы ўсё. Няма Сласьцёнаў

«Як мы можам быць задаволеныя? Быў сельсавет — яго зачынілі. Быў калгас — яго ўпёрлі ў другі калгас. Зачынілі ў вёсцы ўсё. Няма Сласьцёнаў. Калі шчыра, дык людзі паміраюць, але людзі яшчэ ёсьць троху. Людзі былі супраць, але людзей ніхто ня слухае. Ёсьць і школа сярэдняя, і ў ёй — садок дзіцячы. Засталося толькі школу зачыніць — і ўсё. Астатняе зачынена. Кантору зачыняюць. Майстэрні таксама, відаць. І апошнія людзі зьедуць».

У Асіповіцкім раёне жыхары вёскі Сьвіслач абаранілі сельсавет. Тое ж удалося і жыхарам вёскі Вішнёўка Бабруйскага раёну. Мясцовыя жыхары, кажуць, дамагліся свайго дзякуючы супольным намаганьнямі.

Дэпутаты аблсавету прагаласавалі аднагалосна за скасаваньне 16 сельсаветаў і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя зьмены. Заяўляецца, што з насельніцтвам была праведзеная руплівая праца. Скасаваньне сельсаветаў тлумачыцца эканамічнай мэтазгоднасьцю. Пра людзкую незадаволенасьць у афіцыйных паведамленьнях не было сказана ні слова. Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік, тым ня менш, адзначыў:

«Калі мы пачынаем у населеных пунктах такія ўстановы зачыняць, дык гэта прыводзіць да таго, што населеныя пункты трапляюць у катэгорыю непэрспэктыўных. Вось тут неабходна, каб мы не перагнулі палку ў частцы таго, што пасьля гэтага сапраўды паскорым гэты працэс».

Дэпутат Асіповіцкага райсавету Аляксей Цюлькоў лічыць, што вяскоўцы, асабліва людзі сталага веку, пратэстуючы супраць ліквідаваньня сельсаветаў, бароняць свой звыклы лад жыцьця. Акрамя таго, адзначае дэпутат, вяскоўцы цяпер насьцярожана ставяцца да ідэяў улады, бо крэдыт даверу невысокі. Сябра аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя канстатуе:

«Калі Саветы будуць самастойна рэальна фармаваць свой бюджэт і ім распараджацца, дык, безумоўна, гэтыя структуры неабходныя. Іншыя справа, што на сёньняшні дзень Саветы ўсіх узроўняў ня маюць фактычна ніякіх уласных паўнамоцтваў, яны — дэкаратыўнае ўтварэньне».
XS
SM
MD
LG